Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка больш ня кажа, што Беларусь ня ўдзельнічае ў вайне, і маўчыць пра амністыю. Гэта насьцярожвае, — Рудкоўскі


Акадэмічны дырэктар БІСС (Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў) Пётра Рудкоўскі расказвае, што яго трывожыць у апошніх заявах Лукашэнкі, тлумачыць, як мяняюць сытуацыю абвешчаныя рэфэрэндумы ў ДНР і ЛНР, і аналізуе, як апошнія заявы Лукашэнкі могуць паўплываць на абвешчаную амністыю.

Сьцісла:

  • Рэфэрэндумы ў ДНР і ЛНР павялічваюць эскаляцыю і зноў ставяць пытаньне, ці будзе прымушаны беларускі рэжым да ўдзелу ў вайне.
  • Беларусь — адна зь нямногіх краін рэгіёну, дзе выдаткі на нацыянальнае войска вельмі нізкія, не перавышаюць 1,5 працэнта ад ВУП.
  • Лукашэнка хацеў бы выйсьці сухім з гэтай пуцінскай вады.
  • Лукашэнка кажа — мы, маўляў, даўно ў ваенным саюзе з Расеяй, таму нічому не зьдзіўляйцеся. І гэта вельмі насьцярожвае.
  • Разьвіцьцё падзей на вайне і апошнія заявы Лукашэнкі ставяць усё больш пытаньняў што да магчымасьці амністыі.

— Вось ужо другі дзень Лукашэнка сустракаецца зь сілавікамі — міністрам абароны, сакратаром Рады бясьпекі, старшынём Мытнага камітэту — і падчас гэтых сустрэчаў зрабіў шмат даволі рэзкіх мілітарысцкіх заяваў. Чым можна патлумачыць ягоныя сёньняшнія рэзкія выказваньні? Магчыма, на фоне навінаў з Масквы Лукашэнка, які загадзя ведаў пра пляны Крамля, адпаведна на іх рэагуе?

— Мы можам назіраць абвастрэньне рыторыкі, якая, канечне, даўно была заўважна антызаходняя, антыўкраінская, — але зараз яна акумулявалася максымальна густа і агрэсіўна. Вельмі выразна былі падкрэсьленыя саюзьніцкія абавязаньні Беларусі адносна Расеі.

Таксама заслугоўвае сур’ёзнай увагі абвяшчэньне рэформы канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі, якая будзе вынесена на «ўсеагульнае абмеркаваньне». Вядома, гэта імітацыя, але гэта сьведчыць пра жаданьне надаць гэтай канцэпцыі большую легітымнасьць. Зь іншага боку, гэта можа быць проста зьвязана з тым, каб зацягнуць час.

— Цяперашняя канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі дастаткова ўзважаная, «шматвэктарная», ніхто з суседзяў там не называецца ворагам. Здаецца, у цяперашняй сытуацыі можна чакаць толькі аднаго — заходнія суседзі Беларусі будуць названыя ворагамі, яна набудзе большую прарасейскасьць.

— Калі падыходзіць здалёк да гэтай тэмы, то варта заўважыць, што стратэгічная пасьлядоўнасьць ніколі не была моцным бокам беларускага рэжыму. За час падрыхтоўкі выніковага дакумэнту «Канцэпцыі» сытуацыя можа радыкальна памяняцца, і цяперашнія заявы могуць страціць сваю актуальнасьць.

Тым ня менш тое, што прагучала зараз, — гэта адназначна прарасейская і антызаходняя пазыцыя. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што Менск павінен аддаваць даніну Маскве пад яе прэсінгам. Сёньня ўлады так званых ДНР і ЛНР абвясьцілі рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі, што сур’ёзна мяняе сытуацыю для далейшай хады вайны. Натуральна, гэта павялічвае эскаляцыю і зноў ставіць пытаньне, ці будзе прымушаны беларускі рэжым да больш актыўнага ўдзелу ў гэтай вайне.

— Лукашэнка «традыцыйна» для сябе сёньня чарговы раз казаў пра тое, як трэба «абараняць» Беларусь. Ён зноў хоча прадставіць любыя магчымыя дзеяньні як прэвэнтыўны адказ на чужую агрэсію?

— Унутрыпалітычны чыньнік выконвае тут важную, магчыма, галоўную ролю. Тут два моманты. Па-першае, улады баяцца новага выбуху пратэстаў. Чакаюцца істотныя інстытуцыйныя зьмены, ініцыяваныя рэжымам у выніку прыняцьця новай Канстытуцыі.

