Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля выраку Пачобуту Польшча вырашыла закрыць памежны пераход зь Беларусьсю ў Баброўніках


Памежны пераход у Баброўніках. Архіўнае фота
Памежны пераход у Баброўніках. Архіўнае фота

Рашэньне пачне дзейнічаць з 10 лютага 2023 году. Фактычна адзіным даступным для беларусаў застанецца памежны пераход з Польшчай у Берасьці.

Кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Каміньскі 9 лютага праінфармаваў аб прыпыненьні памежнага руху на пераходзе ў Баброўніках.

«У сувязі з важнымі інтарэсамі дзяржаўнай бясьпекі я прыняў рашэньне прыпыніць рух на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках з 10 лютага г.г. з 12:00 да далейшага паведамленьня», — паведаміў міністар у сацыяльных сетках.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі пазьней паведаміў, што польскае памежнае ведамства праінфармавала яго аб тым, што з 10 лютага з 12:00 польскі пункт пропуску Баброўнікі афіцыйна прыпыняе афармленьне транспартных сродкаў і асоб, якія ідуць празь дзяржаўную мяжу, на нявызначаны час.

«Просім улічваць гэтую інфармацыю пры плянаваньні паездак у Польшчу. Для руху грузавога транспарту ў Польшчу застаецца адзіны пункт пропуску Кукурыкі (з беларускага боку Казловічы), а для легкавога — пункт пропуску Тэрэспаль (з беларускага боку Берасьце )», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

На легкавіку ў Польшчу можна будзе ехаць толькі праз Берасьце

Агулам на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. Сёньня зь іх толькі два адкрытыя для легкавікоў, але ад 12 гадзін 10 лютага застанецца толькі адзін для легкавікоў і адзін для грузавікоў.

  • Берасьце (Тэрэспаль) — дзейнічае,
  • Бераставіца (Баброўнікі), — працуе да 10 лютага 2023,
  • Казловічы (Кукурыкі) — легкавым аўтамабілям праезд забаронены,
  • Брузгі (Кузьніца Беластоцкая з польскага боку)— закрыты ў 2021 годзе,
  • Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку,
  • Дамачава (Славатыча) — не функцыянуе па ініцыятыве польскага боку.
Закрытыя (чырвоным) і адкрытыя (зялёным) пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы
Закрытыя (чырвоным) і адкрытыя (зялёным) пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы

Такім чынам, ад 10 лютага для легкавых машын будзе дзейнічаць толькі адзін пункт на мяжы з Польшчай— «Варшаўскі мост — Тэрэспаль».

У 2021 годзе Польшча закрыла пераход Брузгі (Кузьніца Беластоцкая), прычына — міграцыйны крызіс, які арганізавалі беларускія ўлады.

Каля Горадні таксама ёсьць памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён працягвае працу і знаходзіцца блізка на мяжа і з Польшчай.

Пазьней час кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Каміньскі апублікаваў яшчэ адзін запіс:

«У сувязі з пастановай Сэйму Рэспублікі Польшча ў справе Анджэя Пачобута я даручыў падрыхтаваць заявы аб уключэньні ў санкцыйны сьпіс чарговых асоб, зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі, адказных за рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі».

8 лютага МЗС Польшчы выклікаў паверанага ў справах Беларусі пасьля таго, як журналіст польскага паходжаньня Анджэй Пачобут у Беларусі быў пакараны на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў справе, якая, як падкрэсьлівае Варшава, зьяўляецца палітычна матываванай. Пра гэта паведаміў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Польшчы.

«Палітычна матываваны паказальны працэс і сёньняшні прысуд зьяўляюцца наглядным сьведчаннем антыпольскіх дзеяньняў уладаў Беларусі, — гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы. — Мы асуджаем несправядлівы вырак, вынесены судом аўтарытарнай дзяржавы».

Анджэй Пачобут быў асуджаны па абвінавачаньні ў «распальваньні нянавісьці да рэлігійных і нацыянальных груп і рэабілітацыі нацызму» пасьля арышту ў сакавіку 2021 году, паведаміла польскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва PAP.

У Беларусі жывуць сотні тысяч людзей польскага паходжаньня. Польшча апошнія гады была лідэрам па выдачы беларусам шэнгенскіх візаў. Пасьля пачатку масавых рэпрэсій 2020 года Польшча выдала беларусам шмат гуманітаных візаў. У Польшчы афіцыйна жыве больш за 60 тысяч беларускіх грамадзян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG