Зяленскі заявіў, што будзе асабіста чакаць Пуціна ў Турэччыне на перамовах

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўвечары 11 траўня заявіў, што гатовы да прамых перамоваў з Расейскай Фэдэрацыяй, а 15 траўня будзе чакаць расейскага кіраўніка Ўладзіміра Пуціна ў Стамбуле «асабіста».

«Мы чакаем заўтрашняга дня спыненьня агню — поўнага і трывалага, каб забясьпечыць неабходную аснову для дыпляматыі. Няма сэнсу зацягваць забойствы. А Пуціна я буду чакаць у чацьвер у Турэччыне. Асабіста. Спадзяюся, што на гэты раз расіяне не будуць шукаць прычын, чаму яны не могуць гэтага зрабіць», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў тэлеграме.

Раней, 11 траўня, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў Украіну «неадкладна» пагадзіцца на перамовы ў Турэччыне, прапанаваныя прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, і выказаў сумнеў у тым, што «Ўкраіна заключыць зьдзелку з Пуціным».

У ноч на 11 траўня падчас прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прапанаваў аднавіць «прамыя перамовы» з Украінай 15 мая ў Стамбуле.

Адначасова, па выніках сустрэчы «Кааліцыі ахвочых» 10 траўня ў Кіеве, Украіна і яе саюзьнікі прапанавалі безумоўнае спыненьне агня з 12 траўня, але прэзыдэнт Расеі на гэта не адрэагаваў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адказаў на прапанову расійскага лідара Уладзіміра Пуціна аднавіць перамовы ў Стамбуле 15 траўня наступным чынам:

«Гэта добры знак таго, што расейцы нарэшце задумаліся пра спыненьне вайны. Усе ў сьвеце чакалі гэтага вельмі даўно. І самым першым крокам да рэальнага заканчэньня любой вайны зьяўляецца спыненьне агню», — адзначыў ён.

Зяленскі кажа, што няма сэнсу працягваць забойствы нават на дзень.

«Мы чакаем, што Расея пацьвердзіць спыненьне агню — поўнае, трывалае і надзейнае — пачынаючы з заўтрашняга дня, 12 траўня, і Ўкраіна гатовая сустракацца», — падкрэсьліў Зеленскі.

Турэччына гатовая зрабіць любы ўнёсак у дасягненьне спыненьня агню і трывалага міру, у тым ліку магчымасьць стаць пляцоўкай для перамоваў, заявіў прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган.

​
XS
SM
MD
LG