Сьледчыя назвалі імёны 13 расейскіх вайскоўцаў, якіх падазраюцца ў забойстве мірных жыхароў пад Кіевам

Расейскія салдаты абстралялі машыну ў Кіеўскай вобласці. 2022

Некаторыя зь іх ужо загінулі ў баях.

Як паведамляе брытанская газэта The Sunday Times са спасылкай на зьвесткі ўкраінскай паліцыі і спэцслужбаў назвала імёны 13 расейскіх вайскоўцаў, якія падазраюцца ў забойствах мірных грамадзян Украіны на Жытомірскай шашы ў Кіеўскай вобласьці.

Паводле інфармацыі выданьня, гэта вайскоўцы з 5-й асобнай танкавай брыгады: падпалкоўнік Раман Нікалаенка, маёр Тхара Абатаеў, лейтэнант Данііл Ішчанка, старшы сяржант Бялікта Будаеў, малодшыя сяржанты Чынгіс Тарашынаў і Аляксей Чурын, яфрэйтар Андрэй Мядзьведзеў.

З 37-й асобнай мотастралковай брыгады: лейтэнант Вадзім Аўчыньнікаў, малодшы сяржант Міхаіл Жаркой, яфрэйтары Сяргей Сварчыскі і Эльдар Гарматараў, радавыя Іван Нагуманаў і Арцём Белікаў.

Паводле The Sunday Times, падразьдзяленьні расейскай 5-й танкавай брыгады і 37-й мотастралковай брыгады перакрылі трасу з поўначы, па якой у лютым-сакавіку 2022 года многія кіяўляне зьяжджалі на захад ад войскаў з усходу. Па падліках украінскіх сілавікоў, яны забілі 27 мірных жыхароў, яшчэ пяць былі параненыя.

У прыватнасьці, 7 сакавіка прыкладна за 7 кілямэтраў ад выезду з Кіева, вайскоўцы абстралялі калёну цывільных машын. Сярод загінулых быў 31-гадовы Максім Іавенка, які ехаў з жонкай і дачкой. Украінскія сьледчыя лічаць, што яго забілі Ішчанка і Тарашынаў. Іх устанавілі па раскладзе дзяжурстваў, які расійскія салдаты пакінулі пры адыходзе, і паказаньнях палоннага расіяніна Эрдэні Ухінава.

Абатаеў, адзін з падазраваных, загінуў 20 сакавіка 2022 года і быў пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам Мужнасьці. Іншы падазраваны Будаеў загінуў 7 сакавіка.

Украінская пракуратура разглядае ўласнае расьсьледаванне як першы крок да падачы пазову аб ваенных злачынствах у Міжнародны крымінальны суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна заяўляе пра 150 тысяч магчымых ваенных злачынстваў Расеі. Вось 5 найгоршых

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Радыё Свабода ідэнтыфікавала расейскіх вайскоўцаў, імаверна, датычных да забойстваў у Бучы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Фільм Радыё Свабода пра масавыя забойствы расейцамі мірных грамадзян Бучы атрымаў міжнародную ўзнагароду