Увесь наклад сьвежага падручніка беларускай мовы для іншаземцаў раскупілі за некалькі тыдняў

Выданьне «Беларуская мова: практыкаваньні і тэксты для чытаньня» выйшла ў канцы мінулага году ў Польшчы.

Пра тое, што ўвесь наклад падручніка ўжо раскуплены, Свабодзе расказала аўтарка дапаможніка, выкладчыца катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту Вольга Трацяк. Наклад сто асобнікаў, дзесяць кніг адразу перадалі ў бібліятэкі. Падручнік каштаваў 39 злотых (каля 10 эўра). Ці будуць яго дадрукоўваць, пакуль невядома.

Дапаможнік у беларускай мове выдалі летась у канцы сьнежня. Ён дапамагае вывучаць беларускую мову як замежную на ўзроўнях А1 — В1. У ім 330 старонак, 150 практыкаваньняў у граматыцы, лексыцы і фразэалёгіі, 50 тэкстаў для чытаньня. Да ўсіх заданьняў ёсьць ключ з адказамі, таму падручнік можна выкарыстоўваць і для самастойнага навучаньня, паведамляла раней аўтарка падручніка.

Падручнік выдалі за сродкі Фонду дыдактычнай дасканаласьці факультэту прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Вялікая размова з аўтаркай выданьня Вольгай Трацяк выйдзе на сайце і ў сацыяльных сетках Свабоды ў панядзелак 19 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варшаўскі ўнівэрсытэт выпусьціў падручнік для вывучэньня беларускай мовы як замежнай на ўзроўнях A1–B1