З дапамогай сэрвісу Planet.com Свабода атрымала спадарожнікавы здымак і каардынаты месцазнаходжаньня на аэрадроме расейскага вайсковага самалёта далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50, які, магчыма, падарвалі ўчора.
На спадарожнікавым здымку можам таксама бачыць меркаванае разьмяшчэньне расейскіх самалётаў, зьнішчальнікаў МІГ-31К. Яны здольныя несьці гіпэргукавыя ракеты «Кінжал», якія могуць паражаць цэлі ва Ўкраіне, а таксама на адлегласьці 2000 км.
Гэтыя самалёты нясуць пастаяннае дзяжурства ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Амаль кожны раз пры гэтым у шматлікіх абласьцях Украіны ўводзяць рэжым паветранай трывогі. А згаданы А-50 праводзіў выведку ўкраінскай тэрыторыі. Менавіта А-50 наводзіў «Кінжалы» на тыя аб’екты, якія яны абстрэльвалі.
На здымку за 19 лютага 2023 году бачым, дзе прыкладна мог знаходзіцца гэты самалёт на момант інцыдэнту. На гэтым месцы ён знаходзіўся апошні час. Гэта відаць на здымках за 14 і 9 лютага гэтага году.
Расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах у лютым
Расейскі самалёт МІГ-31К з гіпэргукавою ракетаю «Кінжал» падчас узьлёту на аэрадроме у Мачулішчах у лютым
ByPol паведаміў, што выбухі пашкодзілі пярэднюю і цэнтральную часткі самалёта. Адказнасьць за дывэрсію ў Мачулішчах узялі ўдзельнікі пляну «Перамога».
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пакуль ніяк не пракамэнтаваў здарэньне, хоць сам Лукашэнка склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што афіцыйны Менск зьняпраўдзіў інцыдэнт, хоць гэтага не адбылося.
Пасьля меркаванага выбуху ў Мачулішчах памежнікі ўзмоцнена праглядаюць людзей на выезьдзе зь Беларусі.
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні людзей ў Мачулішчах і Фаніпалі пасьля меркаванага падрыву.
Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц.
Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.