Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Ва Ўкраіне ствараюцца ці то палкі, ці то батальёны для зрынаньня ўлады ў Беларусі»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка: «Гэтыя „сьвядомыя“ — гэта ворагі».

Аляксандар Лукашэнка падзяліўся страхам спробы зноў зрынуць яго на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Беларусі Аляксандрам Вальфовічам, аднак затым сказаў, што плянам ператварыць Беларусь у падабенства цяперашняй Украіны не наканавана спраўдзіцца.

На думку Лукашэнкі, неабходна бачыць і апярэджваць спробы дзейнічаць у гэтым кірунку, захоўваць пільнасьць, цытуе яго агенцтва БелТА.

«Усё больш і больш атрымліваю інфармацыі, што тыя зьбеглыя і іхныя сваякі тут залеглі ціхенька, адляжаліся; сёньня разгортваюць бізнэсы і прама гавораць аб тым, што, вось мы тут цяпер грошай назапасім, а потым мы тут учынім бучу. А ва Ўкраіне ўжо ствараюцца нейкія ці то палкі, ці то батальёны для зрынаньня ня толькі ўлады, але для таго, каб адарваць Беларусь і далучыць да блёку NATO. Зноў хочуць новую Ўкраіну тут у Беларусі стварыць. Гэта недапушчальна. Я пра гэта кажу шчыра і адкрыта. Каб ведалі».

Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што нельга супакойвацца, паступова аддаляючыся ад падзей 2020 году.

«Нам нельга супакойвацца. Мы ў гэтым катле. Нам спакойна жыць не дадуць. Нас увесь час будуць ціснуць па ўсіх кірунках. А гэтыя „сьвядомыя“ — гэта ворагі. Разумееце, гэта ўжо ворагі, калі не разумеюць, што адбываецца навокал, і ствараюць тут праблемы», — сказаў ён.

Па словах Лукашэнкі «ворагі» толькі і чакаюць «патрэбнага моманту».

Акрамя таго, ён спыніўся на пытаньнях прыватнай адукацыі і запатрабаваў «зачысьціць усё да немагчымасьці». Ён даручыў увесьці ліцэнзаваньне ў адукацыі, каб не дапусьціць «антыдзяржаўнай дзейнасьці».

Выказваньні Лукашэнкі сталі прычынай двух нядаўніх дыпляматычных скандалаў. Беларускага амбасадара Анатоля Калініна выклікалі ў Міністэрства замежных спраў і эўрапейскай інтэграцыі Малдовы за выказваньні Лукашэнкі на форуме «Гэта наша гісторыя» ў Менску. Aд дыплямата запатрабавалі тлумачэньняў у сувязі са словамі Лукашэнкі аб тым, што нібыта «ЗША падштурхоўваюць Эўропу да ваеннай канфрантацыі з Расеяй», а наступнымі ўцягнутымі ў канфлікт могуць быць Малдова, Польшча, Румынія ці краіны Балтыі.

Ня толькі ў Малдове абурыліся такімі словамі Лукашэнкі. Яшчэ да таго МЗС Румыніі ўручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту. У дакумэнце адзначана, што Бухарэст «катэгарычна абвяргае такія недапушчальныя заявы, якія падсілкоўваюць рыторыку, якая грунтуецца на закліку да сілы і пагрозе сілай у міжнародных адносінах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG