Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калябаранты ў «ЛДНР» і Херсонскай вобласьці вырашылі правесьці «рэфэрэндум» аб уваходжаньні ў склад РФ


Херсонская вобласьць
Херсонская вобласьць

Акупацыйныя адміністрацыі і калябаранты ў раёнах Данецкай, Запароскай, Луганскай, Херсонскай абласьцей Украіны, часова захопленых Расеяй, адначасова заявілі аб рэфэрэндумах 23-27 верасьня аб уваходжаньні ў склад РФ.

Прызначаныя Расеяй «улады» акупаванай часткі Херсонскай вобласьці вырашылі правесьці «рэфэрэндум» аб уваходжаньні ў склад РФ, паведаміў «кіраўнік» акупацыйнай адміністрацыі Ўладзімір Сальда.

Паводле яго, гэтае рашэньне «ўлады» акупаванага расейскімі войскамі рэгіёну прынялі, «разгледзеўшы звароты грамадзкіх арганізацый і жыхароў рэгіёну».

«Упэўнены, што кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі прыме вынікі рэфэрэндуму і Херсонская вобласьць увойдзе ў склад Расеі, стаўшы паўнапраўным суб’ектам адзінай дзяржавы», — адзначыў Сальда.

Ён таксама заявіў аб неабходнасьці стварэньня і фармаваньня на тэрыторыі Херсонскай вобласьці добраахвотніцкіх батальёнаў для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях супраць Украіны. На думку Сальда, «расейскі народ і прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімір Пуцін выступяць гарантамі бясьпекі і росквіту нашага рэгіёну».

Так званая «ДНР» таксама прызначыла правядзенне рэфэрэндуму з 23 па 27 верасьня. Пра гэта заявіў «кіраўнік рэспублікі» Дзяніс Пушылін. «Дэпутаты парлямэнту» так званай «ЛНР» аднагалосна прынялі закон аб правядзеньні «рэфэрэндуму». Пра гэта паведаміў першы намесьнік старшыні камітэту Дзярждумы РФ у справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыньнікамі Віктар Вадалацкі.

Тым часам у акупаваным расейскімі войскамі Мелітопалі адбыўся «Агульнанародны зьезд грамадзян Запароскай вобласьці», арганізатарамі якога сталі прызначаныя Расеяй «улады» рэгіёну. На гэтым зьезьдзе прадстаўнікі грамадзкага руху «Мы разам з Расеяй» зьвярнуліся да «кіраўніка» Запароскай вобласьці Яўгена Баліцкага з просьбай таксама правесьці «рэфэрэндум» аб уваходжаньні ў склад РФ. Рэзалюцыю з гэтай нагоды прынялі «аднагалосна».

Раней сваё меркаваньне пра «рэфэрэндумы» на акупаваных тэрыторыях выказаў намесьнік старшыні Савету бясьпекі РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў. Паводле яго, «рэфэрэндумы» цалкам мяняюць вэктар разьвіцьця Расеі на дзесяцігодзьдзі.

«Пасьля іх правядзеньня і прыняцьця новых тэрыторый у склад Расеі геапалітычная трансфармацыя ў сьвеце набудзе незваротны характар. Замах на тэрыторыю Расеі — злачынства, учыненьне якога дае магчымасьць выкарыстоўваць усе сілы самаабароны», — напісаў Мядзьведзеў.

Рэакцыя ў Кіеве: Украіна будзе вызваляць свае тэрыторыі

Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, заявіў, што рашэньне аб хуткім правядзеньні так званых «рэфэрэндумаў» на акупаваных тэрыторыях сьведчыць аб страху разгрому з боку Расеі.

«Наіўны шантаж пагрозамі і страшылкамі «рэфэрэндумаў», «мабілізацый ад тых, хто ўмее ваяваць толькі зь дзецьмі і мірнымі жыхарамі… Так выглядае страх разгрому. Вораг баіцца, прымітыўна маніпулюе. Украіна вырашыць расейскае пытаньне. Пагрозу можна зьліквідаваць толькі сілай», — напісаў Андрэй Ярмак у сваім тэлеграм-канале.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што фэйкавыя «рэфэрэндумы» і гібрыдная «мабілізацыя» ня зьменіць статус Расеі як краіны-агрэсаркі.

«Расея як была, так і застанецца дзяржавай-агрэсаркай, якая незаконна акупоўвае частку ўкраінскай зямлі. Украіна мае поўнае права вызваляць свае тэрыторыі і будзе далей іх вызваляць, што б там не казалі ў Расеі», – заявіў Дзьмітро Кулеба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG