Нечаканая прапанова прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ад 12 траўня далучыцца да перамоваў паміж Украінай і Расеяй пазьней на гэтым тыдні ў Стамбуле выклікала тэлефонную размову паміж амэрыканскімі і эўрапейскімі дыпляматамі, якія працягваюць шукаць шлях да спыненьня расейскай вайны ва Ўкраіне.
«Не недаацэньвайце чацьвер у Турэччыне», — сказаў Дональд Трамп журналістам у Белым доме перад ад’ездам у Савудаўскую Арабію, Абʼяднаныя Арабскія Эміраты і Катар, маючы на ўвазе магчымыя перамовы 15 траўня.
«Я думаў пра пералёт. Я не ведаю, дзе буду ў чацьвер, — сказаў Трамп.— У мяне так шмат сустрэч... Ёсьць такая магчымасьць, я думаю, калі я думаю, што нешта можа адбыцца», — сказаў ён.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё пазьней 12 траўня выступіў на канфэрэнц-сувязі з міністрамі замежных спраў Францыі, ФРГ, Польшчы, Вялікабрытаніі, Украіны і кіраўніком зьнешняй палітыкі ЭЗ Каяй Калас, гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнта:
«Бакі абмеркавалі шляхі далейшага спыненьня агню і шлях да міру ва Украіне».
Саюзьнікі Ўкраіны раней, 12 траўня, заставаліся скептычна настроенымі адносна перспэктыў перамоваў і таго, ці сурʼёзна прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін настроены на мір.
«Калі няма спыненьня агню, ня можа быць перамоваў пад агнём, — сказала Калас на сустрэчы з прадстаўнікамі Украіны ў Лёндане.— Мы хочам бачыць, што Расея таксама жадае міру. Каб жадаць міру, патрэбныя двое, каб жадаць вайны, патрэбен толькі адзін, і мы бачым, што Расея відавочна хоча вайны».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зеленскі раней заявіў, што гатовы сустрэцца з Пуціным у Стамбуле 15 траўня.
Крэмль ніяк не адрэагаваў на прапанову Зеленскага, і Масква пакуль не пракамэнтавала прапанову Трампа далучыцца да перамоваў.
Форум