У Расеі мабілізацыя. Беларусі падрыхтавацца?

Рэкляма кантрактнай службы ў войску на вуліцы ў Санкт-Пецярбургу. 20 верасьня 2022

Пуцін абвясьціў мабілізацыю. Тое, пра што даўно гаварыла палітызаваная публіка, што даўно прагназавалася экспэртнай супольнасьцю, адбылося. Як гэта можа паўплываць на Беларусь?

Тэрмін «частковая мабілізацыя» не павінен увесьці ў зман. Проста большую колькасьць, чым 300 тысяч «штыкоў», расейская вайсковая машына ня ў стане «засвоіць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў пра частковую мабілізацыю ў Расеі на вайну супраць Украіны. Шайгу назваў плян: 300 тысяч чалавек

Мабілізацыі спадарожнічаюць рэфэрэндумы аб далучэньні да РФ «ЛДНР», а таксама акупаваных частак Херсонскай і Запароскай абласьцей. Прычым, паводле папярэдняй інфармацыі, яны праводзяцца ліхаманкава, цягам 3 дзён. Расейскія ўлады не спрабуюць ладзіць нават нейкай імітацыі дэмакратычнай працэдуры. Бо як можна ў рэальнасьці падрыхтаваць рэфэрэндум за тры дні? Гэта азначае, што цяпер для Крамля зусім ня важна, як ягоныя дзеяньні выглядаюць звонку.

Доўгі час афіцыйныя прадстаўнікі РФ запэўнівалі, што, маўляў, усё ідзе згодна з плянам, усё нармальна, так і было задумана. Але контранаступ Украіны ўсё памяняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Расея фарсіруе рэфэрэндумы аб далучэньні акупаваных тэрыторый Украіны? Меркаваньне расейскага вайсковага экспэрта

Сам факт мабілізацыі і абсалютная прафанацыя з рэфэрэндумамі азначае, што Крэмль прызнае: «спэцапэрацыя» правалілася, усе першапачатковыя пляны пацярпелі крах. Трэба пераходзіць да надзвычайных захадаў. Мабілізацыя азначае, што Расея знаходзіцца ў стане вайны, хоць гэты тэрмін і не ўжываецца. І гэта даволі круты паварот у пляне ўспрыманьня сытуацыі грамадзкай сьвядомасьцю.

Мабілізацыя ў Расеі азначае эскаляцыю вайны ва Ўкраіне і абвастрэньне канфлікту Расеі з Захадам з усімі магчымымі наступствамі, уключаючы прымяненьне ядзернай зброі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія наступствы для Беларусі будзе мець мабілізацыя ў Расеі? Абмеркаваньне экспэртаў

Мяркуючы па ўчорашняй рыторыцы Лукашэнкі падчас ягонай сустрэчы зь дзяржсакратаром Савету бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам, ён ведаў пра гэтыя пляны Пуціна. І ягоныя заявы насілі, так бы мовіць, прэвэнтыўны характар. У тым сэнсе, што, маўляў, мы разам з Расеяй, у нас адзіная абаронная прастора, адзіная армія і інш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка больш ня кажа, што Беларусь ня ўдзельнічае ў вайне, і маўчыць пра амністыю. Гэта насьцярожвае, — Рудкоўскі

Якія магчымыя наступствы для Беларусі апошніх рашэньняў Масквы?

  1. Эскаляцыя канфлікту Расеі з Украінай і Захадам тым ці іншым чынам непазьбежна і нэгатыўна паўплывае на Беларусь. Гэта дрэнная навіна для беларусаў.
  2. Статус адзінага саюзьніка Расеі моцна абцяжарвае становішча Беларусі. Каляіна ператвараецца ў балота, якое зацягвае краіну ўсё глыбей.
  3. Лукашэнку давядзецца прыкладаць больш намаганьняў, каб дэманстраваць Расеі вайсковую падтрымку. Мілітарысцкія гульні, у якія Беларусь увязалася з пачатку году, набяруць новую дынаміку.
  4. Павялічыцца расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі. Нельга выключаць новага паходу на Кіеў зь беларускай тэрыторыі.
  5. Удзел беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне па-ранейшаму зьяўляецца мала верагодным. Бо беларускае грамадзтва гэта ўспрымае вельмі нэгатыўна.
  6. Усе магчымыя намеры размарозіць адносіны з Захадам, пра якія загаварылі ў зьвязку з абвешчанай амністыяй, адкідаюцца ўбок.
  7. Палітычныя рэпрэсіі атрымаюць новы імпульс. Вайна ўсё апраўдвае.
  8. Грамадзкія настроі беларусаў стануць яшчэ больш дэпрэсіўнымі. Павялічыцца эміграцыя зь Беларусі. Людзі баяцца, што і тут пачнецца мабілізацыя, і будуць спрабаваць пазьбегнуць яе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Іншыя публікацыі на тэму:

«Уварваньне правалілася». Міжнародныя рэакцыі на абвяшчэньне Пуціным мабілізацыі«Тысячы мужчын кінуць у мясарубку вайны». У Расеі абвясьцілі ўсеагульную акцыю пратэсту супраць абвешчанай Пуціным мабілізацыі«Расея вырашыла Ўкраіну закідаць трупамі». Як ва Ўкраіне адрэагавалі на заяву Пуціна аб мабілізацыіЯк Ціханоўская і Лукашэнка адрэагавалі на мабілізацыю ў РасеіРэакцыя на мабілізацыю ў Расеі? Квіткі «Белавія» на блізкія даты раскупілі. Куды і за колькі можна вылецець зь МенскуРада БНР: «Падтрымка Лукашэнкам Пуціна не зьяўляецца выяўленьнем волі беларускага народу»Латвія ня будзе ўпускаць грамадзян Расеі, якія схочуць пазьбегчы мабілізацыі