Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прывалка — 26 гадзін на мяжы». Даведаліся, што адбываецца на памежных пераходах


Польска-беларуская мяжа
Польска-беларуская мяжа

Закрыцьцё пераходу ў Баброўніках істотна адбілася на гарадзенцах, якія езьдзілі па справах і на закупы ў Беласток і Варшаву — цяпер ім даводзіцца ехаць празь Літву.

Пасажырскія аўтобусы зь Менску ў Варшаву і назад праходзяць мяжу як звычайна

З шасьці пунктаў пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы засталіся два, абодва ў Берасьцейскай вобласьці. Толькі адзін зь іх прызначаны для руху легкавога транспарту: Берасьце — Тэрэспаль.

Сытуацыя на гэтым памежным пераходзе пакуль амаль не зьмянілася. Зь Менску ў Варшаву аўтобусы прыходзяць з ранейшай затрымкай у 1-2 гадзіны. 14 лютага ранішні рэйсавы аўтобус Варшава — Менск кампаніі Intercars на памежным пункце ў Тэрэспалі быў адзіным, легкавікоў у чарзе на выезд з Польшчы стаяла каля 20.

«Кіроўца з кімсьці размаўляў па тэлефоне, сказаў, што на пераходзе каля Берасьця за гэтыя некалькі дзён пасьля закрыцьця пунктаў пропуску на Гарадзеншчыне асаблівай розьніцы ня бачыць. Заўважыў таксама, што легкавікоў стала крыху больш, але не ў разы. А на сваіх рэйсах нічога істотнага не пабачыў», — расказала беларуска Ганна, якая вярталася 14 лютага з Варшавы ў Менск.

Яна кажа, што выехалі з Варшавы ў 8:45, на мяжы былі ў 12:15. Абедзьве мяжы пасажырскі аўтобус прайшоў за 1 гадзіну 35 хвілін.

Горадзенскіх аўтобусаў і легкавікоў на пераходзе Берасьце — Тэрэспаль амаль няма.

Горадзенскія перавозчыкі езьдзяць у суседні Беласток празь Літву: значна даўжэй і даражэй

З закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках горадзенскія апэратары пасажырскіх перавозак і шоп-тураў перанакіравалі свае маршруты ў Беласток і Варшаву празь Літву. Маршрут стаў у два разы даўжэйшы. З Горадні да Беластоку праз памежныя пункты Бераставіца — Баброўнікі адлегласьць па прамой была 120 кілямэтраў. Цяпер празь Літву — звыш 250 кілямэтраў. З Горадні да Беластоку празь Берасьце — каля 400 кілямэтраў, так езьдзіць нявыгадна.

Адзін з самых папулярных беларускіх перавозчыкаў па маршруце Горадня — Беласток «Клас-тур» адмяніў усе рэйсы з 10 лютага.

Польскі перавозчык Gaja Express, які на маршруце Горадня — Беласток — Варшава працуе ў партнэрстве зь беларускай кампаніяй «Трансагенцтва „Фаварыт“», падняў цану квіткоў зь Беластоку ў Горадні з 65 да 90 злотых, а з Варшавы да Горадні з 90 до 120 злотых.

У мінулыя выходныя, нягледзячы на закрыцьцё самага зручнага пераходу, знайшлося нямала людзей, якія рызыкнулі паехаць у шоп-туры, бо квіткі куплялі загадзя. На маршрутках і аўтобусах да Беластока пасажырам давялося даплаціць ад 20 да 30 рублёў — маршрут істотна падоўжыўся, як і час на дарогу.

«Ехалі з Горадні да Райгадаса. Маршруткі па пераходзе Райгардас — Прывалка стаялі ў агульнай чарзе са звычайнымі легкавымі аўтамабілямі. Некаторыя маршруткі зьязжджалі ў кірунку пунктаў пропуску Беняконі — Шальчынінкай, там нібыта была асобная чарга для маршрутак. Ня ведаю, колькі яны прастаялі. А мы прастаялі больш за 9 гадзін у чарзе. А потым яшчэ ехалі да Беластока.

Мне здалося, у Беластоку ў гандлёвых цэнтрах было крыху менш беларусаў, чым звычайна. Плянаваў купіць менш тавару, бо з грашыма напружана. Але перад паездкай пазычыў грошай, каб апраўдаць паездку. Ня ведаю, ці давядзецца паехаць зноў», — расказвае Іван.

Перавозчык з Горадні Арцём занепакоены, што бізнэс давядзецца згортваць.

«Я ня ведаю, ці сапраўды палякі закрылі пераход з палітычных матываў, за прысуд на 8 гадоў журналісту Пачобуту. Але мяне абурае, што і Ціханоўская са сваім кабінэтам ухваляе рашэньне польскіх уладаў закрыць пераход! Палітыкі нешта адстойваюць, а пакутуюць, як заўсёды, звычайныя людзі. Ды чвэрць гарадзенцаў выжываюць за кошт мяжы: хтосьці возіць людзей і грузы, хтосьці едзе на закупы і перапрадае. Не ад добрага жыцьця, дарэчы», — разважае Арцём.

«За тры гадзіны літоўскія памежнікі прапусьцілі толькі пяць аўтамабіляў»

Беларус Андрэй 11 лютага ехаў зь Літвы ў Беларусь празь пераход Райгардас — Прывалка. Кажа, што літоўскія памежнікі працавалі вельмі марудна: за 3 гадзіны прапусьцілі толькі 5 аўтамабіляў. Ноч яму давялося правесьці ў чарзе, у Горадню трапіў амаль праз суткі.

«За тры гадзіны літоўскія памежнікі прапусьцілі толькі пяць аўтамабіляў. У выніку я ноч зь сям’ёй і малымі дзецьмі быў вымушаны правесьці на мяжы і даехаў да Горадні толькі на наступны дзень», — абураецца Андрэй.

Прывалка — 26 гадзін у чарзе. 67 легкавікоў да шлягбаўма

У чаце «Граніца» 14 лютага людзі пішуць:

«Прыехаў на мяжу ў Прывалкі ў 19:00 13 лютага. На 14 гадзін 14-га шосты стаю на нэўтралцы. Карацей, капец».

«Прывалка, у бок Літвы. 26 гадзін прайшло, заехаў зараз чалавек на нэўтралку. Чакае».

«На Прывалцы 67 машын да шлягбаўма».

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі адзначае, што «з прычыны закрыцьця пункту пропуску „Баброўнікі“ павялічылася нагрузка на літоўскім кірунку», піша БелТА.

«Вялікая колькасьць легкавікоў захоўваецца на ўезд у Літву і Польшчу перад пунктамі пропуску „Райгардас“ („Прывалка“) и „Тэрэспаль“ („Берасьце“) За суткі праз гэтыя пункты пропуску ўехалі 61% и 44% аўтамабіляў ад нормы».

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG