Што адбываецца на беларускіх межах. Мапа дзейных і закрытых пунктаў пропуску

Закрыты памежны пераход у Баброўніках на мяжы Польшчы зь Беларусьсю. Люты 2023

З боку Ўкраіны — акопы, з боку Польшчы — адзін памежны пераход для пасажыраў. Як перасекчы беларускую мяжу. МАПА

Паглядзелі, як зьмянілася сытуацыя на беларускіх межах з 2020 году, і сабралі ўсю інфармацыю на адной мапе.

З 10 лютага Польшча зачыніла памежны пераход Баброўнікі на мяжы зь Беларусьсю. Цяпер перасекчы мяжу на аўтамабілі ці грамадзкім транспарце беларусы могуць толькі ў адным пункце: на пераходзе Берасьце — Тарэспаль.

З восені Польшча закрыла таксама памежны пераход Брузгі — Кузьніца, гэта было зьвязана зь міграцыйным крызісам. Паглядзелі, як зьмянілася сытуацыя на беларускіх межах з 2020 году, і сабралі на адной мапе ўсе пункты пропуску (і адкрытыя, і не).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё пераходу Баброўнікі — Бераставіца. Апошнія гадзіны працы. ВІДЭА

Літва

На мяжы Беларусі і Літвы цяпер працуюць 8 памежных пераходаў. Пераход Беняконі — Стасілы (Stasylos), які прызначаны для грузавых чыгуначных перавозак, закрываецца з 16 лютага з ініцыятывы Літвы. У адказ на запыт тэлеграм-каналу «Мотолько Помоги» прадстаўнікі літоўскай мытні патлумачылі гэта тым, што на памежным пераходзе няма рэнтгенаўскіх апаратаў, каб выяўляць кантрабанду — пераважна цыгарэты. Такім чынам, для грузавых цягнікоў застаўся адзін пераход Гудагай — Кяна.

Да пандэміі ковіду ў Літву зь Беларусі можна было даехаць рэгулярнымі цягнікамі, дарога займала менш за 3 гадзіны. З 2020 году пасажырскіх чыгуначных зносін зь Літвой няма, такое рашэньне літоўскі бок прыняў пасьля пачатку пандэміі.

Увесну 2021 году на мяжы Беларусі і Літвы ўзьнік міграцыйны крызіс — Беларусь пускала праз сваю тэрыторыю мігрантаў з Сырыі, Іраку і некаторых афрыканскіх краін.

Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх памежнікаў зь мігрантамі. Падчас міграцыйнага крызісу на мяжы затрымлівалі па некалькі сотняў мігрантаў за дзень, агулам у Літву зь Беларусі не пусьцілі больш за 15 тысяч мігрантаў. Па стане на чэрвень мінулага году ў Літве заставаліся 2600 мігрантаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва пацьвердзіла закрыцьцё чыгуначнага пункта пропуску Стасілас — Беняконі на мяжы зь Беларусьсю

Рэагуючы на крызіс, Літва пачала будаваць плот з калючым дротам уздоўж мяжы зь Беларусьсю, цяпер яго даўжыня 520 кілямэтраў.

У верасьні 2022 году, калі пачалося ўжо расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, Літва заяўляла пра намер наогул закрыць мяжу зь Беларусьсю для турыстаў, аднак гэтага не адбылося. На літоўска-беларускай мяжы цяпер працуюць наступныя пункты пропуску:

  • Відзы — Цьверач / Tverėčius (праезд даступны для легкавікоў і пустога грузавога транспарту, мяжу нельга перайсьці пешшу ці пераехаць на ровары).
  • Катлоўка — Лаварышкі / Lavoriškės (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Лоша — Шумск / Šumskas (праезд даступны толькі для легкавікоў, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Каменны Лог — Меднікі / Medininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Беняконі — Салечнікі / Šalčininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Прывалка — Райгардас / Raigardas (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Гудагай — Кяна / Kena (Толькі для грузавых чыгуначных перавозак).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прывалка — 26 гадзін на мяжы». Даведаліся, што адбываецца на памежных пераходах

Латвія

Абодва памежныя пераходы, якія ёсьць на беларуска-латвійскай мяжы, пакуль працуюць. Гэта пераходы Грыгораўшчына — Пацерніекі і Урбаны — Сілене. Яны прыстасаваныя да праезду грузавых і легкавых аўтамабіляў, транспарту, таксама тут мяжу можна пераехаць на ровары. Пераход пешшу забаронены.

Латвію таксама закрануў мігранцкі крызіс, калі праз тэрыторыю Беларусі нелегальныя мігранты з Сырыі, Іраку і афрыканскіх краін спрабавалі трапіць у ЭЗ. За час міграцыйнага крызісу памежнікі Латвіі не пусьцілі на сваю тэрыторыю больш за 8 тысяч нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі.

Латвія, таксама як і Літва, пачала будаваць плот на мяжы зь Беларусьсю, каб спыніць рух мігрантаў. Плот даўжынёй 173 кілямэтры плянуюць дабудаваць у 2024 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За паўгода Латвія загарадзіла 36-кілямэтровы ўчастак мяжы зь Беларусьсю, гатовы плот расьцягнецца на 173 км

Польшча

У 2020 годзе, да пандэміі ковіду і палітычнага крызісу ў Беларусі, на беларуска-польскай мяжы працавалі 6 памежных пераходаў, цяпер для грамадзян працуе толькі адзін: Берасьце — Тарэспаль. Яшчэ праз адзін пераход, Казловічы — Кукурыкі, езьдзіць грузавы транспарт. Да сакавіка 2020 году паміж Беларусьсю і Польшчай існавалі чыгуначныя зносіны, цяпер пасажырскі рух цягнікоў спынены, а грузавыя ходзяць толькі праз адзін пункт: Берасьце — Тарэспаль.

Польшчу найбольш з эўрапейскіх краін закрануў мігранцкі крызіс на мяжы зь Беларусьсю, туды спрабавалі трапіць каля 50 тысяч нелегальных мігрантаў.

8 кастрычніка 2021 году Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.

У кастрычніку 2022 году Польшча завяршыла будаўніцтва плоту з калючым дротам на мяжы зь Беларусьсю. Увосень 2021 году Польшча цалкам закрыла памежны пераход Брузгі — Кузьніца Беластоцкая, а 10 лютага — пункт «Баброўнікі», з фармулёўкай «у мэтах дзяржаўнай бясьпекі». Тады ж прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча «не выключае закрыцьця ўсіх памежных пераходаў» на мяжы зь Беларусьсю.

Сытуацыя на памежных пунктах, якія працавалі раней, цяпер выглядае так:

  • Брузгі — Кузьніца Беластоцкая / Kuźnica Białostocka (Закрыты. Увесь рух спынены).
  • Бераставіца — Баброўнікі / Bobrowniki (Закрыты. Увесь рух спынены).
  • Пяшчатка — Палоўцы / Połowce (Закрыты. Увесь рух спынены).
  • Казловічы — Кукурыкі / Kukuryki (Толькі для грузавога транспарту. Праход пешшу і на ровары недаступны).
  • Берасьце — Тарэспаль / Terespol (Даступны толькі для легкавых аўтамабіляў і пасажырскіх аўтобусаў. Пераход пешшу і на ровары недаступны.
  • Дамачава — Славатычы / Sławatycze (Закрыты, увесь рух спынены).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца на Варшаўскім мосьце, апошнім незакрытым беларускім пераходзе з Польшчай

Украіна

З Украінай у Беларусі самая доўгая мяжа — 1084,2 кілямэтра. Да пандэміі, палітычнага крызісу і пачатку вайны на гэтым адрэзку працавалі 12 памежных пераходаў, празь якія перамяшчаліся грамадзяне, грузавыя фуры, пасажырскія і грузавыя цягнікі. З 24 лютага Ўкраіна закрыла ўсе памежныя пункты. Грузавы рух цягнікоў таксама спынілі пасьля 24 лютага. Пасажырскія цягнікі перасталі хадзіць яшчэ ў пандэмію каранавірусу.

Закрыцьцё межаў Украінай зьвязана з дапамогай, якую беларускія ўлады аказвалі расейскаму боку падчас вайны: праз тэрыторыю Беларусі перасоўвалася расейская вайсковая тэхніка і войска. Расейскі бок выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю для авіяцыі, якая бамбуе ўкраінскія гарады. Ад пачатку ўварваньня з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне расейскія войскі запусьцілі больш за 630 ракет.

Мяжа з Украінай цяпер закрытая цалкам, з украінскага боку ўздоўж мяжы вырытыя акопы і пабудаваныя фартыфікацыйныя ўмацаваньні на выпадак новага нападу з тэрыторыі Беларусі ці ўступленьня Беларусі ў поўнамаштабную вайну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ровенскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю ствараюць новы фармат фартыфікацый

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.