Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прывесьці да ладу». Як рэфармавалі адукацыю пасьля заяваў Лукашэнкі


Якія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра адукацыю прыводзілі да рэформаў і што зь гэтага атрымалася за апошнія 10 гадоў.

Залішне складаная матэматыка ў школе

Падчас нядаўняга прызначэньня Міхаіла Лусьцянкова рэктарам Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў складанасьць школьных праграм па матэматыцы і фізыцы за 8-ю і 9-ю клясы.

«Для школаў і ВНУ праграмы трэба рэанімаваць і прывесьці ў нармальны выгляд. У нас часам ужо ў восьмай-дзявятай клясе вывучаюць тое, што мы раней вывучалі ў ВНУ. Няўжо так жыцьцё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сур’ёзна заняцца адукацыяй. Калі міністар гэтага не зразумеў, значыць, ён не міністар», — сказаў Лукашэнка.

Глядзім, што яшчэ ў беларускай адукацыі зьмянілася з падачы Лукашэнкі.

Апошні званок у Менскай гімназіі. Ілюстрацыйнае фота
Апошні званок у Менскай гімназіі. Ілюстрацыйнае фота

Былі гімназіі — сталі школы

Адмысловым указам Аляксандар Лукашэнка адмяніў уступныя экзамэны ў 5-я клясы гімназіі. 2018 год стаў першым, калі гімназіі набіралі вучняў не паволе ўзроўню ведаў, а зыходзячы з прапіскі.

Што ў выніку. Гімназіі цяпер адрозьніваюцца ад школы толькі назвай і працуюць па аднолькавых навучальных праграмах.

Пра гімназіі пры гэтым Лукашэнка не выказваўся, але ня раз казаў, што «ўсе дзеці мусяць быць роўныя». Пасьля такіх заяваў у школах увялі «дзелавы стыль адзеньня».

«Дзеці не высыпаюцца»

У кастрычніку 2016 году Лукашэнка ўпершыню загаварыў пра занадта раньні пачатак заняткаў у школах. На яго думку, хадзіць у школу дзеці мусяць к 9 гадзінам раніцы. Пасьля тагачасны міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў ініцыяваў маніторынг. Высьветлілася, што толькі ў 30% школах заняткі пачынаюцца а 8:00.

У 2017 годзе, ужо новаму міністру адукацыі Ігару Карпенку, Лукашэнка зноў гаварыў пра пачатак заняткаў.

«Гадзіна раніцай дзіцяці паспаць — гэта чаго каштуе? І мяне ўсё пераконваюць, што гэта нармальна. Ну добра ўжо ў 10-11-й клясе, але малым гэтым, куды ж мы іх? Яны ўсё роўна раней 11-12 ня лягуць спаць», — казаў тады Лукашэнка.

Што ў выніку. У верасьні 2018 году большасьць школ ужо пачынала заняткі з 9 раніцы, хоць паводле дакумэнтаў школы могуць самі вызначаць, калі пачынаць заняткі. Рэформы ў сярэдняй адукацыі Лукашэнка ініцыюе апошнія тры гады (у 2011-м ягоны малодшы сын Мікалай пайшоў у школу).

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі з прэзыдэнтам Таджыкістану Эмамалі Рахмонам, 2018 год
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі з прэзыдэнтам Таджыкістану Эмамалі Рахмонам, 2018 год

«Перапісаць падручнікі»

У 2016 годзе Аляксандар Лукашэнка загадаў перапісаць падручнікі па гісторыі, каб «зрабіць іх зразумелымі».

«Яны павінны быць праўдзівымі, цікавымі, дакладна выкладзенымі і зразумелымі дзецям. Адказваць на вельмі важныя, істотныя пытаньні разьвіцьця нашай гісторыі», — пералічваў Лукашэнка патрабаваньні да падручнікаў.

Да 2018 году падручнікі сапраўды перапісалі. На думку рэпэтытара па гісторыі і грамадазнаўстве Аляксандра Луцэвіча, падручнікі сталі прыгожымі, але не без факталягічных праблем.

Што ў выніку. «У падручніках зьявілася шмат карцінак, яны сталі прыгожымі, як урокі на Youtube, але, напрыклад, вайна з Напалеонам называецца „Айчыннай“, а гэта расейская гістарыяграфія. Пакуль яшчэ ня выйшлі новыя падручнікі за 10-11 клясы, там будзе відаць, як расьпішуць тэму 1990-х», — кажа Аляксандар.

