Расея атакавала Сумскую, Днепрапятроўскую і Чарнігаўскую вобласьці. Ёсьць загінулыя і параненыя

Наступствы расейскага ўдару па Дніпры 6 сьнежня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што ў ноч на 8 сьнежня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 149 дронамі з Расеі і з часова акупаваных Данецкай вобласьці і Крыму.

Сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі 131 дрон, 16 дронаў пацэлілі па 11 лякацыях. Ува ўсіх атакаваных вобласьцях Украіны ёсьць загінулыя і параненыя.

У Сумскай вобласьці рэжым паветранай трывогі дзейнічаў больш за 15 гадзін

За апошнія 24 гадзіны расейскі войскі абстралялі 43 паселішчы Сумскай вобласьці. Найбольш пацярпелі Сумскі, Шосткінскі і Ахтырскі раёны. 12 чалавек атрымалі раненьні.

Найбольш пацярпелых у Ахтырцы, дзе расейскі дрон пацэліў у дзевяціпавярховы дом, полымя ахапіла кватэры з другога да 5 паверху. Ратаўнікі эвакуавалі 35 чалавек, яшчэ 7, у тым ліку адно дзіця, удалося выцягнуць з заблякаваных канструкцыямі памяшканьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пад абстрэламі і атакамі FPV: як жыве прыфрантавы Краматорск

У Чарнігаве пашкодзілі газаправод, паўторны ўдар па Фаставе пад Кіевам

У Чарнігаве ў выніку расейскага абстрэлу раненьні атрымалі тры чалавекі. Баявы дрон, як і ў Ахтырцы, таксама пацэліў у шматкватэрны жылы дом. Улады тэрмінова арганізавалі пункт дапамогі дзясяткам жыхароў пашкоджанага дому.

Расейскія войскі нанесьлі другі за апошнія два дні ўдар па горадзе Фастаў пад Кіевам — 6 сьнежня тут зьнішчылі чыгуначны вакзал, а ў ноч на 8 сьнежня пацэлілі ў жылы і адміністрацыйны будынкі. Полымя ахапіла дахі. Пажар распаўсюдзіўся на 1500 квадратных мэтраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Больш за 600 дронаў і 50 ракет. Расейскія войскі атакавалі чыгунку, порт і жылы сэктар Украіны. Ёсьць параненыя

У Днепрапятроўскай вобласьці адзін чалавек загінуў і пяцёра параненых, у тым ліку дзеці

У Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацыяў Украіны паведамілі, што ў Днепрапятроўскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі тры раёны і абласны цэнтар: адзін чалавек загінуў, пяць атрымалі раненьні, у тым ліку 2 дзіця.

У Дніпры ў выніку пацэльваньня загарэўся адміністрацыйны будынак, у Крывароскім раёне пашкодзілі сельгаспрадпрыемства, прыватны дом і газаправод. У Паўлаградзкім і Нікапальскім раёнах таксама пацярпеў жылы сэктар і школа мастацтваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Келаг: Мы знаходзімся на апошніх 10 мэтрах да завяршэньня вайны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.