Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі пункт нязломнасьці» адкрыўся ў Кіеве, які цярпіць ад расейскіх атак на энэргетыку


«Беларускі пункт нязломнасьці» ў Кіеве
«Беларускі пункт нязломнасьці» ў Кіеве

У Кіеве пачаў працаваць «Беларускі пункт нязломнасьці» — спэцыяльна абсталяванае месца, дзе можна абагрэцца і атрымаць базавую дапамогу ў сытуацыі адключэньня святла і цяпла.

Пра гэта паведаміла прадстаўніца валянтэрскага цэнтру «Сустрэча» Алена Жаркевіч.

Прадстаўніца аб’яднаньня выказала падзяку ўсім, хто далучыўся да стварэньня пункту. Яна таксама падзякавала «за разуменьне таго, што адбываецца», «за салідарнасьць і спачуваньне».

«Беларусы, вы крутыя. Сапраўды, — напісала Жаркевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Я вельмі добра разумею, што ня ўсе могуць прыехаць фізычна. Але я бачу і адчуваю, колькі людзей нас падтрымала — словам, справай, фінансамі і нават проста думкамі. І гэта мае вялікае значэньне».

«Ставячы гэты намёт, я, як і многія іншыя валянтэры, пачула шмат цёплых словаў у адрас беларусаў. Словаў падтрымкі і падзякі — за тых, хто ваюе, за тых, хто загінуў, за тых, хто сёньня сядзіць і хто ўжо адсядзеў за барацьбу з рэжымам, за незалежнасьць Беларусі».

З паведамленьня вынікае, што дапамогу ў стварэньні пункту сярод іншых аказалі беларусы, якія жывуць у ЗША, Канадзе, Польшчы, Літве, Нямеччыне, іншых краінах.

24 студзеня Жаркевіч паведаміла, што «Сустрэча» атрымала месца для арганізацыі «Беларускага пункту нязломнасьці». Заклік далучыцца да яго стварэньня ўпершыню зьявіўся ў тэлеграм-канале арганізацыі ў сярэдзіне студзеня.

У лістападзе мінулага году Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала «Сустрэчу» «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG