Зяленскі заявіў, што зьбіраецца размаўляць з Пуціным пра спыненьне агню і абмен палоннымі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, архіўнае фота
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Расейска-ўкраінскія перамовы ў Стамбуле заплянаваныя на 15 траўня, ці прыедзе на іх Уладзімір Пуцін, невядома.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі расказаў у інтэрвію газэце Liberation, што ў выпадку сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным зьбіраецца гаварыць з ім пра поўнае спыненьне агню і абмен усімі палоннымі.

«Калі я сустрэнуся зь ім, мы павінны выйсьці з палітычнай перамогай — спыненьнем агню, абменам усіх палонных на ўсіх палонных або чымсьці падобным», — заявіў Зяленскі.

Паводле яго, «расейцы ня будуць давяраць» украінцам, а ўкраінцы «ня будуць давяраць расейцам». Ён лічыць, што толькі пасярэднікі могуць гарантаваць захаваньне любых дамоўленасьцяў. У прыватнасьці, ён называе ЗША як магчымага гаранта мэханізму кантролю і лічыць, што прысутнасьць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа можа прымусіць Пуціна прыехаць у Стамбул 15 траўня:

«Калі Пуцін не прыедзе, гэта будзе выглядаць для яго як поўная параза».

На пытаньне аб магчымай працягласьці вайны Зяленскі адказаў:

«Ніхто ня ведае, як доўга ён [канфлікт] працягнецца. Але ня дзесяць гадоў. Украіна ня вытрымае... Гэта дорага каштуе ўсім, і ня толькі сябрам, але і ворагам».

  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін раней прапанаваў правесьці беспасярэднія перамовы Расеі і Ўкраіны ў Стамбуле 15 траўня.
  • У адказ Зяленскі заявіў, што гатовы асабіста сустрэцца з Пуціным.
  • Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп таксама заявіў аб гатоўнасьці далучыцца да мірных перамоваў у Турэччыне.
  • У Крамлі пакуль не раскрываюць складу расейскай дэлегацыі, якая мае ўдзельнічаць у перамовах.
​
XS
SM
MD
LG