Расея нарошчвае сваю вайсковую групоўку ў Беларусі: прыбываюць новыя салдаты і тэхніка

Беларуска-расейскія вучэньні. Архіўнае фота
Беларуска-расейскія вучэньні. Архіўнае фота

Раней паведамлялалася, што ў Беларусь ужо прыбылі каля 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што ў краіну з Расеі працягваюць прыбываць асабовы склад, узбраеньне, вайсковая і спэцыяльная тэхніка для нарошчваньня супольнай рэгіянальнай групоўкі войскаў.

З новымі падразьдзяленьнямі правядуць баявое зладжваньне.

Апроч таго, адбудуцца супольныя лётна-тактычныя вучэньні авіяцыйных падразьдзяленьняў Беларусі і Расеі.

«Супольная падрыхтоўка беларускага і расейскага складнікаў рэгіянальнай групоўкі сіл мае комплексны характар і ахоплівае ня толькі баявы кампанэнт, але і ўсе сыстэмы забесьпячэньня», — адзначылі ў прэс-службе Мінабароны Беларусі.

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка заявіў, што расейскія падразьдзяленьні, сфармаваныя з мабілізаваных, праходзяць падрыхтоўку пераважна на палігонах у Віцебскай вобласьці Беларусі. Паводле яго інфармацыі, цягам наступных двух тыдняў частку расейскіх вайскоўцаў перакінуць на тэрыторыю Расеі з далейшым іх накіраваньнем у зону баявых дзеяньняў на Данбас, а на замену прышлюць частку вайскоўцаў з трэцяга армейскага корпусу шостай мотастралковай дывізіі.

Паводле яго, цяпер на тэрыторыі Беларусі праходзяць навучаньне да 10 500 расейскіх вайскоўцаў.

Летась 10 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што ля мяжы з Украінай будзе разгорнутая рэгіянальная групоўка войскаў. Пры гэтым ён спаслаўся на «пагрозы» з боку Ўкраіны і Захаду, не прывёўшы ніякіх доказаў сваім словам.

З кастрычніка Расея перакідала ў Беларусь вайсковую тэхніку, маёмасьць і вайскоўцаў па чыгунцы. Гэта сьведчыць, што РФ працягвае рыхтаваць Беларусь для нанясеньня новых удараў па тэрыторыі Ўкраіны. У лістападзе і сьнежні перасоўваньне тэхнікі працягнулася.

​
XS
SM
MD
LG