Пуцін на перамовы з Украінай у Стамбул накіраваў свайго памочніка

Уладзімір Мядзінскі

Расейскую дэлегацыю ў Стамбуле на перамовах з Украінай 15 траўня ўзначаліць памочнік Уладзіміра Пуціна Ўладзімір Мядзінскі. Ён ужо ўзначальваў расейскую перамоўную групу ў 2022 годзе.

У дэлегацыю таксама ўвайшлі намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Міхаіл Галузін, начальнік Галоўнага ўпраўленьня расейскага Генэральнага штабу Ігар Касьцюкоў, намесьнік міністра абароны Аляксандр Фамін, — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Крамля.

Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі патрабаваў на перамовах самога Ўладзіміра Пуціна. Ён заяўляў, што ў адваротным выпадку перамовы не адбудуцца, аднак пазьней гэтую пазыцыю ў Кіеве зьмякчылі.

Раней у сераду ў вячэрнім звароце прэзыдэнт Украіны заявіў, што чакае ад Расеі паведамленьня аб тым, хто будзе прадстаўляць Маскву на перамовах у Турэччыне. Украінскі бок мае некалькі варыянтаў дасягненьня спыненьня агню, але рашэньні залежаць ад узроўню ўдзелу Расеі ў патэнцыйных перамовах, заявіў прэзыдэнт Украіны ў вячэрнім відэазвароце 14 траўня.

Днём 14 траўня стала вядома, што дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, які меў прыехаць у Стамбул у чацьвер, прыляціць у Турэччыну толькі ў пятніцу.

Сваім рашэньнем Пуцін фактычна адхіліў прапанову прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага асабіста сустрэцца ў Стамбуле — хоць саму ідэю расейска-ўкраінскіх перамоваў у горадзе, дзе яны ўжо праходзілі ў 2022 годзе, вылучыла Расея.

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які знаходзіцца на Блізкім Усходзе, казаў, што можа сам прыехаць у Стамбул, калі там сустрэнуцца лідэры Расеі і Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што зьбіраецца размаўляць з Пуціным пра спыненьне агню і абмен палоннымі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп ня выключыў, што далучыцца да стамбульскіх перамоваў аб спыненьні вайны ва Ўкраіне