Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна спыніла новыя санкцыі Эўразьвязу супраць Менску? Рэакцыі Кіеву, Брусэлю і Ціханоўскай


Сьцягі Эўразьязу і Беларусі. Ілюстратыўны фатаздымак.
Сьцягі Эўразьязу і Беларусі. Ілюстратыўны фатаздымак.

У Эўрапейскай камісіі заявілі, што санкцыйныя сьпісы ў сувязі з расейскай вайной ва Ўкраіне рыхтуюцца на канфідэнцыйнай аснове. Выказалася па тэме і Сьвятлана Ціханоўская.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка зьняпраўдзіў інфармацыю, што Беларусь ня трапіла ў апошнія санкцыйныя пакеты Эўразьвязу з-за пазыцыі Ўкраіны:

«Нагадаю, што за падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны ў дачыненьні да Беларусі ўведзены шэраг пэрсанальных (рэжым Лукашэнкі, вайсковае кіраўніцтва, прапагандысты, 25 дзяржаўных органаў і кампаній АПК, у тым ліку Мінабароны, КДБ, а таксама 8 беларускіх кампаній) і сэктаральных санкцый (цэнтральны банк і беларускія банкі, забарона паставак тавараў падвойнага прызначэньня, паслуг, дэпазытаў, эўра, угнаеньняў, а таксама забарона дзейнасьці грузавых апэратараў)», — паведаміў Алег Нікаленка.

У той жа час ён дадаў, што ўкраінскаму боку вядома, што краіны Эўразьвязу абмяркоўваюць пытаньне далейшай сынхранізацыі санкцый, уведзеных супраць Расеі. У той жа час, паводле нашай інфармацыі, кансэнсусу ўнутры Эўразьвязу пакуль няма. Украіна і партнэры цяпер актыўна працуюць для максымальна зьмястоўнага напаўненьня дзясятага санкцыйнага пакету ЭЗ, ухваленьня якога ўжо насьпела«, — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС Украіны.

Беларусь ня трапіла ў апошнія санкцыйныя пакеты Эўразьвязу, бо такая пазыцыя Ўкраіны, паведаміў журналіст Радыё Свабода з Брусэля Рыкард Юзьвяк. Па яго словах, украінскі бок патрабаваў ня ўводзіць дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Таму Беларусь ня трапіла пад санкцыі ЭЗ разам з Расеяй у апошніх санкцыйных пакетах.

Дзявяты пакет санкцый ЭЗ быў прыняты ў сьнежні. Тым часам у Брусэлі паскорылі працу над дзясятым пакетам санкцый супраць Расеі. Краіны-ўдзельніцы хочуць прыняць новы пакет да саміту Ўкраіна — Эўразьвяз у Кіеве, заплянаванага на пачатак лютага. Пра гэта паведаміла польскае інфармацыйнае агенцтва PAP.

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен сказала 11 студзеня:

«Мы будзем ціснуць на Крэмль санкцыямі столькі, колькі спатрэбіцца. Мы будзем распаўсюджваць санкцыі на тых, хто вайскова падтрымлівае вайну Расеі, такіх як Беларусь і Іран».

Эўракамісія: Абмеркаваньне санкцый зьяўляецца канфідэнцыйным

У Эўрапейскай камісіі тым часам заявілі, што санкцыйныя сьпісы ў сувязі з расейскай вайной ва Ўкраіне рыхтуюцца на канфідэнцыйнай аснове.

«Калі ёсьць юрыдычныя або фізычныя асобы зь Беларусі, якія былі ўключаныя ў санкцыйны сьпіс індывідуальнага пакету, то гэта залежыць ад дзяржаў і спосабу, пры дапамозе якога яны ўзгадняюць фармаваньне гэтых пакетаў. Абмеркаваньне, працэс рашэньня вакол гэтых пакетаў — каго ўключаць, якім будзе падоўжаньне санкцый ці пакетаў, — зьяўляецца канфідэнцыйным. Гэта адбываецца між дзяржавамі ў канфідэнцыйных размовах, таму мы не абмяркоўваем публічна дэталі, і, вядома, не абмяркоўваем, чаму нехта або нешта адсутнічае ў адпаведным пакеце», — паведаміў сьпікер Эўракамісіі Петэр Стано, якога цытуе сайт «Украінская праўда».

Такім чынам ён пракамэнтаваў паведамленьне аб тым, што Эўразьвяз нібыта па просьбе Ўкраіны вырашыў не караць улады Беларусі ў апошніх санкцыйных пакетах.

Петэр Стано дадаў, што санкцыі супраць Расеі пэрыядычна пераглядаюцца, гэтак сама, як і ў дачыненьні да яе памагатых.

«Мы прадоўжым уводзіць санкцыі супраць тых, хто падтрымлівае, дапамагае гэтым незаконным паводзінам Расеі. Мова пра Беларусь, але таксама і пра Іран і іншых людзей і арганізацый, пры неабходнасьці. Але яшчэ раз: усе дэталі канфідэнцыйныя. І калі дзяржавы пагодзяцца, што прыйшоў час уводзіць санкцыі супраць большай колькасьці асобаў і арганізацый зь Беларусі за іхную падтрымку гэтага незаконнага кровапраліцьця, якое ажыцьцяўляе Пуцін і ягоныя сілы на ўкраінскай тэрыторыі, то дзяржавы ўхваляць адпаведнае рашэньне», — патлумачыў ён.

Рэакцыя Ціханоўскай

Сьвятлана Ціханоўская лічыць, што саступкі рэжыму Лукашэнку зьяўляюцца памылковымі.

«Лукашэнка ніколі не трымае слова і будзе рабіць тое, што скажа Расея. Ён не выпадкова апынуўся ў такой сытуацыі. Ён не закладнік і не ахвяра — ён абраў інтэграцыю з Расеяй яшчэ ў 90-х, калі пачаліся падпісаньні дакумэнтаў пра саюзную дзяржаву. Ягоная палітыка прывяла да пачатку вайны супраць Украіны, а таксама да пагрозы незалежнасьці Беларусі. Яго саўдзел у вайне дазволіў адбыцца генацыду ў Бучы, Ірпені, Чарнігаўскай і Кіеўскай абласьцях», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

«Саступкі яму ў разгар вайны толькі ствараюць для яго пачуцьцё беспакаранасьці. Так ён упэўніваецца, што можа і далей праводзіць рэпрэсіі, забіваць людзей і дазваляць нападаць на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. А задача цывілізаванага сьвету — пазьбегнуць беспакаранасьці. Вінаватыя павінны панесьці адказнасьць — і нашая агульная задача гэтага дабіцца», — перакананая яна.

Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што трэба думаць пра інтарэсы беларускіх актывістаў, добраахвотнікаў і валянтэраў, якія дапамагаюць Украіне і змагаюцца супраць Расеі.

«Гэта людзі, якія сталі палітзьняволенымі за свой пратэст супраць вайны ва Ўкраіне і дыктатуры. Але дакладна гэта не Лукашэнка, які дае тэрыторыю Беларусі расейскім салдатам і ракетам».

Як адрэагавала апазыцыя ў Кіеве

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка (фракцыя «Эўрапейская салідарнасьць», адзін зь кіраўнікоў групы «За дэмакратычную Беларусь») заявіў, што, калі інфармацыя аб выключэньні Беларусі з санкцыйных сьпісаў сапраўдная, то можна казаць аб тым, што ўкраінскія ўлады зайграюць з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Зразумела, чаму яна (гульня. — РС) ёсьць. Тыпу — мы дапаможам Лукашэнку і тады яны не нападуць на нас з поўначы», — патлумачыў Аляксей Ганчарэнка.

Дэпутат перакананы, што міжнародная палітыка ўкраінскай улады мусіць быць прагматычнай і заснаванай на каштоўнасьцях.

«Адчуваньне, што можна перайграць дыктатараў — кепскае, яны заўсёды падставяць. Іран, Беларусь, Кітай — гэтыя краіны не падзяляюць нашыя дэмакратычныя каштоўнасьці. Калі Пуцін захоча, то Беларусь уступіць у вайну. Ніякі Лукашэнка гэтаму не перашкодзіць. Давайце зыходзіць з гэтага пастуляту і праводзіць міжнародную палітыку на аснове гэтага прынцыпу», — дадаў украінскі дэпутат.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG