Урок нянавісьці. Лукашэнка выступіў на форуме, прысьвечаным 17 верасьня

Аляксандар Лукашэнка

Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіў на форуме «Гэта наша гісторыя», прымеркаваным да афіцыйнага сьвята — Дня народнага адзінства.

У сваёй прамове ён працягнуў кампанію распальваньня нянавісьці да Польшчы і да Захаду ў цэлым.

Знайшлося ў ёй месца і наўпроставаму трызьненьню кшталту таго, што Польшча атрымала сваю незалежнасьць ад ленінскага Саўнаркама, а польскія эліты і сёньня называюць Заходнюю Беларусь «крэсамі ўсходнімі».

Паводле яго «вяртаньне» (насамрэч усталяваньне) сьвята 17 верасьня — гэта «адказ на новыя спробы Захаду падзяліць беларускі народ па жывому і разарваць на кавалкі краіну». Калі гэта Захад хацеў менавіта падзяліць Беларусь, акрамя як у скрыўленай сьвядомасьці Лукашэнкі?

Ён у сваёй прамове прапанаваў арыгінальную трактоўку БНР. Паводле яго, заснавальнікі рэспублікі думалі толькі пра ўладу, як і іх нашчадкі ў 2020 годзе. Выглядае, што гэта псыхалягічнае праецыраваньне сваёй ўласнай неспатольнай прагі ўлады на іншых — на сваіх сучасных апанэнтаў і на іх папярэднікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка можа стаць першай ахвярай расейска-ўкраінскай вайны, — украінскі палітоляг Магда

Цалкам недарэчна прагучала і тэза — «развал Украіны ўжо пачаўся». Гэта — на ўзроўні пыхлівых заяваў напярэдадні вайны і ў яе першыя дні пра «тры дні», празь якія Ўкраіна будзе разгромленая. Украіна выстаяла ў вайне больш чым паўгода. Зараз яна адзіная, як ніколі. Частка яе акупаваная агрэсарам, але гэта ў любым выпадку не развал. І да гэтай акупацыі, да дапамогі агрэсару Лукашэнка мае наўпроставае дачыненьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Украіна пераламіла ход вайны. Генштаб Узброеных сіл Украіны: расейцы імкліва пакідаюць свае пазыцыі

Асабліва неадэкватнай прагучала тэза пра «развал Украіны» на фоне расейскай паразы ў Харкаўшчыне.

Напэўна, цэнтральная тэза ўсёй прамовы Лукашэнкі: што толькі разам з усходнеславянскімі братамі беларусы квітнелі, а разам з Захадам — гібелі. Досыць прымітыўная трактоўка складанай беларускай гісторыі, але яна павінная спадабацца ў Маскве. Хаця там яе трактуюць яшчэ прасьцей: што Беларусь — гэта Расея.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пацан, які нічога не разумее ў палітыцы». Чым канцлер Шольц правініўся перад Лукашэнкам

Прыгадваючы ў сваёй прамове праз слова сувэрэнітэт, Лукашэнка ніводнага разу не прыгадаў, што з сувэрэннай беларускай зямлі ляцяць ракеты аднаго ўсходнеславянскага народу на галовы іншага. І што альбо ў яго ніхто на гэта і не пытаецца дазволу, і тады якая гаворка пра беларускі сувэрэнітэт, альбо ён ухваляе гэтую агрэсію аднаго ўсходнеславянскага народу супраць іншага, і тады якая гаворка пра братэрства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Беларусі саюз азіяцкіх краінаў? Тлумачыць палітоляг

Напэўна, імпэту Лукашэнку надаў яго ўдзел у саміце ШАС, сустрэчы зь кіраўнікамі шэрагу ўплывовых краінаў сьвету, якія ў большай ці меншай ступені настроеныя па-антызаходніцку. Лукашэнка прыгадаў падчас прамовы свае размовы ў Самаркандзе як доказ злавеснай глябальнай ролі Вашынгтону.

Ня выключана, што паўплывала і пазыцыя Захаду, у прыватнасьці, Эўразьвязу. Днямі яна была выкладзеная ў інтэрвію DW прэсавым сакратаром Зьвязу Петарам Стана. Сутнасьць гэтай пазыцыі — што за рыторыку і нават за дробныя крокі па лібэралізацыі ЭЗ ісьці на саступкі Лукашэнку не зьбіраецца. Спадар Стана сфармуляваў гэта публічна, напэўна, непублічна гэтая пазыцыя да беларускіх уладаў была данесеная раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік ЭЗ пра Лукашэнку: «Ён крыніца і прычына ўсіх праблем, якія ёсьць у Беларусі»

Відаць, два гэтыя чыньнікі натхнілі прамоўцу: з намі ШАС, а гэта паўсьвету, а Захад — гэта ворагі. І нашыя, і братоў па ШАС.

Аднак, як казаў герой савецкай кінастужкі, Усход — справа тонкая. Яму могуць паціскаць руку, лаяць у размовах Захад, але сваім для азіяцкіх лідэраў Лукашэнка ня стане, хоць апране цюбяцейку і нават надзене ненавісную маску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кітайскай маскай на твары. Лукашэнка спрабуе памяняць «старэйшага брата»

У іх свае няпростыя адносіны з Захадам, але хадзіць разам з Лукашэнкам у «крыжовыя паходы» супраць Захаду яны ня будуць. А ён для іх так і застанецца дробным сатэлітам Масквы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.