«Сустрэча Зяленскага зь Ціханоўскай — асымэтрычны адказ на разьмяшчэньне ў Беларусі „Арэшніка“», — украінскі палітоляг Магда

Уладзімір Зяленскі і Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, 25 студзеня 2026

Сьцісла

  • Разгортваньне «Арэшніку» у Беларусі патрабавала адказу з боку Кіеву.
  • Беларускія дэмакратычныя сілы цяпер знаходзяцца ня ў лепшым стане.
  • Зяленскі з Давоскай трыбуны вучыць Эўразьвяз, як рэагаваць на расейска-ўкраінскую вайну. Ён пасылае сыгналы і Лукашэнку.
  • З чым Ціханоўская прыедзе ў Кіеў? На хаду вайны яна не ўплывае.
Сустрэча Зяленскага з Ціханоўскай — асымэтрычны адказ на разьмяшчэньне ў Беларусі ракетнага комплекса «Арэшнік», мяркуе ўкраінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда. Пра гэта ён заявіў у эфіры праграмы «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» на YouTube-канале Свабода Premium.

Чаму Зяленскі сустрэўся зь Ціханоўскай?

— 25 студзеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэўся з дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай, Зяленскі запрасіў яе ў Кіеў. Сустрэча адбылася ў Вільні, у рамках урачыстасьцяў, прысьвечаных гадавіне паўстаньня 1863 году. Два палітыкі сустракаліся і раней, але сустрэчы былі мімалётныя, на палях міжнародных форумаў. Гэтым разам гэта была размова сам на сам. Раней Кіеў устрымліваўся ад запрашэньня Ціханоўскай з візытам. Што зьмянілася?

Яўген Магда

— Думаю, што адна з галоўных прычын — гэта «Арэшнік». Разгортваньне гэтага ракетнага комплексу ў Беларусі патрабуе асымэтрычнай рэакцыі з боку Ўкраіны. Вядома, нашы гарачыя галовы хацелі б бачыць удары ракетамі або бесьпілётнікамі па беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах. Паколькі ў Лукашэнкі там вялікая фінансавая зацікаўленасьць, я думаю, што гэта быў бы ўдар пад дых, а гэта не заўсёды можа мець станоўчыя наступствы для Украіны. Кіеў ня будзе ствараць casus belli (падставу для вайны. — РС) для Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі двухбаковую сустрэчу

Сустрэча зь Ціханоўскай адбылася ва ўмовах, калі беларускі дэмакратычны рух, шчыра кажучы, перажывае ня лепшыя часы. Полк Каліноўскага ва Ўкраіне пасьля таго, як яго пакінуў камандзір Павал «Дзядзька» Шурмей, ператварыўся хутчэй у канглямэрат падразьдзяленьняў. Беларуская дыяспара ва Ўкраіне найменшая ў параўнаньні зь Польшчай і Літвой. Але зь іншага боку яе прадстаўнікі змагаюцца са зброяй у руках.

У Польшчы рух Паспалітае рушэньне фактычна развалілася, у Літве такі рух і ня мог бы існаваць з прычыны спэкуляцыяў наконт «літвінізму». Падчас урачыстасьцяў з нагоды гадавіны паўстаньня 1863 году мы бачылі шмат бел-чырвона-белых сьцягоў. Але казаць, што заўтра Святлана Ціханоўская прыедзе ў Кіеў і ўсё зьменіцца, я б ня стаў.

Існуюць розныя кансьпіралягічныя тэорыі наконт таго, што палітыка Кіеву зьмянілася з прычыны сыходу з пасады дарадцы офісу прэзыдэнта Міхаіла Падаляка. Але ён нікуды не сышоў, ён быў дарадцам офісу, ім і застаўся. Ну і наагул — калі адзін дарадца фармуе пазыцыю дзяржавы адносна беларускіх дэмакратычных сілаў, то гэта праблема.

Існуюць кансьпіралягічныя тэорыі, што палітыка Кіеву зьмянілася праз сыход з пасады дарадцы офісу прэзыдэнта Міхаіла Падаляка. Але ён нікуды не сышоў

Я б не абсалютызаваў сустрэчу двух лідэраў, а больш увагі надаваў практычным справам. Учора беларусы, якія жывуць ва Ўкраіне, намаганьнямі Алены Жаркевіч адкрылі «Беларускі пункт нязломнасьці» у Кіеве. Тут таксама ёсьць місія беларускіх дэмакратычных сілаў. У цэлым беларуска-украінскія адносіны цяпер замарожаныя, яны нагадваюць стан нашай дзяржаўнай мяжы, перакрытай ахоўнымі ўмацаваньнямі. А адносіны Ўкраіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі — гэта пакуль толькі першыя парасткі.

— Ці сустрэча Зяленскага з Ціханоўскай — гэта пэўны выклік Трампу, прадстаўнікі якога сустракаюцца з Аляксандрам Лукашэнкам, якога Трамп назваў «глыбокапаважаным прэзыдэнтам Беларусі»?

— На афіцыйным сайце Ўладзіміра Зяленскага няма паведамленьняў пра перамовы зь Ціханоўскай. У афіцыйным акаўнце Ціханоўскай напісана, што сустрэліся кіраўніца Абʼяднанага пераходнага кабінэту і прэзыдэнт Украіны. У Сьвятланы Ціханоўскай шмат іпастасяў — сёньня яна апранула адну сукенку, а заўтра — іншую сукенку, якая ёй больш пасуе ў пэўны дзень тыдня.

Але я б не сказаў, што гэта такі абмен сыгналамі паміж Кіевам і Вашынгтонам. Зяленскі можа мець зносіны з Вашынгтонам і без ускосных сыгналаў, Я мяркую, што ён уваходзіць у пяцёрку сусьветных лідэраў, якія на працягу году мелі найбольш інтэнсіўныя стасункі з Дональдам Трампам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі — беларусам: «Вы эўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў абʼяднанай, вольнай Эўропе»

Чаму Беларусь стала важнай для Зяленскага?

— Зяленскі гаварыў пра Беларусь і на Давоскім форуме, ладная частка яго прамовы на ўрачыстасьцях у Вільні была прысьвечаная Беларусі. Раней ён не гаварыў так шмат пра Беларусь. Чаму?

— Калі зьявілася інфармацыя пра разгортваньне ў Беларусі «Арэшніка» і калі Лукашэнка дазволіў сабе зрабіць чарговы асабісты выпад у бок Зяленскага, то я выказаў гіпотэзу, што адказ будзе асымэтрычным. Сустрэча зь Ціханоўскай — гэта як раз асымэтрычны адказ. Таму што Ўкраіна ня можа сабе дазволіць ваенны адказ, ня можа дазволіць павялічыць лінію фронту на 1000 кілямэтраў, асабліва ў ста кілямэтрах ад Кіеву. Гэта не адпавядае лёгіцы цяперашніх баявых дзеяньняў.

— «Арэшнік» — далёкасяжная зброя, удары ім па Дняпры і Львове Расея наносіла са сваёй тэрыторыі. Разьмяшчэньне гэтых ракетаў у Беларусі, здаецца, ня вельмі павялічвае пагрозу для Ўкраіны, хутчэй для Эўропы. Чаму ж Зялянскі, паводле вашай ацэнкі, палічыў патрэбным на гэта адрэагаваць?

— Я думаю, што Ўкраіна такім чынам паказвае, што Беларусь уяўляе пагрозу для Эўропы, што Расея ўяўляе пагрозу для Эўропы, і такім чынам спрабуе падкрэсьліць неабходнасьць падтрымкі Ўкраіны. Гэта дэманстрацыя таго, што трэба зьвяртаць увагу на словы Кіева. І гэта пасланьне Эўропе — у выпадку чаго, мы вас папярэджвалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі ў Давосе: «У 2020-м ніхто не дапамог народу Беларусі, і цяпер расейскія ракеты дастаюць да большасьці эўрапейскіх сталіцаў»

Якімі будуць наступствы сустрэчы Зяленскага зь Ціханоўскай?

— Якія наступствы можа мець зьмена ў адносінах паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі? Ці азначае гэта, што Кіеў ня лічыць мэтазгодным выконваць негалосныя дамоўленасьці, якія былі раней з Лукашэнкам? Ці, прынамсі, ня ўсе выконваць.

— Лукашэнка паводзіць сябе так, быццам можа сабе ўсё дазволіць. І таму яму трэба адказваць максымальна пераканаўча. Калі Зяленскі вырашыў, што можа з Давоскай трыбуны вучыць Эўразьвяз, як рэагаваць на расейска-ўкраінскую вайну, то натуральна, што ён і Лукашэнку будзе пасылаць сыгналы. Але ўзьнікае пытаньне, з чым Ціханоўская прыедзе ў Кіеў? Колькі ў яе дывізіяў? Зразумела, што яна на хаду вайны не ўплывае і ў значнай ступені яе офіс і Абʼяднаны пераходны кабінэт ад гэтага дыстанцыяваліся. А тады якая практычная карысьць ад яе візыту? Проста ў тым, што яна прыедзе і пацісьне руку? І ці сустрэнецца яна з байцамі полку Каліноўскага? Ці будзе яна заклікаць да стварэньня больш буйнога падразьдзяленьня?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі пункт нязломнасьці» адкрыўся ў Кіеве, які цярпіць ад расейскіх атак на энэргетыку