Па-другое, Беларусь — адна зь нямногіх краін рэгіёну, дзе выдаткі на нацыянальнае войска вельмі нізкія, не перавышаюць 1,5 працэнта ад ВУП. У рэгіёне Беларусь тут на другім з канца месцы (апошняя — Малдова) па мізэрнасьці фінансаваньня Ўзброеных сілаў.

Цікава, што ў рыторыцы Лукашэнкі ўзровень зьнешніх пагрозаў увесь час нібыта расьце, і гэта ў яго прасочваецца гадамі. Але адначасова з гэтым фінансаваньне арміі як зьнізілася ў 1995 годзе, так і застаецца на вельмі малым узроўні, нават зьніжаецца ў прапорцыях да бюджэту. Таму Менск падкрэсьлівае наяўнасьць супольнай вайсковай групоўкі з Расеяй — маўляў, навошта даваць грошы на сваё войска, калі нас заўсёды абароніць Расея.

Але за такую пазыцыю даводзіцца плаціць — залежнасьцю свайго войска ад чужога.

— Абвяшчэньнем пра рэфэрэндумы ў ДНР і ЛНР, а таксама, магчыма, і ў іншых захопленых рэгіёнах Пуцін падымае стаўкі ў гэтай вайне. Аналітыкі кажуць, што гэта адбываецца ў тым ліку таму, што на саміце ШАС Расея не займела ніякай падтрымкі ад моцных азіяцкіх краінаў — таму Крэмль і сьпяшаецца.

— Мала сказаць — «не займела падтрымкі». На сустрэчы з Пуціным прэм’ер-міністар Індыі публічна і адназначна выказаўся супраць вайны. З боку іншых гэта таксама магло прагучаць кулюарна. Відавочна, што сальда ад саміту ШАС для Пуціна вельмі нэгатыўнае.

Выглядае, што Крэмль вырашыў згуляць ва-банк, і гэта стварае новы ўзровень небясьпекі для ўсяго сьвету. Пуцін, аднак, рызыкуе тут больш за ўсіх астатніх.

— Якія наступствы для Беларусі можа прынесьці гэтая эскаляцыя вакол «рэфэрэндумаў»? Выглядае, што Лукашэнка ведаў пра пляны Крамля, таму і пачаў сустракацца зь сілавікамі.

— Мы ня можам угадваць, на якой стадыі знаходзяцца ўнутраныя дамоўленасьці Лукашэнкі і Пуціна. Можна здагадвацца, што Лукашэнка хацеў бы выйсьці сухім з гэтай пуцінскай вады.

Але сёньняшнія выказваньні Лукашэнкі мяне вельмі насьцярожылі. Цягам паўгода ён заўсёды ўстаўляў рэпліку, што Беларусь у вайне ня ўдзельнічае, стаіць збоку, мы, маўляў, толькі падтрымліваем. Але сёньня нічога падобнага не было. Была гаворка пра тое, каб пазьней ніхто нічому не зьдзіўляўся, каб не казалі, што гэта была нечаканасьць. Бо, мы, маўляў, даўно ў ваенным саюзе з Расеяй, таму нічому не зьдзіўляйцеся. І гэта мяне вельмі насьцярожвае.

— Улады абвясьцілі, што да даты 17 верасьня, афіцыйнага «Дня нацыянальнага адзінства» будзе прымеркаваная амністыя. Але ўжо 20-га, а амністыі дагэтуль няма. Магчыма, гэта чыста тэхнічны аспэкт. Аднак ці не мяняюць сёньняшнія выказваньні Лукашэнкі, у тым ліку пра ворагаў і «сьвядомых», палітычны фон для гэтай амністыі?

— Цалкам магчыма. Хутчэй за ўсё, сытуацыя памянялася, бо Пуцін наважыўся на новую фазу агрэсіі, і таму Лукашэнка паўстаў перад новымі акалічнасьцямі. І дзеля таго, каб не рызыкаваць магчымай дэстабілізацыяй — цяпер справа амністыі, яе маштабы і ўмовы, магчыма, пераглядаюцца.

Хоць рэжым робіць усё, каб даць зразумець, што ніякай палёгкі і адлігі не чакаецца, — яны, хутчэй за ўсё, маюць перасьцярогі, што амністыя будзе ўспрынята грамадзтвам як праява слабасьці ўлады. Занадта няўпэўнена пачуваецца рэжым, і да таго ж, відавочна, паўсталі новыя патрабаваньні з боку Крамля. Хацелася б, каб гэтыя мае развагі ня спраўдзіліся і як мага больш палітвязьняў выйшлі б на волю — аднак апошняе разьвіцьцё падзей на вайне і заявы Лукашэнкі, на жаль, ставяць усё больш пытаньняў што да амністыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG