Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Пуціна ёсьць дзьве прычыны разьмяшчаць ядзерную зброю ў Беларусі», — аналітык Рыгор Ніжнікаў


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Лукашэнка заявіў, што расейская ядзерная зброя зьявіцца ў Беларусі празь некалькі дзён, а таксама чарговы раз сказаў, што гэта ён будзе вырашаць, прымяняць яе ці не. Чаму ўлады Расеі ўжо ня раз казалі адваротнае і якія мэты ў такіх розных заяваў Лукашэнкі і Крамля?

На пытаньні Свабоды Premium адказвае аналітык Фінскага інстытуту міжнародных адносін Рыгор Ніжнікаў.

Прычына прымяненьня такой зброі, паводле Лукашэнкі, можа быць толькі адна — агрэсія супраць Беларусі:

«І адказ будзе неадкладным. Я гэта загадзя гаварыў ужо некалькі разоў. Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсьць такая зброя. Гэта зброя стрымліваньня».

«Ня дай Бог, мне давядзецца прымаць рашэньне на прымяненьне гэтай зброі ў цяперашні час. Але ніякага ваганьня ня будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія», — сказаў Лукашэнка.

У Расеі заяўлялі, што расейская тактычная ядзерная зброя ў Беларусі застанецца пад іх кантролем. Чаму Лукашэнка і Крэмль робяць супярэчлівыя заявы?

Цалкам інтэрвію з Рыгорам Ніжнікавым глядзіце ў відэавэрсіі на Youtube.

«Лукашэнка намагаецца стварыць уражаньне, што гэта ён зьяўляецца адным з тых, хто прымае рашэньні па беларускім пытаньні, па беларускай вонкавай палітыцы і палітыцы бясьпекі. Гэта ўжо ня так. Вядома, што Масква прымае асноўныя рашэньні, але для Лукашэнкі важна захоўваць твар і паказваць, што ён застаецца тым, хто кантралюе сытуацыю ў Беларусі. Ня думаю, што ў Масквы ёсьць нейкая рацыя даваць Лукашэнку рычагі ўплыву. Лукашэнка цалкам залежны, ён робіць усё, што ад яго просяць і ня просяць», — кажа Ніжнікаў.

Паводле аналітыка, для Лукашэнкі няма ніякай выгады ад зьяўленьня ў Беларусі ядзернай зброі, акрамя таго, што гэта паказвае Пуціну яго ляяльнасьць.

«Ён трапіў ва ўласную пастку, калі рабіў свае звычайныя рытарычныя прыёмы, кажучы, што я магу тое, сёе, пагражаў Захаду. І ў нейкі момант Пуцін сказаў, што добра, чаму б і не, давай так і зробім. У Лукашэнкі няма цяпер ніякай прасторы для манэўру, каб адмаўляцца ад таго, што просіць Масква. Таму адзіная карысьць у тым, што Пуцін бачыць, які ляяльны яму Лукашэнка. Але празь некаторы час гэтага можа быць недастаткова, каб захоўваць Лукашэнку ва ўладзе», — лічыць Рыгор Ніжнікаў.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG