Генэральны сакратар NATO адрэагаваў на заявы Лукашэнкі аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі

Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу (NATO) Енс Столтэнбэрг. Архіўнае фота

NATO можа павялічыць прысутнасьць сваіх сіл у сумежных зь Беларусьсю краінах у выпадку разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу (NATO) Енс Столтэнбэрг адказаў на пытаньне журналіста аб магчымай рэакцыі арганізацыі ў выпадку разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

Столтэнбэрг ня выключыў, што ў выпадку разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі арганізацыя будзе вымушана павялічыць сваю прысутнасьць у сумежных зь ёю краінах.

«Ядзерная рыторыка і сыгналы Расеі неабдуманыя і небясьпечныя. І Расея павінна ведаць, што ядзерную вайну нельга выйграць, таму ня варта яе пачынаць. Натуральна, мы ўважліва сочым за тым, што робіць Расея. Да гэтага часу мы не бачылі ніякіх зьменаў пазыцый, якія патрабавалі б якіх-небудзь зьмен у нашых пазыцыях», — сказаў Енс Столтэнбэрг журналістам.

Заява прагучала 15 чэрвеня перад пачаткам сустрэчы міністраў абароны дзяржаваў NATO. Адказваючы на пытаньне журналіста аб магчымай рэакцыі NATO у выпадку разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, ён таксама дадаў:

«Мы бачым, што Расея ўкладвае значныя інвэстыцыі ў разгортваньне новых і сучасных сілаў і сродкаў паблізу межаў NATO, напрыклад на Крайняй Поўначы. І мы ўжо адрэагавалі на гэта: мы павялічылі гатоўнасьць нашых сіл, мы павялічылі іх прысутнасьць і гатовы і далей весьці маніторынг сытуацыі і назіраць за тым, як мяняюцца ядзерныя пазыцыі Расеі».

16 чэрвеня ў Брусэлі адбудзецца сустрэча групы ядзернага плянаваньня, на якой будзе абмяркоўвацца імавернае разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі. Сустрэча будзе праходзіць у закрытым для журналістаў рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ААН адрэагавалі на заявы аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі

Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Менскую вобласьць 13 чэрвеня даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікае, што частка ядзернай зброі ўжо нібыта дастаўленая з Расеі ў Беларусь.

«У нас ракеты і бомбы, мы атрымалі ад Расеі, — сказаў ён. — Бомба ў тры разы магутнейшая, чым у Хірасіме і Нагасакі. Там больш за 80 тысяч [чалавек] імгненна загінула, 250... ад аднаго ўдару. А гэта адна бомба ў тры разы больш магутная. Гэта... Ну я ня ведаю... пад мільён чалавек загіне адразу. Ня дай Бог ужываць гэтую зброю. Але гэта ўсё ж такі абмежаваная тэрыторыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«А ядзерных сховішчаў у нас — як сабак у вёсцы...» Лукашэнка хваліцца — Крэмль абвяргае

На ўдакладняльнае пытаньне, ці сапраўды Беларусь ужо атрымала гэтыя «бомбы і ракеты», Лукашэнка адказаў: «Ну, ня ўсе. Паціху».

Да інтэрвію ён заявіў прадстаўнікам дзяржаўных мэдыя, што гатовы «неадкладна і без ваганьняў» прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.

На сустрэчы з Лукашэнкам 9 чэрвеня ў Сочы прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін сказаў, што «мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем» тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі пачнуцца адразу ж пасьля таго, як 7-8 ліпеня на яе тэрыторыі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў» (у канцы сакавіка ён сьцьвярджаў, што будаўніцтва спэцсховішча ў Беларусі завершыцца да 1 ліпеня).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША папярэдзілі, што будуць уважна сачыць за любымі падзеямі ў Беларусі пасьля новых заяў аб ядзернай зброі

25 траўня міністар абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцсховішчы на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым кіраўнік Мінабароны РФ заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

У той жа дзень Лукашэнка ў кулюарах паседжаньня Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады няўпэўнена заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося. Пацьвярджэньняў гэтай інфармацыі не было.

Дэмакратычныя сілы рэзка крытыкуюць усе працэсы, зьвязаныя з патэнцыйным разьмяшчэньнем расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, заклікаюць іншыя краіны дапамагчы ня даць гэтаму адбыцца.