Дзяржавы, якія далучыліся да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі, валодаюць яны гэтай зброяй ці не, павінны «строга выконваць свае абавязаньні» ў рамках гэтага дакумэнта.
Такім чынам прэс-прэс-сакратар генэральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык пракамэнтаваў на брыфінгу 14 чэрвеня заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Беларусь ужо атрымала ад Расеі першыя ядзерныя боепрыпасы.
«Мы лічым, што ядзерныя рызыкі на гэты момант страшэнна высокія», – сказаў ён.
Паводле Дзюжарыка, неабходна «любой цаной пазьбягаць дзеяньняў, здольных прывесьці да пралікаў і эскаляцыі, якія будуць мець, мякка кажучы, катастрафічныя наступствы».
Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Менскую вобласьць 13 чэрвеня даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікае, што частка ядзернай зброі ўжо нібыта дастаўленая з Расеі ў Беларусь.
«У нас ракеты і бомбы, мы атрымалі ад Расеі, — сказаў ён. — Бомба ў тры разы магутнейшая, чым у Хірасіме і Нагасакі. Там больш за 80 тысяч [чалавек] імгненна загінула, 250... ад аднаго ўдару. А гэта адна бомба ў тры разы больш магутная. Гэта... Ну я ня ведаю... пад мільён чалавек загіне адразу. Ня дай Бог ужываць гэтую зброю. Але гэта ўсё ж такі абмежаваная тэрыторыя».
На ўдакладняльнае пытаньне, ці сапраўды Беларусь ужо атрымала гэтыя «бомбы і ракеты», Лукашэнка адказаў: «Ну, ня ўсе. Паціху».
Да інтэрвію ён заявіў прадстаўнікам дзяржаўных мэдыя, што гатовы «неадкладна і без ваганьняў» прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
На сустрэчы з Лукашэнкам 9 чэрвеня ў Сочы прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін сказаў, што «мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем» тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі пачнуцца адразу ж пасьля таго, як 7-8 ліпеня на яе тэрыторыі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў» (у канцы сакавіка ён сьцьвярджаў, што будаўніцтва спэцсховішча ў Беларусі завершыцца да 1 ліпеня).
25 траўня міністар абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцсховішчы на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым кіраўнік Мінабароны РФ заявіў, што «кантроль над ім і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
У той жа дзень Лукашэнка ў кулюарах паседжаньня Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады няўпэўнена заявіў, што перасоўваньне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося. Пацьвярджэньняў гэтай інфармацыі не было.
Дэмакратычныя сілы рэзка крытыкуюць усе працэсы, зьвязаныя з патэнцыйным разьмяшчэньнем расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, заклікаюць іншыя краіны дапамагчы ня даць гэтаму адбыцца.