Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі папрасіла ўзмацніць кантроль за ўхілістамі ад разьмеркаваньня пасьля ВНУ


Ілюстрацыйнае фота. Студэнты ідуць у рэктарат БДУ

У Беларусі хочуць узмацніць кантроль за выпускнікамі навучальных установаў, якія павінны адпрацаваць па разьмеркаваньні, але ўхіляюцца. Для гэтага Містэрства адукацыі прапануе «прыняць вычарпальныя захады дзеля спагнаньня сродкаў, затрачаных на навучаньне», паведамляе Tut.by.

Адпаведныя прапановы зьмяшчаюцца ў лісьце, які Мінадукацыі накіравала ў аблвыканкамы, Менгарвыканкам, Нацыянальную акадэмію навук, асацыяцыю наймальнікаў, а таксама ў рэспубліканскія рады рэктараў ВНУ, прафэсійна-тэхнічнай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі.

У лісте, падпісаным першым намесьнікам міністра адукацыі Ірынай Старавойтавай, адзначаецца: згодна з даручэньнем Савета Міністраў ад 4 кастрычніка 2018 году, «значная колькасьць выпускнікоў установаў адукацыі, якія былі накіраваныя на працу і не пачалі працаваць паводле разьмеркаваньня, «сьведчыць аб недастатковай працы ўстановаў адукацыі з самімі выпускнікамі і заказьнікамі кадраў, а таксама аб невыкананьні ў поўным аб’ёме замовы на падрыхтоўку кадраў».

Мінадукацыі просіць «дэталёва разабрацца ў кожным факце непрыбыцьця выпускніка да месца працы, прыняць вычарпальныя захады ў спагнаньні сродкаў, затрачаных на яго навучаньне, пры адсутнасьці аб’ектыўных прычынаў, вызначаных заканадаўствам».

Акрамя таго, ведамства просіць «выпрацаваць дзейсныя захады дзеля пазьбяганьня ў далейшым фактаў неабгрунтаванага непрыбыцьця да месца працы разьмеркаваных (накіраваных на працу) выпускнікоў». Зрабіць гэта трэба сумесна з заказьнікамі кадраў, радай рэктараў (дырэктараў). Прапановы трэба выпрацаваць і накіраваць да 15 лістапада.

Навучаньне за кошт прадпрыемства

Акрамя гэтага, улады задумаліся пра тое, каб пераняць у немцаў практыку падрыхтоўкі кадраў.

Для выкананьня даручэньня Савету Міністраў ад 10 кастрычніка 2018 году № 05/209-451/11589р, згодна зь якім «прафэсійную адукацыю неабходна якасна абнаўляць і ўдасканальваць, абапіраючыся на запатрабаваньні часу», ведамства просіць да 15 лістапада вывучыць досьвед Нямеччыны і «прапрацаваць магчымасьць укараненьня дуальнай сыстэмы падрыхтоўкі кадраў, пазначыць арганізацыі, зацікаўленыя ва ўкараненьні дуальнай адукацыі».

У лісьце таксама тлумачыцца, што такое дуальная адукацыя:

  • пры такім навучаньні студэнты (навучэнцы) набываюць тэарэтычныя веды ва ўнівэрсытэце (каледжы, прафэсійным ліцэі), а практычныя — на працоўным месцы на прадпрыемстве;
  • усё навучаньне, уключна з тэарэтычнай часткай, аплочвае прадпрыемства;
  • дуальныя студэнты (навучэнцы) атрымліваюць заробак зь першага працоўнага дня, прычым як падчас практыкі, так і падчас тэарэтычнага навучаньня;
  • заяўкі на дуальныя праграмы абітурыенты падаюць на прадпрыемствы і фірмы, як правіла, за год да заканчэньня школы, дакумэнты ў навучальную установу падаюць пасьля атрыманьня месца і падпісаньня дамовы.
  • у Нямеччыне пры дуальнай праграме адукацыі як мінімум 12 месяцаў прыпадаюць на практыку на прадпрыемстве (у некаторых выпадках — 18 месяцаў і больш), у цэлым навучаньне доўжыцца 4-5 гадоў.

Таксама Мінадукацыі папрасіла да 15 лістапада падаць іншыя прапановы аб:

  • якасным абнаўленьні і ўдасканаленьні прафэсійнай адукацыі;
  • мэханізмах прыцягненьня арганізацый – заказьнікаў кадраў да ўдзелу ў суфінансаваньні іх падрыхтоўкі;
  • мэханізмах стымуляваньня арганізацый да інвэстыцый у падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэньне кваліфікацыі спэцыялістаў, рабочых, служачых;
  • умацаваньне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў адукацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG