Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ня трапіла ў апошнія санкцыйныя пакеты Эўразьвязу праз пазыцыю Ўкраіны


Прэзыдэнтка Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен
Прэзыдэнтка Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен

Разам з тым у Эўразьвязе заявілі пра намер увесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі за падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне

Беларусь ня трапіла ў апошнія санкцыйныя пакеты Эўразьвязу, бо такая пазыцыя Ўкраіны, паведаміў журналіст Радыё Свабода з Брусэля Рыкард Юзьвяк.

Па яго словах, украінскі бок патрабаваў ня ўводзіць дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Таму Беларусь ня трапіла пад санкцыі ЭЗ разам з Расеяй у апошніх санкцыйных пакетах.

Дзявяты пакет санкцый ЭЗ быў прыняты ў сьнежні. Тым часам у Брусэлі паскорылі працу над дзясятым пакетам санкцый супраць Расеі. Краіны-ўдзельніцы хочуць прыняць новы пакет да саміту Ўкраіна — Эўразьвяз у Кіеве, заплянаванага на пачатак лютага. Пра гэта паведаміла польскае інфармацыйнае агенцтва PAP.

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен сказала 11 студзеня:

«Мы будзем ціснуць на Крэмль санкцыямі столькі, колькі спатрэбіцца. Мы будзем распаўсюджваць санкцыі на тых, хто вайскова падтрымлівае вайну Расеі, такіх як Беларусь і Іран».

Кіраўніца Эўракамісіі: ЭЗ увядзе новыя санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі

Акрамя санкцый супраць Расеі, ЭЗ, паводле кіраўніцы Эўракамісіі, пашырыць санкцыі на краіны, якія падтрымліваюць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, у прыватнасьці на Беларусь і Іран.

«Мы неўзабаве ўвядзём новыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на яе ролю ў гэтай вайне Расеі супраць Украіны», — удакладніла яна.

Урзуля фон дэр Ляен таксама заявіла, што партнэры павінны перадаць Украіне баявыя танкі заходняга ўзору.

«Я гаварыла шмат разоў з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну: я лічу, што Ўкраіна павінна атрымаць усю неабходную зброю, у якой яна мае патрэбу, каб яны маглі справіцца з абаронай сваёй радзімы. Гэта азначае, вядома, перадавыя сыстэмы СПА, але і іншыя віды перадавога вайсковага абсталяваньня, столькі, колькі неабходна для абароны Ўкраіны», — падкрэсьліла кіраўніца Эўракамісіі.

  • У пачатку кастрычніка мінулага году Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў пытаньнях вайсковай бясьпекі прызнаў, што Беларусь бярэ ўдзел у «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» Расеі ва Ўкраіне.
  • Афіцыйна беларускае войска не прымае ўдзелу ў поўнамаштабнай вайне Расеі з Украінай, аднак Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для праезду і часовай дыслякацыі расейскіх войскаў, а зь яе тэрыторыі наносяцца ўдары па Ўкраіне. З прычыны дапамогі Расеі ў вайне супраць Украіны і масавых рэпрэсій ЗША, ЭЗ і Вялікая Брытанія ўвялі супраць Беларусі санкцыі.
  • Пры гэтым грамадзяне Беларусі ваююць на баку Ўкраіны, дакладная колькасьць беларусаў, якія бяруць удзел у вайне, невядома. Вядома пра некалькіх забітых. Сьвятлана Ціханоўская заяўляла аб 1500 беларусах, якія ваююць ва Ўкраіне. У пэтыцыі аб наданьні грамадзянства іншаземцам, якія ваююць на баку Ўкраіны, згадваюцца больш за дзьве тысячы грамадзянаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у абароне краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG