У папраўчай калёніі № 22 пад Івацэвічамі (яе яшчэ называюць «Воўчыя норы» ад назвы ўрочышча) адбылася аварыя сыстэмы ацяпленьня, паведаміў праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM, але не ўдакладніў час аварыі.
Паводле крыніцаў каналу, аварыя здарылася падчас маразоў: разарвала трубаправодную сыстэму, у час рамонту значна зьнізілася тэмпэратура ў будынках калёніі.
10 лютага Свабодзе ўдалося спраўдзіць гэтую інфармацыю ў самой калёніі. Дзьве крыніцы пацьвердзілі, што аварыя сапраўды была і што тэмпэратура ў бараках для вязьняў застаецца нізкай.
«Так, было. На мінулым тыдні, калі маразы стаялі. Але за ноч адрамантавалі, цяпло ёсьць», — расказаў Свабодзе пра аварыю супрацоўнік калёніі на ўмовах ананімнасьці.
У ягоным працоўным кабінэце на момант размовы было цёпла.
Вязень калёніі М. у тэлефоннай размове з сваяком назваў цяперашні тэмпэратурны рэжым у спальных памяшканьнях калёніі «намінальным».
«Сказаў, што ў бараку сапраўды холадна, але што ацяпленьня зусiм няма, не пацьвердзiў», — перадаў яго словы сваяк.
У ноч на 3 лютага тэмпэратура ў Івацэвіцкім раёне падала да −25 градусаў. У ноч на 10 лютага тэмпэратура пад Івацэвічамі апускалася да −15,7 градуса.
Зімовыя варункі ў «Воўчых норах»
У ПК-22 «Воўчыя норы» трымаюць каля 2,5 тысячы зьняволеных. Калёнія знаходзіцца за 20 км ад Івацэвічаў, на месцы былой савецкай вайсковай часткі, інжынэрныя сеткі да якой будаваліся даўно і цяпер вельмі зношаныя.
Пра пастаянныя рамонты цепласетак, перабоі ў забясьпячэньні ня толькі вадой, але і сьвятлом у ПК-22 Свабодзе расказаў былы палітвязень Аляксандар, які адбыў у «Воўчых норах» два гады.
Аляксандар (імя зьмененае з прычынаў бясьпекі) вызваліўся мінулым летам. Паводле былога палітвязьня, сыстэма забесьпячэньня вадой і цяплом у калёніі старая, сур’ёзныя аварыі ў ёй цалкам магчымыя, пагатоў у час нагрузак, якія павялічваюцца ў маразы.
«Гэта ж былая савецкая вайсковая частка, сеткі старыя. У кожным разе за мае два гады рэгулярна здараліся розныя аварыі. Каб цяпла зусім не было, такога не прыгадаю, рамонтнікі ўсё ж працуюць. Але здаралася, што на некалькі дзён адключалі падачу вады, і даводзілася хадзіць па ваду да нейкай ёмістасьці. Сьвятло рэгулярна зьнікала на працяглы час, а гэта таксама вялікая праблема для вязьняў, бо тады і гарбаты не згатаваць, і ліста не напісаць», — расказаў Аляксандар.
Паводле Аляксандра, звычайна зімой у сэкцыі (памяшканьне, дзе сьпяць вязьні адной брыгады) батарэі былі крыху цёплымі нават у моцныя маразы. Для тых, хто не ідзе на працу з прычыны пэнсійнага ўзросту ці хваробы, а застаецца ў атрадзе, гэта ўсё ж лепш, чым быць на марозе. Хоць і ім даводзіцца стаяць гадзінамі на розных праверках. Але тым, хто працуе і большасьць часу праводзіць на «промцы» (прамысловы ўчастак. — РС), у вялікія маразы, паводле Аляксандра, вельмі складана.
Хоць на прамысловым участку ёсьць магчымасьць крыху пагрэць ад батарэі рукі ці прытуліцца да яе сьпінай, але «потым зноў ідзеш на мароз, і адчуваньне холаду ніколі не зьнікае», — згадвае Аляксандар.
«У нас у цэху была такая, як мы яе называлі, гардэробная, дзе можна было зьняць верхнюю вопратку і надзець працоўную, калі такая была, ды яшчэ схадзіць у прыбіральню і памыць рукі. У гэтай гардэробнай былі цёплыя батарэі, якія бліжэй да вечара награваліся, калі палілі ў кацельні, каб даць гарачую ваду для душу. Там нельга было знаходзіцца даўжэй, чым для пераапрананьня, але яшчэ памятаю часы, калі людзі там хаваліся, каб перачакаць непагадзь — дождж, вецер, мароз — і за гэта іх не ганялі. Але недзе з пачатку 2025 году гэтую гардэробную сталі зачыняць.
Быў там такі майстар, дарэчы, з цывільных, які пачаў зачыняць гэты гардэроб на ключ, ды яшчэ загадаў адтуль вынесьці ўмывальнік, каб не было падставаў туды заходзіць. І вось уявіце: вы амаль з 6 раніцы фактычна на холадзе, бо спачатку зарадка, потым шыхтаваньне і праверка, а гэта больш за паўгадзіны на марозе, потым сталоўка і адтуль адразу „промка“, а там зноў праверка. Пераапранаесься, выходзіш з гардэробнай, яе зачыняюць на ключ — і ў выніку цэлы дзень дубееш на марозе. І схавацца няма дзе. Таму калі там праз аварыю не было цяпла або цяпло давалі мінімальна, дык людзі натуральна мёрзлі і на „промцы“, і потым у бараку», — распавядае Аляксандар.
Аляксандар кажа, што нядаўна ён адмыслова кантактаваў з былымі палітвязьнямі з сваёй калёніі, якія вызвалілся ў сьнежні 2025 году, і даведаўся, што там нічога не зьмянілася.
«Расказалі, што як было, гэтак і цяпер: калі дзяжурыць той майстар, дык і цяпер замыкае на замок гардэробную, і ўжо ніяк не пагрэцца каля батарэі. А гэта значыць, што хлопцы ўвесь час мусяць працаваць на марозе. Удзень там мінус 10, а то і мінус 15. Як гэта вытрымаць, не ўяўляю», — сказаў Аляксандар пра ўмовы ў калёніі «Воўчыя норы».
Паводле Аляксандра, ня лепшы час для вязьняў і міжсэзоньне — вясна і восень, калі ацяпленьне не працуе, а цяпло не наступіла ці ўжо сышло.
«Таксама ўсім вельмі цяжка, бо начамі пад нуль градусаў, а батарэі ня грэюць, бо эканомяць на дровах. Летась у красавіку — траўні было гэтак вельмі холадна, і ў калёніі, па маіх зьвестках, памерлі трое вязьняў. Адзін дакладна ад холаду. Ведаю, што ён сядзеў у ШЫЗА і там грукаў у дзьверы, прасіў выпусьціць, бо замярзаў — гэта чулі хлопцы, якія былі ў іншых камэрах і потым пра яго апавядалі. Дакладна ведаю, што ён памёр, а дактары напісалі, нібыта сьмерць наступіла ад хваробы сэрца. Можа і ад сэрца, але давялі яго да сьмерці праз тую маразілку ў ШЫЗА», — мяркуе Аляксандар. (Былы палітвязень назваў прозьвішча памерлага, якое ёсьць у рэдакцыі. — РС).
Паводле Аляксандра, пасьля сьмерці вязьня ў ШЫЗА ў калёнію прыехала праверка, і адміністрацыя адразу ўключыла ацяпленьне.
«А на шыхтаваньні вязьням дазволілі дадаткова ўцяпляцца — надзяваць пад курткі майкі, кашулі, хто што мае. Звычайна кантралёры сочаць, каб гэта нічога не было пададзета, а тут самі дазволілі. Але як правяральнікі зьехалі, то ўсё хутка вярнулася», — расказаў Аляксандар.
Халодныя камэры і ШЫЗА
За час зьняволеньня Аляксандру таксама некалькі разоў даводзілася адбываць дысцыплінарныя пакараньні ў ШЫЗА калёніі «Воўчыя норы». Як «самую халодную» ён згадаў камэру № 1 і зазначыў, што дзьверы гэтай камэры зробленыя такім чынам, што ў ёй заўсёды моцны скразьняк. «Там жудасныя ўмовы», — згадвае Аляксандар некалькі восеньскіх дзён, праведзеных у камэры № 1.
Асобная праблема ўзімку, пра якую таксама згадаў Аляксандар, гэта адчыненыя вокны ў бараку, дзе начуюць вязьні. Аляксандру, зь ягоных словаў, не пашанцавала — трапіў акурат у такую сэкцыю, дзе вязьні адчынялі вокны нанач і ў мароз.
«Праз гэта былі канфлікты, нават да боек даходзіла паміж прыхільнікамі „сьвежага паветра“ і тымі, хто скардзіўся на холад. Мёрзьлі дадаткова, але што зробіш», — апавёў Аляксандар.
Гэтая інфармацыя Аляксандра збольшага адпавядае таму, што пра «Воўчыя норы» згадаў былы палітвязень Сяргей (імя зьмененае на ягоную просьбу), які адбываў у ПК-22 пакараньне ў 2022-23 гадах. Сяргей таксама прыгадаў, што зімой у атрадзе было прахалодна — «часам даводзілася стаяць апранутым». Праўда, паводле Сяргея, значных аварыяў ацяпляльнай сыстэмы ў ягоную бытнасьць у калёніі не здаралася.
Паводле Сяргея, гарачай вады ў бараку ўвогуле ніколі не было і да гэтага ўсе прызвычаіліся.
«Гарачая была толькі на „промцы“ і яшчэ ў лазьні, куды вадзілі раз на тыдзень», — згадаў Сяргей.
Сяргей таксама назваў як праблему тое, што ў пакоях бараку вязьні трымалі вокны адчыненымі.
«У некаторых, бывала, і ноччу не зачынялі вокнаў, усё праветрывалі, а хлопцам было вельмі холадна. Але ў нашай сэкцыі такога не было, мне пашанцавала», — згадаў Сяргей.
Форум