Школьныя падручнікі па гісторыі Беларус
Школьныя падручнікі па гісторыі Беларус

Адмена 12-гадовага навучаньня

У 2008 годзе ў Беларусі зьліквідавалі 12-гадовую сыстэму адукацыі (канцэпцыя 12-гадовай адукацыі пачала паступова ўводзіцца да 1996 году).

«Сучасная школа павінна захаваць усё лепшае, што зроблена за апошнія гады, і ў той жа час пазбавіцца ад непатрэбных напластаваньняў, якія толькі ўскладняюць працэс атрыманьня ведаў і не ўплываюць на якасьць адукацыі», — казаў Лукашэнка пасьля падпісаньня ўказу, які фіксаваў гэтыя зьмены.Таксама ў школе ўводзілася 5-дзённы працоўны тыдзень, а шосты дзень, субота, мусіў быць прысьвечаны фізкультуры і спорту. Тады ж зьліквідавалі профільныя клясы.

Што ў выніку. «Тады былі закрытыя ўсе профільныя клясы, і толькі цяпер у той ці іншай форме іх пачалі абнаўляць. А наогул, прыгадаць пазытыўныя зьмены ў нашай школьнай адукацыі складана. Добра, што дазволілі здаваць тэсты па чатырох прадметах, зрабілі тры рэзэрвовыя дні для праходжаньня тэставаньня, але налета мяняюць сыстэму падліку на тэставаньні, і вось гэта нівэлюе ўсе пазытыўныя зьмены», — падсумоўвае стваральнік цэнтру «100 балаў» рэпэтытар Яўген Лівянт.

Студэнты Горацкай сяльгасакадэміі на занятках
Студэнты Горацкай сяльгасакадэміі на занятках

Замест 5 гадоў у ВНУ стала 4

З 2012 году беларускія ўнівэрсытэты сталі часткова пераводзіць свае праграмы з 5-гадовага на 4-гадовы тэрмін навучаньня. Для пераходу выбралі больш за 200 спэцыяльнасьцяў. Такую задачу Аляксандар Лукашэнка паставіў на рэспубліканскай пэдагагічнай нарадзе ў 2011 годзе. Пераход на 4 гады навучаньня ў многіх ВНУ адбыўся за кошт скарачэньня няпрофільных гуманітарных дысцыплінаў.

Датэрміновае галасаваньне на мясцовых выбарах студэнтаў БНТУ, люты 2018. Ілюстрацыйнае фота
Датэрміновае галасаваньне на мясцовых выбарах студэнтаў БНТУ, люты 2018. Ілюстрацыйнае фота

Разьмеркаваньне — пакінуць

Абавязковую адпрацоўку 2 гадоў па разьмеркаваньні Аляксандар Лукашэнка адмяняць не захацеў. Ён неаднойчы выказваўся, што гэтага «патрабуе эканоміка».

«Прапаноўвалі адмовіцца: хай моладзь, скончыўшы ВНУ, сама вызначаецца ў жыцьці. Я катэгарычна супраць гэтага. Мы захавалі для ўсіх вас магчымасьць працаўладкавацца, пайсьці на працу, астатняе — за вамі», — казаў Аляксандар Лукашэнка.

Пры гэтым, выпускнікі ВНУ найчасьцей самі сабе шукаюць будучае месца працы, каб пайсьці на адпрацоўку, бо апошнія два гады заявак на выпускнікоў у шэрагу ВНУ прыходзіць менш, чым маецца выпускнікоў.

Што ў выніку. Самай галоўнай зьменай у вышэйшай адукацыі сябра грамадзкага Балёнскага камітэту Ўладзімір Дунаеў называе ўступленьне Беларусі ў Балёнскі працэс у 2015 годзе. Гэта пацягнула пазытыўныя рэформы, але адбываюцца яны вельмі павольна.

«Зьмены адбываюцца, але мы зь імі ўжо спазьніліся, гэта трэба было рабіць даўно. Я маю на ўвазе зьмены, якія прадугледжвае дарожная мапа для Беларусі ў межах Балёнскага працэсу. Напрыклад, у нас цяпер унівэрсытэты на 50-55% могуць самі вызначаць зьмест навучальных праграмаў, а раней было толькі 30%», — кажа Ўладзімір Дунаеў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG