Як паведамляюць з праваабаронцы з ініцыятывы @MAYDAYMog, паводле іх крыніцы, адміністрацыя жаночай папраўчай калёніі была вымушаная наладзіць асобны падвоз вады ў так званую «гасьцініцу» для працяглых спатканьняў на тэрыторыі калёніі, у будынках якой у водаправоднай сыстэме вады не было некалькі дзён з моманту пачатку моцных маразоў, калі тэмпэратура падала да мінус 24 градусаў.
«З гэтага сваякі асуджаных робяць выснову, што вады няма ва ўсёй калёніі. Абмяркоўваць гэтую тэму вязьням строга забаронена»,— пішуць праваабаронцы.
За пацьверджаньнем зьвестак Свабода зьвярнулася да крыніцаў, якія кантактуюць з сваякамі асуджаных у ПК-4, а таксама да былых палітзьняволеных жаночай калёніі.
Спраўдзіць гэта ў самой калёніі не атрымалася.
Юлія, актывістка ініцыятывы «Ружовыя хусьцінкі», якая займаецца дапамогай зьняволеным жанчынам, на пытаньне Свабоды пра сытуацыю з вадой у ПК-4 адказала: «Сваякі, хто быў на працяглым спатканьні раней сказалі, што вада была. Іншае пытаньне, што гэта было на мінулым тыдні. Можа, на гэтым тыдні нешта іншае».
«Каб наогул не было вады, бывала пры нейкіх плянавых адключэньнях гадзіну-дзве, не болей. Гарачай вады магло не быць летам некалькі тыдняў і нават месяц праз прафіляктычныя працы. Узімку наогул каб больш за 2 гадзіны не было вады, пры мне такога не здаралася. Але, відаць, і такіх маразоў таксама тады не было», — распавяла журналістка Ларыса Шчыракова, якая ў ПК-4 адбывала пакараньне ў 2024-25 гадах.
Пра перабоі з вадой у калёніі згадала былая выкладчыца менскага Лігвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Дуліна. Але зімовых аварый экс-палітзьняволеная не памятае.
«З вадой бывалі кароткачасовыя збоі, але ўсё адразу рамантавалася. Таксама бывалі выпадкі аварый, здаецца, на гарадзкіх трасах, калі ў нас доўгі час адсутнічала гарачая вада. Былі выпадкі, калі ад моцных залеваў затапляла падвальныя паверхі — бібліятэку, спартзалю, тэлефонны пункт. З гэтым давалі рады, вядома, сіламі рамонтнікаў, асабліва „хімікаў“, якія там працуюць сантэхнікамі, электрыкамі і г.д. А жанчынам даводзілася вычэрпваць ваду з затопленых памяшканьняў. Я ня думаю, што такія рэчы можна схаваць, ня думаю, што вады няма па ўсёй калёніі. Вы ўяўляеце, што адбудзецца, калі паўтары — дзьве тысячы асуджаных застануцца без прыбіральні? А сталовая? Не сумняваюся, што нешта будзе зроблена», — гэтак пракамэнтавала зьвесткі пра магчымыя перабоі з вадой у ПК-4 Натальля Дуліна, якая вызвалілася летась пасьля 2 гадоў знаходжаньня ў гэтай калёніі.
Былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк прабыла ў гомельскай жаночай калёніі са жніўня 2021 году па красавік 2022 году.
«Дакладна пры мне ў Гомлі не памятаю нечага надзвычайнага, бо ў маразы ўжо кінулі ў ШЫЗА. Але бывала, што і вада прападала і сьвятло, на дзень-два», — згадала Паліна.
Бягучы тыдзень быў самы халодны цягам зімы 2025-2026 гадоў. У Гомлі ў ноч на 2 лютага было −23 градусы, 3 лютага было — 20 градусаў, у ноч на сераду, 4 лютага тэмпэратура апускалася да −19.
Форум