Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністры Польшчы і Вялікай Брытаніі Дональд Туск і Кір Стармэр, а таксама новы канцлер ФРГ Фрыдрых Мэрц правялі ў Кіеве саміт «Кааліцыі ахвочых».
Што вырашылі на саміце
Поўнае і безумоўнае спыненьне агню павінна пачацца ў панядзелак, 12 траўня, і мае працягвацца як мінімум 30 дзён. Такое рашэньне было прынятае падчас сустрэчы ў Кіеве «Кааліцыі ахвочых» з асабістым удзелам лідэраў чатырох эўрапейскіх краін — Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Польшчы і Францыі.
Прадстаўнікі яшчэ двух дзясяткаў краін далучыліся да онлайн-сустрэчы кааліцыі, паведамляе карэспандэнт Украінскай службы Радыё Свабода.
«Мы разам патрабуем гэтага ад Расеі. Мы ведаем, што Злучаныя Штаты Амэрыкі падтрымліваюць нас у гэтым. Безумоўнае спыненьне агню азначае спыненьне агню безь якіх-небудзь умоваў», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Паводле ўкраінскага лідэра, спроба выставіць якія-небудзь умовы сьведчыць пра намер зацягнуць вайну і сарваць дыпляматыю. Ідзецца пра ўсёабдымнае спыненьне агню — у паветры, на моры і на сушы.
Калі ўмова аб 30-дзённым спыненьні агню ня будзе прынята Расеяй або пагадненьне будзе парушана, саюзьнікі Ўкраіны ў рамках «Кааліцыі ахвочых» абяцаюць павялічыць санкцыі супраць Расеі і ўмацаваць Украіну.
«У выпадку парушэньня гэтага рэжыму спыненьня агню мы дамовіліся, што будуць ужытыя маштабныя санкцыі. Цяпер яны будуць падрыхтаваныя і скаардынаваныя паміж амэрыканцамі і эўрапейцамі», — заявіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
Рэакцыі Расеі пакуль няма.
«Кровапраліцьце павінна спыніцца»
Раней у спэцыяльнай заяве чацьвёра эўрапейскіх лідэраў сумесна заклікалі Расею пагадзіцца на поўнае і безумоўнае 30-дзённае спыненьне агню і запэўнілі ў пашырэньні падтрымкі Ўкраіны.
«Мы, лідэры Францыі, Нямеччыны, Польшчы і Вялікай Брытаніі, будзем стаяць у Кіеве ў знак салідарнасьці з Украінай супраць барбарскай і незаконнай паўнамаштабнай агрэсіі Расеі. Мы пацьвярджаем нашу падтрымку заклікам прэзыдэнта Трампа да мірнага пагадненьня і заклікаем Расею спыніць перашкоды намаганьням дзеля забесьпячэньня трывалага міру.
Разам з ЗША мы заклікаем Расею пагадзіцца на поўнае і безумоўнае 30-дзённае спыненьне агню, каб стварыць прастору для перамоваў аб справядлівым і трывалым міры», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай напярэдадні прыбыцьця чатырох лідэраў у Кіеў на сайце брытанскага ўраду.
Лідэры Францыі, ФРГ, Польшчы і Вялікай Брытаніі заявілі пра гатоўнасьць «падтрымаць мірныя перамовы як мага хутчэй, абмеркаваць тэхнічнае выкананьне рэжыму спыненьня агню і падрыхтавацца да заключэньня паўнавартаснага мірнага пагадненьня».
«Мы выразна заяўляем: кровапраліцьце павінна спыніцца, Расея павінна спыніць сваё незаконнае ўварваньне, і Ўкраіна павінна мець магчымасьць разьвівацца як бясьпечная, надзейная і сувэрэнная дзяржава ў рамках міжнародна прызнаных межаў на працягу многіх пакаленьняў. Мы будзем працягваць пашыраць нашу падтрымку Ўкраіны. Пакуль Расея не пагодзіцца на доўгатэрміновае спыненьне агню, мы будзем павялічваць ціск на расейскую ваенную машыну», — сумесна заявілі чацьвёра лідэраў.
Размова удзельнікаў саміту з Трампам
Пасьля сустрэчы «кааліцыі ахвочых» у Кіеве пяцёра лідэраў — Уладзімір Зяленскі, Эманюэль Макрон, Фрыдрых Мэрц, Дональд Туск і Кір Стармэр — правялі «прадуктыўную» тэлефонную размову з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам наконт мірных намаганьняў, заявіў міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга.
«Украіна і ўсе саюзьнікі гатовыя да поўнага безумоўнага спыненьня агню на сушы, у паветры і на моры на працягу як мінімум 30 дзён, пачынаючы з панядзелка (12 траўня. — РС)», — адзначыў Сыбіга.
Таксама, паводле міністра замежных справаў Украіны, калі Расея пагодзіцца і будзе забясьпечаны «эфэктыўны маніторынг», «трывалае спыненьне агню і захады для ўмацаваньня даверу могуць адкрыць шлях да мірных перамоваў».
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў аб правядзеньні саміту Кааліцыі ахвочых у суботу 10 траўня.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у чацьвер 8 траўня пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім заклікаў да 30-дзённага безумоўнага спыненьня агню паміж Расеяй і Ўкраінай. У адваротным выпадку, папярэдзіў Трамп, Вашынгтон і яго партнэры ўвядуць дадатковыя санкцыі.
Першы саміт «Кааліцыі ахвочых» прайшоў у Элізэйскім палацы ў Парыжы 27 сакавіка 2025 году. Тады лідэры больш чым 30 краін сустрэліся ў Парыжы для дыскусіі у рамках «Кааліцыі ахвочых» аб узмацненьні падтрымкі Ўкраіны ў выпадку заключэньня пры ўдзеле ЗША пагадненьня аб спыненьні агню або мірнага пагадненьня.
Кааліцыя абʼядноўвае Вялікую Брытанію, Данію, Эстонію, Фінляндыю, Ісляндыю, Латвію, Літву, Нідэрлянды, Нарвэгію, Швэцыю і Ўкраіну.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.