Беларус у складзе ПВК «Вагнэр» загінуў на вайне з Украінай. Сваякі не дачакаліся ні цела, ні кампэнсацыі
Рэкляма ПВК «Вагнэр». Ілюстрацыйнае фота
ПВК «Вагнэр» вэрбуе ў расейскіх калёніях і адпраўляе на вайну ў тым ліку грамадзян іншых краін, якія адбываюць у Расеі пакараньне, паведаміла праваабаронца, кіраўніца грамадзкага руху «Русь сидящая» Вольга Раманава.
«Пайшлі масавыя звароты ў „Русь сидящая“ з краін СНД. Грамадзян Беларусі, Узбэкістану, Кіргізістану, Азербайджану, якія адбываюць пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі ў РФ, вязуць на вайну.
Сястра загінулага зьняволенага, грамадзяніна Беларусі, ня можа дамагчыся ад ПВК «Вагнэр» цела брата, каб пахаваць на радзіме. Ні пра якія грошы, ні пра якую кампэнсацыю гаворкі не ідзе», — расказала ў сваім тэлеграм-канале кіраўніца руху «Русь сидящая» Вольга Раманава.
Вольга Раманава адзначыла, што на мінулым тыдні атрымалася абараніць чатырох грамадзян Узбэкістану, якія адбывалі тэрмін у яраслаўскіх зонах.
«А сёньня ўвечары зьвярнуліся сваякі ўзбэкаў, якія сядзелі ў Башкірыі. Забралі іх. Нам у „Русь сидящую“ напісала пасольства Ўзбэкістану, будзем трымаць сувязь. Агу, пасольствы Азербайджана, Кіргізістану, Таджыкістану! Ня хочаце пацікавіцца, чаму вашых грамадзян адпраўляюць забіваць украінцаў?», — напісала Раманава.
ПВК «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае вайсковае падразьдзяленьне, якое ня значыцца на балянсе вайсковых ведамстваў і ў рэестры юрыдычных асобаў, аднак яго байцы, па зьвестках шматлікіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, бяруць удзел у наземных апэрацыях РФ у Сырыі, Афрыцы і ў вайне ва Ўкраіне.
ПВК «Вагнэр» лічыцца адным з найбольш баяздольных падразьдзяленьняў, якія ўдзельнічаюць у баях на ўкраінскіх тэрыторыях. Паводле зьвестак расьсьледніцкай групы Bellingcat, байцы «Вагнэра» маюць дачыненьне да шматлікіх ваенных злачынстваў.
Паводле шматлікіх зьвестак, якія зьяўляліся ў расейскіх СМІ ў апошнія месяцы вэрбавалі на вайну ва Ўкраіну і зьняволеных у расейскіх калёніях. Паведамлялася, што прыяжджаў туды асабіста расейскі бізнэсмэн, уладальнік ПВК Яўген Прыгожын, якога лічаць цесна зьвязаным з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Загінулым на вайне ён абяцаў дастойнае пахаваньне. Тым, хто адваяваў паўгода, абяцае памілаваньне, ахвотным — далейшую працу ў ПВК.
Пры гэтым Яўген Прыгожын доўгі час адмаўляў як сваю сувязь з ПВК, так і вэрбаваньне зьняволеных.
Аднак напрыканцы верасьня 2022 году ён пацьвердзіў, што зьяўляецца заснавальнікам прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэр». Адпаведнае прызнаньне зьмяшчалася ў адказе прэс-службы зьвязанай з Прыгожыным кампаніі «Канкорд на запыт выданьня «Блокнот», апублікаваным у панядзелак, 26 верасьня, у расейскіх інтэрнэт-СМІ.
У сваім адказе Прыгожын паведамляе, што стварыў ваенізаванае фармаваньне ў траўні 2014 года для падтрымкі сэпаратыстаў Данбаса. Тады, зазначыў ён, «нарадзілася група патрыётаў, якая пасьля набыла назву БТГ «Вагнэр».