Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпэтытар параўнаў уступныя экзамэны ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне. Хто адстае


Ілюстрацыйнае фота

Стваральнік цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт лічыць, што на беларускім тэставаньні па матэматыцы ў абітурыентаў прапушчаны шэраг тэмаў, а само тэставаньне патрабуе ўдасканальваньня.

Рэпэтытар Яўген Лівянт прааналізаваў, якія тэмы сустракаюцца на ўступных экзамэнах у Беларусі, Украіне і Расеі — і заўважыў, што на беларускім цэнтралізаваным тэставаньні няма шэрагу тэмаў, якія ёсьць у іншых краінах.

Так, паводле рэпэтытара, у Беларусі няма задачаў на наступныя тэмы:

  • Вэктары;
  • Вытворныя;
  • Інтэгралы;
  • Тэорыя імавернасьці, камбінаторыка;
  • Статыстыка;
  • Геамэтрычныя задачы на доказы.

Ва Ўкраіне з гэтага пераліку няма задачаў толькі па статыстыцы, у Расеі — па вэктарах ды інтэгралах.

«Я палез глядзець тэст па матэматыцы ва Ўкраіне і быў уражаны якасьцю. У Расеі таксама добрыя тэсты, але я пра гэта ведаў раней. Яны ад нас адышлі як па арганізацыі прадметаў, так і па зьмесьце. А калісьці ў нас было лепш. У Расеі яшчэ да 2014 году можна было сьпісаць. Кантроль за абітурыентамі, сакрэтнасьць — у нас гэтыя пытаньні былі вырашаныя даўно. А вось зь якасьцю праблемы. У нас колькасьць тэмаў скарачаецца кожны год, у нас архаічная частка А (дзе трэба паставіць крыжыкі) і частка Б (дзе трэба ўводзіць адказы). У Расеі ўжо адмовіліся ад часткі, дзе можна выбраць адказы», — кажа Яўген Лівянт Свабодзе.​

«У нашых арганізатараў тэставаньня няма лёгікі»

Рэпэтытар дадае, што і ў Расеі, і ва Ўкраіне ёсьць заданьні, дзе трэба напісаць рашэньне. У Беларусі такога няма. Па замежнай мове ў Расеі і ва Ўкраіне ёсьць тэсты на аўдыяваньне і вымаўленьне.

«У нашых арганізатараў тэставаньня няма лёгікі, гэта проста недзеяздольнасьць. Часткі гэтых тэмаў няма і ў беларускай школьнай праграме па матэматыцы. Частка ёсьць для школ з паглыбленым вывучэньнем. Калі мы возьмем польскі ўступны экзамэн па матэматыцы, то альгебра будзе нашмат больш складаная, чым у Расеі ды Ўкраіне. Я б не шукаў лёгікі ў нашых чыноўнікаў ад адукацыі, яе проста няма», — падсумоўвае Яўген Лівянт.

Цяпер у Беларусі праходзіць цэнтралізаванае тэставаньне, якое служыць уступным экзамэнам ва ўнівэрсытэты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG