ЗША папярэдзілі, што будуць уважна сачыць за любымі падзеямі ў Беларусі пасьля новых заяў аб ядзернай зброі

Джуліана Сміт. Архіўнае фота
Джуліана Сміт. Архіўнае фота

«Мы будзем вельмі ўважліва сачыць за гэтым, асабліва ў сувязі зь любымі новымі падзеямі ў Беларусі», — падкрэсьліла афіцыйная прадстаўніца ЗША пры NATO Джуліяна Сміт.

Афіцыйная прадстаўніца ЗША пры NATO Джуліяна Сьміт заявіла, што ЗША сур’ёзна ставяцца да ядзернага шантажу Расеі з пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

«Мы, Злучаныя Штаты, вельмі адкрыта папярэдзілі расейцаў пра рызыкі выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі, любой ядзернай зброі ў гэтай вайне. І мы папярэдзілі іх пра наступствы, сур’ёзныя наступствы, зь якімі яны сутыкнуцца, калі захочуць гэта зрабіць», — сказала Джуліяна Сьміт у камэнтары тэлеканалу Белсат.

Паводле яе, ЗША вельмі пільна сочаць за дзеяньнямі Расеі.

«Мы ня бачым ніякіх прыкметаў існаваньня непазьбежнай рызыкі таго, што яны будуць спадзявацца на ядзерную зброю, але, зноў жа, мы будзем вельмі ўважліва сачыць за гэтым, асабліва ў сувязі зь любымі новымі падзеямі ў Беларусі», — падкрэсьліла яна.

Джуліана Сьміт адзначыла, што пакуль у ЗША ня бачаць прычынаў для зьмены сваёй стратэгічнай пазыцыі, «але гэта жывая дыскусія і пытаньне, да якога, ізноў жа, мы ставімся вельмі сур’ёзна і будзем працягваць вельмі ўважліва сачыць у рамках усяго Альянсу».

13 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай прызнаў, што ня зможа самастойна выкарыстоўваць тактычную ядзерную зброю і гэтае пытаньне яму трэба будзе папярэдне ўзгадніць з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Ён таксама заявіў, што ў Беларусі ўжо ёсьць «ракеты і бомбы» з з Расеі, і яны будуць захоўвацца на некалькіх пляцоўках.

«У нас ракеты і бомбы. Мы атрымалі ад Расеі. Бомба ў тры разы больш магутная, чым у Хірасіме і Нагасакі. Там больш за 80 тысяч імгненна загінула, 250 тысяч ад аднаго ўдару. А гэта адна бомба ў тры разы больш магутная. Гэта, ну я ня ведаю, пад мільён чалавек загіне адразу. Не дай бог ужываць гэтую зброю. Але гэта ўсё ж такі абмежаваная тэрыторыя», — заявіў Лукашэнка.

На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 9 чэрвеня ў Сочы Ўладзімір Пуцін заявіў, што «мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем» тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, пачнуцца адразу ж пасьля таго, як 7–8 ліпеня на яе тэрыторыі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў».

25 траўня ў Маскве Лукашэнка заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь ужо пачалося. На ўдакладняльнае пытаньне, ці знаходзіцца ўжо ядзерная зброя ў Беларусі, Лукашэнка адказаў: «Магчыма. Я прыеду — пагляджу».

Міністры абароны Беларусі і Расеі 25 траўня падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі. Кіраўнік Мінабароны Расеі заявіў, што «кантроль над ёю і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

​
XS
SM
MD
LG