«Мы будзем ацэньваць іх па ўчынках, і паглядзім, што яны будуць рабіць», — сказаў Рубіё ў эфіры праграмы Face the Nation на тэлеканале CBS News.
«Я ведаю адно: калі яны ня прымуць правільнае рашэньне, у Злучаных Штатаў застанецца мноства рычагоў уплыву», — дадаў Рубіё.
Амэрыканскія спэцназаўцы захапілі кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура ў рэзыдэнцыі ў Каракасе ў суботу падчас апэрацыі з удзелам зьнішчальнікаў, верталётаў, вайсковых караблёў і наземных войскаў. Цяпер ён у камэры папярэдняга зьняволеньня ў Нью-Ёрку чакае судовага пасяджэньня па абвінавачаньнях у незаконным абароце наркотыкаў і зброі. Яно заплянаванае на панядзелак.
У суботу прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты будуць «кіраваць» Вэнэсуэлай, і што ён не пабаіцца адправіць туды сухапутныя войскі. Цяпер жа з словаў Рубіё вынікае, што Вашынгтон гатовы паспрабаваць працаваць з былой віцэ-прэзыдэнткай, а цяпер выканальніцай абавязкаў прэзыдэнта Дэлсі Радрыгес і астатнім кабінэтам адхіленага Мадура.
«Паглядзім, што будзе далей, — сказаў Рубіё. — Мы будзем ацэньваць на падставе таго, што яны робяць, а не таго, што яны кажуць на публіку ў гэты пераходны пэрыяд. І не на падставе іхных шматлікіх учынкаў у мінулым, а па тым, што яны зробяць у будучыні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мадура даставілі ў турму ў Нью-ЁркуЁн таксама ня даў ніякіх намёкаў на тое, што адміністрацыя Трампа падтрымае апазыцыйных дзеячаў, якіх Вашынгтон раней называў законнымі лідэрамі краіны.
Хоць Рубіё сказаў, што «захапляецца» лідэркай вэнэсуэльскай апазыцыі і ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру Марыяй Карынай Мачада, але ўхіліўся ад заклікаў да таго, каб яна або кандыдат ейнай партыі на выбарах 2024 году Эдмунда Гансалес Урутыя — сталі часовымі лідэрамі.
Ён заявіў, што Злучаныя Штаты хочуць пазьбегнуць уцягваньня ў «нацыянальнае будаўніцтва».
Рубіё таксама адзначыў, што сытуацыя з Вэнэсуэлай іншая, чым была ў Лібіі, Іраку ці Афганістане. «Гэта ня Блізкі Ўсход. І наша місія тут зусім іншая», — сказаў ён.
Заўвагі Рубіё кантраставалі з заявамі Трампа, які сказаў, што «мы застанёмся да таго часу, пакуль не адбудзецца належны пераход улады».
Рубіё адзначыў, што ў якасьці рычагоў уплыву ЗША на Вэнэсуэлу застануцца вайсковая прысутнасьць у Карыбскім моры і эмбарга на экспарт нафты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NYT: ня менш за 40 чалавек загінулі ў выніку апэрацыі ЗША ў Вэнэсуэле. Намесьніца Мадура Дэльсі Радрыгес пераняла прэзыдэнцкія абавязкі