Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: Расея плянуе перакінуць у Беларусь для навучаньня новыя свае падразьдзелы

Беларуска-ўкраінская мяжа. Архіўнае фота
Беларуска-ўкраінская мяжа. Архіўнае фота

Кіеўская вобласьць дастаткова моцна падрыхтавалася да магчымага новага наступу Расеі з тэрыторыі Беларусі.

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка заявіў, што расейскія падразьдзелы, сфармаваныя з мабілізаваных, праходзяць падрыхтоўку пераважна на палігонах у Віцебскай вобласьці Беларусі.

«Паводле нашай інфармацыі, цягам наступных двух тыдняў частку расейскіх вайскоўцаў перакінуць на тэрыторыю Расеі з далейшым іх накіраваньнем у зону баявых дзеяньняў на наш украінскі Данбас. Ім на замену прышлюць частку вайскоўцаў з трэцяга армейскага корпусу шостай мотастралковай дывізіі», — паведаміў Сяргей Дэйнэка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Паводле яго, цяпер на тэрыторыі Беларусі, пераважна на палігонах у Віцебскай вобласьці, праходзяць навучаньне да 10 500 расейскіх вайскоўцаў.

«Мы бачым, што тэрыторыя Беларусі цяпер выкарыстоўваецца, менавіта яе вайсковая інфраструктура, для баявога зладжваньня расейскіх акупацыйных войскаў. Вядома, ворага нельга недаацэньваць. Калі вы запытаеце, ці ёсьць пагроза, вядома, яна ёсьць, але сказаць, што яна цяпер рэальная і крытычная, я не магу», — дадаў кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

«Мы разумеем, што, так званая саюзная дзяржава, якая дае зь першага дня вайны ўсю дапамогу дзяржаве-агрэсарцы — інфраструктуру, паветраную прастору, свае базы падрыхтоўкі, у любы момант можа даць дапамогу і ў выглядзе спрыяньня паўторнаму нападу на тэрыторыю нашай дзяржавы. Аднак на сёньня мы не фіксуем стварэньня наступальных груповак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — удакладніў Сяргей Дэйнэка.

«Калі яны гатовыя на другую паразу, тады можна пачаць яго [наступ] заўтра, напрыклад, але дастатковых сіл для гэтага ў іх няма і, паводле маіх ацэнак, у студзені наўрад ці яны, войска аб’яднанай саюзнай дзяржавы, будуць здольныя на тое, каб спрабаваць ажыцьцявіць паўторны наступ на тэрыторыю нашай дзяржавы», — перакананы кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка.

Камандуючы групоўкай сіл і сродкаў абароны Кіева генэрал-лейтэнант Аляксандар Паўлюк у эфіры тэлемаратону паведаміў, што створаная для абароны сталіцы групоўка здольная спыніць наступ.

«Кіеўская вобласьць дастакова моцна падрыхтавалася да магчымага новага наступу. Гэта некалькі рубяжоў вакол Кіева агульнай працягласьцю каля 1000 кілямэтраў, дзе на падмурку фартыфікацыйных пазыцый доўгатэрміновых абарончых збудаваньняў створана магутная сыстэма абароны, і так проста прайсьці будзе немагчыма», — адзначыў Аляксандар Паўлюк.

Паводле яго, цяпер уся мяжа зь Беларусьсю — гэта «суцэльныя завалы і мінныя палі».

«Да таго ж па іх сплянаваны агонь артылерыі, праца ад снайпэрскіх груп да мабільных вагнявых груп. Мы не плянуем прапусьціць іх далей мяжы», — падкрэсьліў камандуючы групоўкай сіл і сродкаў абароны Кіева.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG