Польшча хоча далучэньня Ўкраіны да Эўразьвязу «за некалькі гадоў», але ёсьць умова

Мітынг у падтрымку Ўкраіны ў Брусэлі. Архіўнае фота

Польшча хоча, каб Украіна стала сябрам Эўрапейскага Зьвязу празь некалькі гадоў, але для гэтага патрэбна перамога ў вайне.

Пра гэта ў эфіры тэлеканалу TVP Info заявіў намесьнік кіраўніка МЗС Польшчы Павэл Яблонскі.

Яблонскага спыталі, якім сыгналам павінен стаць саміт Украіна — ЭЗ у Кіеве 3 лютага.

У адказ дыплямат падкрэсьліў, што гэта вельмі важная падзея, бо «корань расейскай агрэсіі — жаданьне заблякаваць інтэграцыю Ўкраіны з Эўропай».

«Саміт Украіна — ЭЗ паказвае, што гэты адкрыты шлях да сяброўства, дасягнуты таксама дзякуючы польскай ініцыятыве, зьяўляецца нечым рэальным. Гэта ня проста лёзунгі, пустыя словы, а сапраўдная воля да супрацоўніцтва. Мы вельмі хочам, каб Украіна празь некалькі гадоў стала чальцом Эўрапейскага Зьвязу. Гэта рэальна, калі толькі мы дазволім Украіне выйграць гэтую вайну», — падкрэсьліў Павэл Яблонскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна спыніла новыя санкцыі Эўразьвязу супраць Менску? Рэакцыі Кіеву, Брусэлю і Ціханоўскай

Намесьнік кіраўніка МЗС Польшчы сказаў, што ўкраінская нацыя выразна паказвае, як яна хоча разьвівацца:

«Яна кажа: мы хочам быць бліжэй да Эўропы, мы хочам належаць да Эўрапейскага Зьвязу, мы хочам належаць да NATO».

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль казаў у інтэрвію Politico пра амбітны плян далучыцца да ЭЗ за два гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз абмяркоўвае новыя санкцыі супраць беларускіх уладаў. Свабода азнаёмілася з праектам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Шольц і фон дэр Ляен: Украіне патрэбен «плян Маршала»