Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпэтытара Лівянта хочуць абвінаваціць у «спробе захопу дзяржаўнай улады». Расказваем пра гучнае затрыманьне


Яўген Лівянт. Архіўнае фота
Яўген Лівянт. Архіўнае фота

Вядомага беларускага рэпэтытара, кіраўніка адукацыйнага цэнтру «100 балаў» Яўгена Лівянта затрымалі 27 сьнежня на занятках, якія ён вёў. Лівянт заўсёды публічна крытыкаваў сыстэму адукацыі ў Беларусі

«Браў удзел у адным паседжаньні Каардынацыйнай рады»

28 сьнежня блізкі да ГУБАЗіК тэлеграм-канал «Сводки Центра» апублікаваў «пакаяннае відэа», дзе Яўген Лівянт кажа, што ў жніўні 2020 году «выходзіў на праезную частку, блякаваў рух транспарту, за што і затрыманы супрацоўнікамі міліцыі».

Да таго ж на тым відэа Лівянт прызнаецца, што «браў удзел у адным паседжаньні Каардынацыйнай рады 20 альбо 21 жніўня 2020 году», што ён «удзельнічаў ня толькі ў перакрыцьці дарог і масавых парушэньнях парадку, але і непасрэдна распачаў спробу захопу дзяржаўнай улады» шляхам удзелу ў Каардынацыйнай радзе.

«Лівянт быў затрыманы таксама за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», — паведамляе «Sputnik Беларусь», спасылаючыся на свае крыніцы. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

Сілавікі прымусілі вядомага рэпэтытара агучыць ягоны заробак і пералічыць маёмасьць. Да таго ж стала вядома, што праводзіцца асобная праверка рэпэтыцыйнага цэнтру «100 балаў», які, «не зьяўляючыся ўстановай адукацыі, фактычна ажыцьцяўляў ліцэнзуемую дзейнасьць з дапамогай змовы з прыватнай школай «Апэльсін».

За дзень за затрыманьня дзеці далі Лівянту мянушку «Грынч»

26 сьнежня кіраўнік рэпэтыцыйнага цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт паведаміў бацькам сваіх вучняў, што падчас вакацый кожны працоўны дзень — з панядзелка па пятніцу — будуць праводзіцца дадатковыя заняткі зь дзецьмі. Працягласьць і колькасьць іх не лімітаваная, дадатковая аплата не патрабуецца.

Ва ўласьцівай Лівянту жартаўліва-іранічнай манеры ён зьвяртаўся да бацькоў навучэнцаў рэпэтыцыйнага цэнтру: «Лепшы падарунак абітурыенту на Новы год — чароўны бацькоўскі пэндзель, а два тыдні вакацый — чароўны час, каб вучань адпрацаваў усе пропускі заняткаў і рашыў усе нязробленыя кантрольныя работы».

«Прасунутыя» вучні адрэагавалі імгненна, даўшы свайму выкладчыку мянушку «Грынч» (маецца на вазе вядомы мастацкі фільм Рона Говарта «Грынч — выкрадальнік Раства» з Джымам Кэры ў галоўнай ролі. — РС).

Сам Яўген Лівянт, як аказалася, ня ведаў, што гэта азначае. Дзеці патлумачылі выкладчыку, што гэта «той, хто ўсім Раство псуе». Бо бацькі амаль усім загадалі хадзіць кожны дзень на заняткі.

Пост пра гэтую гісторыю на сваёй старонцы ў фэйсбуку спадар Лівянт апублікаваў 26 сьнежня.

Шасьцёра «стобальнікаў»

Рэпэтыцыйны цэнтар «100 балаў» быў заснаваны 10 гадоў таму пэдагогам вышэйшай катэгорыі Яўгенам Лівянтам і кандыдатам фізыка-матэматычных навук, дацэнтам Аляксеем Івановым. Сёлета 6 іхных вучняў атрымалі на Цэнтралізаваным тэставаньні 100-бальныя вынікі. У 2021 годзе яшчэ адзін вучань Лівянта набраў па сто балаў адразу па двух прадметах — матэматыцы і фізыцы. Усяго на рахунку цэнтру некалькі дзясяткаў абітурыентаў-стобальнікаў. Сотні выпускнікоў паступілі ў прэстыжныя ВНУ Беларусі і сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG