Разьлічваўся шакалядкамі і станавіўся «Прадпрымальнікам году». Пяць фактаў пра рэпэтытара Лівянта, якога затрымалі сілавікі

Самага вядомага рэпэтытара Беларусі Яўгена Лівянта затрымалі проста пасярод уроку 27 сьнежня. Расказваем пра яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпэтытара Лівянта хочуць абвінаваціць у «спробе захопу дзяржаўнай улады». Расказваем пра гучнае затрыманьне

Рэпэтытарам працуе амаль 30 гадоў

Лівянт вучыўся на фізычным факультэце БДУ. Пэдагог вышэйшай катэгорыі, выкладае фізыку і матэматыку. Працуе рэпэтытарам з 1995 году, школьным настаўнікам стаў яшчэ ў 1988 году. Яму 56 гадоў, жанаты, у сям’і дзьве дачкі. У 2020 годзе Лівянт увайшоў у першы сьпіс Каардынацыйнай рады.

Адзін з заснавальнікаў адукацыйнага цэнтру «100 балаў»

Лівянт таксама кіруе навучальным цэнтрам, які пачаў працаваць у 2012 годзе. Цяпер гэта сетка адукацыйных цэнтраў у Менску і іншых буйных гарадах Беларусі. Там вучаць школьнікаў розным прадметам, у тым ліку рыхтуюць да ЦТ і паступленьня ў ліцэй.

Наведваць цэнтар Лівянта могуць дзеці рознага ўзросту, як дашкольнікі, так і вучні выпускных клясаў. Акрамя агульнаадукацыйных прадметаў, у цэнтры выкладаюць праграмаваньне, робататэхніку, лёгіку. Цэнтар супрацоўнічае з IT-кампаніяй ЕРАМ. Выхаванцы цэнтру станавіліся прызэрамі і пераможцамі конкурсаў па робататэхніцы.

У «100 балаў» падрыхтавалі больш за тысячу школьнікаў, у тым ліку некалькі дзясяткаў стобальнікаў. Сотні выпускнікоў паступілі ў прэстыжныя ВНУ Беларусі і сьвету.

У 2018 годзе цэнтар «100 балаў» стаў пераможцам у адной з намінацый дзяржаўнага конкурсу «Прадпрымальнік году».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прывесьці да ладу». Як рэфармавалі адукацыю пасьля заяваў Лукашэнкі

Змагаўся з канкурэнтамі

У 2019–2020 годзе ў рэпэтытарскага цэнтру «100 балаў» узьнік канфлікт зь іншым адукацыйным цэнтрам «КурсСэй», маладзейшым на 5 гадоў. Лівянт тады пісаў заяву на канкурэнтаў, якія, на ягоную думку, «касілі» пад больш вядомы цэнтар і выкарыстоўвалі падобны да іхняга нэймінг у сваёй працы. Заяву разглядала Міністэрства па антыманапольным рэгуляваньні і гандлі. Яно прыйшло да высновы, што закон не парушаны, канкурэнтаў Лівянта тады ніяк не пакаралі.

Крытыкаваў беларускую сыстэму адукацыі

«Міністэрства адукацыі лічыць рэпэтытараў ворагамі, а мяне — ворагам № 1», — казаў Лівянт у інтэрвію «Нашай Ніве» ў 2020 годзе.

Лівянт аналізаваў праблемы беларускай сыстэмы адукацыі — у камэнтарах і дыскусіях у мэдыя, а таксама на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках. Адно з апошніх пытаньняў, якія ён падымаў, — меркаванае ўвядзеньне ў 2023 годзе цэнтралізаванага экзамэну, Лівянт параўноўваў яго з цэнтралізаваным тэставаньнем.

Пэдагог крытыкаваў сыстэму падліку балаў падчас ЦТ, нізкі сярэдні бал, зь якім выпускнікі паступаюць у вышэйшыя вучэльні, вяртаньне школьнай формы і «вучэбна-вытворчых камбінатаў» у школы. Абараняў ліцэі і прыватныя школы ад закрыцьця.

Яўген Лівянт таксама выказваўся пра іншыя гучныя школьныя падзеі. Да прыкладу, пра стаўпецкую трагедыю, калі падчас уроку школьнік забіў вучня і настаўніцу, і пра скандальны выпадак, калі настаўніца замахнулася на вучня партай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Банальнасьць зла». У Менску прэзэнтавалі кнігу Дзьмітрыя Гурневіча «Забойства ў цэнтры Эўропы»

Крытыкаваў папярэдняга міністра адукацыі Ігара Карпенку ня толькі за ягоныя рашэньні, але і за стыль камунікацыі. Пасьля гэтага ў рэпэтытарскі цэнтар прыйшлі праверкі.

Вось некаторыя публічныя выказваньні Яўгена Лівянта:

  • «Тое, што робіць Міністэрства адукацыі, за мяжой здаровага сэнсу, маралі і закону» .
  • «Думаю, што галоўная мэта рэформы — схаваць вынікі папярэдніх рэформаў, якія прывялі да правалу сыстэмы школьнай адукацыі».
  • «Міністэрства адукацыі прыдумала нежыцьцяздольны гібрыд ЦТ і ЕГЭ».
  • «Пастаянныя зьмены ў сыстэме выпускных і ўступных экзамэнаў нагадваюць мне краму, дзе якасьць тавараў на паліцах усё горшая, іх становіцца ўсё менш, а кіраўніцтва бясконца зьмяняе касавыя апараты і касіраў, а яшчэ пераклейвае этыкеткі ў надзеі палепшыць стан рэчаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэдагогі пра рэформу гімназій: «Ніякага пасьлядоўнага пляну дзеяньняў у Мінадукацыі няма»

Часта пэдагог выказваўся з іроніяй:

«Паводле неправеранай інфармацыі, у новыя правілы ўступнай кампаніі ў ВНУ Міністэрства адукацыі плянуе дадаць дазвол для абітурыентаў на 4 падказкі падчас экзамэну:

1) адно тэлефанаваньне рэпэтытару;
2) магчымасьць прыбраць два з паловай няправільныя адказы ў адной з задач часткі А;
3) дазвол залічыць адзін няправільны адказ як правільны;
4) дапамога аўдыторыі пры адказе на адно з пытаньняў тэсту».

Некалькі чалавек адзначылі, што Лівянт займаўся пытаньнямі менавіта сыстэмы адукацыі ў Беларусі, але не крытыкаваў палітыку дзяржавы ў цэлым.

«Крыштальна чысты чалавек, які любіць дзяцей і пераймаецца за тое, што адбываецца ў сыстэме адукацыі. Што да палітычных схільнасьцяў, то ён прыхільнік нашай моцнай дзяржавы і дзяржаўнасьці», — ананімна ахарактарызаваў Свабодзе Лівянта ягоны знаёмы.

Разьлічваўся шакалядкамі

Лівянт як пэдагог вядомы лагоднасьцю і строгасьцю адначасова. Ён шмат жартуе з сваімі вучнямі, але пры гэтым можа пакінуць на дадатковыя гадзіны рашаць задачы або досыць рэзка выказацца пра вынікі вучня. Матывуе дзяцей вучыцца, пагражаючы працай у McDonald’s. Замест школьнай указкі ён мог выкарыстоўваць паласаты дручок, як у ДАІ.

«Валюта», якой карыстаюцца ў адукацыйным цэнтры, — гэта шакалядкі. Ужо традыцыя, калі выкладчык б’ецца аб заклад з вучнем, на колькі балаў той здасьць ЦТ. Той, хто прайграе, аддае пераможцу розьніцу балаў шакалядкамі. Абавязковая ўмова: шакалядкі павінны важыць роўна 100 грамаў. У кабінэце Яўгена Барысавіча быў цэлы сэйф з салодкімі падарункамі.

Дзеці таксама дазваляюць сабе жартаваць з выкладчыкам. Прыкладам, яны далі яму мянушку «Грынч», бо той таксама псуе людзям сьвяты. Прычынай стала тое, што цэнтар прапанаваў дзецям бясплатна наведваць заняткі ў зімовыя вакацыі, і многія бацькі забавязалі дзяцей вучыцца падчас адпачынку.

Такі дыялёг пераказаў Лівянт на сваёй старонцы ў Facebook:

«— Яўген Барысавіч, давайце дамовімся. Я згодная па аўторках працаваць па 3 гадзіны, але па чацьвяргах вы будзеце адпускаць мяне праз 2.

— Маша, вы ўжо ад стадыі адмаўленьня і гневу перайшлі да стадыі торгу. Неўзабаве дойдзем і да пятай стадыі — прыняцьце.

— Яўген Барысавіч, апошняя стадыя — гэта не прыняцьце, а помста, — сказала дзяўчына і чароўна ўсьміхнулася».

Што вядома пра затрыманьне Яўгена Лівянта

Яго затрымалі 27 сьнежня падчас уроку. Закідаюць «удзел у пратэстах» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сілавікі прымусілі Лівянта запісаць відэа, дзе той кажа, у чым вінаваты, на іхнюю думку, агучвае свой заробак і пералічвае сваю маёмасьць.

Да таго ж ідзе асобная праверка рэпэтыцыйнага цэнтру «100 балаў», які, «не зьяўляючыся ўстановай адукацыі, фактычна ажыцьцяўляў ліцэнзуемую дзейнасьць з дапамогай змовы з прыватнай школай „Апэльсін“».