Падставай для закрыцьця пункту пропуску Баброўнікі польскія афіцыйныя асобы назвалі неабходнасьцю гарантаваць грамадзкую бясьпеку. Беларускі бок, у сваю чаргу, ня бачыць аб’ектыўных прычын для закрыцьця пункту пропуску, а названая Варшавай падстава «не адпавядае рэчаіснасьці з прычыны адсутнасьці пагрозы з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
«Пачынаючы з 2020 году, польскія ўлады закрывалі каналы міжнародных зносін пад рознымі прычынамі. У выніку падобных рашэньняў з 6 пунктаў пропуску функцыянавалі толькі 3, што нэгатыўна адбівалася на становішчы па абодва бакі мяжы і прыводзіла да акцый пратэсту польскіх грузаперавозчыкаў, якія фактычна жылі ў чэргах праз запаволенае афармленьне польскага боку.
Пасьля закрыцьця яшчэ аднаго польскага пункту пропуску сытуацыя стане катастрафічнай і можа прывесьці да каляпсу ў памежжы, бо нагрузка на два астатнія пункты пропуску крытычна ўзрасьце. Грузавікі змогуць перасякаць мяжу на польскім кірунку толькі праз пункт пропуску Кукурыкі (Казловічы), а легкавы транспарт — толькі праз пункт пропуску Тарэспаль (Берасьце)».
Таксама ў ДПК заявілі, што ў выніку рашэньня афіцыйнай Варшавы грамадзяне Польшчы, якія прыбываюць у Беларусь па бязьвізавым рэжыме, змогуць уяжджаць толькі праз пункт пропуску Тарэспаль. З пачатку дзеяньня бязьвізавага парадку ўезду ў Беларусі, па зьвестках уладаў краіны, пабывалі каля 26 тысяч грамадзян Польшчы, каля 10 тысяч зь якіх прыбылі праз пункт пропуску ў Баброўніках.
«Рашэньне польскага боку аб закрыцьці яшчэ аднаго каналу міжнародных зносін у рэальнасьці накіравана не на грамадзкую бясьпеку, а на далейшае абвастрэньне сытуацыі на мяжы і абмежаваньне ўзаемных паездак грамадзян», — лічаць у ДПК.