Украінскі экспэрт Мусіенка выказаў сваю вэрсію таго, што адбылося ў Мачулішчах пад Менскам

Расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах. Люты 2023 году

«Расея мае яшчэ такія барты, іх прыблізна 6 адзінак. Іх няшмат, інфармацыі пра тое, што яны яшчэ вырабляліся, таксама няма. Усё ж гэта пераважна савецкія самалёты. Гэта надзвычай добрая падзея, бо для Расеі ўскладняюцца магчымасьці карэктаваньня агню і нанясеньня ўдараў».

Кіраўнік Цэнтру вайскова-прававых дасьледаваньняў (Кіеў, Украіна) Аляксандар Мусіенка мяркуе, што расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах мог пацярпець у выніку атакі бесьпілётнікамі.

«Гэта былі або беларускія партызаны пры падтрымцы Ўкраіны, або ўкраінскія сілы. Разам з тым гэта вельмі добрая падзея для нас», — сказаў Аляксандар Мусіенка, аналізуючы сытуацыю ў Мачулішчах на сваім канале ў Youtube.

Аналітык падкрэсьліў, што гэты самалёт выкарыстоўваўся для правядзеньня выведкі.

«Ён можа выкарыстоўвацца як каманды пункт, і ён выкарыстоўваецца для навядзеньня на цэлі. Адпаведна, што адбываецца? Як правіла, выведка праводзіцца перад нанясеньнем удараў ворагам, расейскімі войскамі. Яны каардынуюць, адсочваюць актыўнасьць і гэтак далей», — дадаў ён.

Кіраўнік Цэнтру вайскова-прававых дасьледаваньняў (Кіеў, Украіна) Аляксандар Мусіенка

У той жа час Аляксандар Мусіенка падкрэсьліў, што гэта не адзіны спосаб ажыцьцяўленьня выведкі, але вельмі важны элемэнт у працэсе нанясеньня ўдараў.

«Цяпер, як мінімум некаторы час, Расеі цяжка будзе гэта рабіць. Гэта першае. Другое. Расея мае яшчэ такія барты, іх прыблізна 6 адзінак. Іх няшмат, і інфармацыі пра тое, што яны яшчэ вырабляліся, таксама няма. Усё ж гэта пераважна савецкія самалёты. Гэта надзвычай добрая падзея, бо для Расеі ўскладняюцца магчымасьці карэктаваньня агню і нанясеньня ўдараў. Вядома ж, гэта нічога не азначае для тактыкі тэрарыстычных атак пры дапамозе ракет С-300», — мяркуе вайсковы экспэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Няхай чакаюць працягу». Аляксандар Азараў пра падрабязнасьці імавернага падрыву расейскага самалёта ў Мачулішчах

Паводле яго, другі важны момант — тое, што атакі дасягаюць вайсковых аб’ектаў ня толькі на тэрыторыі Расеі, а і Беларусі.

«Наступнае. Важна, што гэта адбылося недарагімі сродкамі, і гэта таксама дэманстрацыя, як гэта можна рабіць», — лічыць ён.

«Часам дастаткова вось такіх сродкаў, якія пры эфэктыўным выкарыстаньні, як было ў Мачулішчах, здольныя наносіць значныя руйнаваньні і выводзіць з ладу вось такія патрэбныя для Расеі самалёты. Вядома ж, яны цяпер скажуць, што яго можна хутка замяніць, што гэта нічога не азначае, але гэтая падзея вельмі важная, і для нас яна адыграе ролю. Гэта не азначае, што ракетных атак ня будзе. Яны будуць, але нашы магчымасьці, крэатыўнасьць і здольнасьць павялічваюцца. А калі гэта сапраўды былі беларускія партызаны, то можна толькі павіншаваць, і на месцы Лукашэнкі з замежных ваяжоў, мабыць, ужо і ня варта вяртацца — мала што можа адбыцца», — рэзюмаваў Аляксандар Мусіенка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як выглядаў расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах да імавернага падрыву. Фота са спадарожніка
  • 26 лютага стала вядома пра інцыдэнт у вайсковым аэрапорце ў Мачулішчах пад Менскам.
  • ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі расейскага самалёта ДРЛА А-50.
  • Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі на сябе ўдзельнікі пляну «Перамога».
  • Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
  • Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
  • Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
  • Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей у Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
  • Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.