Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Левада-цэнтр»: індэкс настрою расейцаў упаў да мінімуму за 14 гадоў


Мабілізацыя ў Камсамольску-на-Амуры, верасень 2022
Мабілізацыя ў Камсамольску-на-Амуры, верасень 2022

Па выніках верасьня 2022 году, месяца, калі ў Расеі была абвешчана мабілізацыя насельніцтва на вайну ва Ўкраіне, амаль палова апытаных расейцаў адчуваюць страх, тугу, напружаньне або раздражненьне. Індэкс іх настрою дасягнуў мінімуму за 14 гадоў. Гэта вынікае з графіка «Левада-цэнтру».

Эканамічныя чаканьні расейцаў упалі да даваенных значэньняў. Прычым большасьць апытаных, як паказвае графік, чакаюць, што праз год будуць жыць горш, чым цяпер.

Рэзкае падзеньне дэманструюць і ўсе складнікі індэксу сацыяльных настрояў расейцаў. Больш за ўсё — да мінімуму з 2002 году — упаў індэкс, які паказвае, як за год зьмянілася жыцьцё рэспандэнта і ягонай сям’і. У верасьні 2022 году большасьць апытаных сказалі, што іхнае жыцьцё за апошні год пагоршылася.

Параўнальныя абвальваньні індэксу сям’і адбываліся пасьля ваеннага канфлікту з Грузяй у 2008 годзе і пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе, аднак тады падзеньне было больш плаўным, чым цяперашняе па стане на верасень 2022 году.

Графікі «Левада-цэнтру» паказваюць дынаміку настрояў расецаў. Кожнаму пункту графіку адпавядае розьніца паміж пазытыўнымі і нэгатыўнымі ацэнкамі ў дзень апытаньня з даданьнем 100, каб пазьбегнуць адмоўных значэньняў.

  • 21 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін аб’явіў у краіне мабілізацыю насельніцтва на вайну ва Ўкраіне і падпісаў адпаведны ўказ. Прэзыдэнт назваў яе частковай, аднак у адкрытай частцы ўказу ніякімі парамэтрамі яна не абмежаваная. Спачатку плянуецца заклікаць 300 тысяч рэзэрвістаў — сьцьвярджаецца, што гэта адзін працэнт ад мабілізацыйнага патэнцыялу Расеі.
  • З пачатку мабілізацыі ў Расеі, яшчэ да адпраўкі на вайну ва Ўкраіне, загінулі сама меней 17 мабілізаваных. Яны памерлі з розных, у тым ліку невядомых, прычынаў. Як мінімум трое зь іх учынілі самагубства.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG