Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія СМІ: перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў


На польскім памежным пераходзе Баброўнікі, 10 лютага
На польскім памежным пераходзе Баброўнікі, 10 лютага

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрыманыя ня менш за 12 мытнікаў, якія працавалі на памежным пераходзе ў Баброўніках, сьцьвярджае польская газэта Wyborcza.

Паводле інфармацыі Wyborcza, групу мытнікаў з Баброўнікаў затрымалі 9 лютага да прыняцьця Польшчай аб закрыцьці мясцовага памежнага пераходу. Імаверна, гаворка ідзе пра карупцыю. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч з 10 на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу (апоўдні 10 лютага).

Адзін з двух чалавек, якія перадалі выданьню інфармацыю пра затрыманьні, сьцьвярджае, што пасьля затрыманьня мытнікаў «на гэтым пераходзе працаваць няма каму». Іх справа вядзецца ў Беластоку пад наглядам Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.

Прэс-сакратар Падляскага ўпраўленьня дзяржаўных даходаў Мацей Чарнецкі на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю заявіў толькі, што «перадае гэтую справу ў Нацыянальную пракуратуру» і папрасіў зьвярнуцца зь пісьмовым запытам, але пакуль не адказаў на яго.

Прэс-сакратар Падляскай паліцыі Томаш Крупа сказаў журналісту Wyborcza, што «нічога пра гэта ня чуў». Пры гэтым ён ня выключыў, што калі і быў арышт, дык яго маглі правесьці супрацоўнікі, напрыклад, Цэнтральнага бюро расьсьледаваньняў.

9 лютага стала вядома, што пасьля выраку Пачобуту Польшча вырашыла закрыць памежны пераход зь Беларусьсю ў Баброўніках. Аб гэтым паінфармаваў кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Каміньскі 9 лютага.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што прычынай такога рашэньня зьяўляецца «рост напружанасьці ў адносінах зь Беларусьсю», якая «грае Крамлёўскую музыку» і ня выключыў закрыцьця іншых памежных пераходаў зь Беларусьсю.

Рашэньне дзейнічае ад 10 лютага 2023 году. Фактычна адзіным даступным для беларусаў застаецца зараз памежны пераход з Польшчай у Берасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG