«На сьвеце няма такога моргу, каб зьмясьціць усіх забітых тут». Беларуска цудам вырвалася з Бучы, але вярнулася, каб дапамагаць 

Пропуск Кацярыны Пацёмкінай

Свабода пісала пра беларускую палітычную эмігрантку Карыну Пацёмкіну. Яна ўцякла ад рэпрэсій на радзіме ва Ўкраіну. Трапіла пад расейскую акупацыю ў Бучы, адкуль зь цяжкасьцю вырвалася. Валянтэрыла ў Львове. Цяпер Карына вярнулася ў Бучу, каб працягваць дапамагаць украінцам.

«Я сабраная, загартаваная, ніякай панікі ў мяне няма»

З Бучы Карына зь сябрам Ігарам цудам, як яны самі кажуць, выбраліся 8 сакавіка. Тады ўжо Буча была пад акупацыяй і іх ледзьве не расстралялі расейцы. Карына пажыла некалькі дзён у Кіеве. Потым на прапанову кіраўніка Беларускага крызіснага цэнтру ў Львове Аляксея Францкевіча паехала на захад Украіны. Прытулак у Львове ёй далі беларусы, якія таксама ратаваліся ад рэпрэсій на радзіме. Карына ўключылася ў валянтэрскую дзейнасьць, далучылася да ўкраінскай плятформы «СпівДія». Карына прымала і апрацоўвала просьбы аб рознай дапамозе для людзей.

Целы людзей, некаторыя са звязанымі за спіной рукамі, на зямлі ў Бучы, Украіна, 4 красавіка 2022 года

«Калі я ўбачыла здымкі з вызваленай Бучы, то вырашыла вяртацца туды, каб дапамагаць. Бо ад пачатку вайны я валянтэрыла ў Бучы ў памяшканьні рады. У мяне там засталося шмат знаёмых. Многіх я знайшла жывымі. Калі мы на вайне сядзелі разам з бучанцамі ў падвале, то гэтыя людзі зрабіліся мне вельмі блізкімі. Бо мы разам перажылі адно гора, якое аб’ядноўвае. Я напісала ў раду знаёмаму, што хачу прыехаць. Што магу капаць магілы, насіць цэглу, што заўгодна. Ён адказаў, што будзе рады майму прыезду. Мяне сябры адгаворвалі ехаць у Бучу — маўляў, там міны паўсюль, небясьпечна. Але цяпер у мяне мозг стаў працаваць абсалютна па-іншаму. Я сабраная, загартаваная, ніякай панікі ў мяне няма», — кажа беларуска.

Яна дадае, што ўдзячная лёсу за тое, што трапіла менавіта сюды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Машыну зь дзецьмі расейцы проста расстралялі». Як беларусы выбіраліся з Бучы, дзе «проста пекла»

«Пасьля жахаў акупацыі людзі разгубленыя, дэзарыентаваныя, у страшным стрэсе»

Карына прыехала ў Бучу 7 красавіка — празь месяц пасьля эвакуацыі адсюль. Кватэра, дзе яна раней жыла, засталася цэлай. Каля пад’езду дзяўчына сустрэла суседку, якая і аддала ёй ключы. Пайшла ў раду, пачала зноў дапамагаць людзям.

«Людзі пасьля тых жахаў акупацыі, страт блізкіх людзей моцна разгубленыя, дэзарыентаваныя, яны ня ведаюць, куды ісьці, што рабіць. Мы рабілі сьпісы людзей, рэгістравалі іх, я выслухала сотні страшных гісторый. Людзі шукалі сваіх блізкіх — як жывых, так і забітых. Я пачала там каардынаваць працу, бо быў, папраўдзе, хаос. Людзей пачалі выкопваць з брацкіх магіл. На сьвеце няма такога моргу, каб зьмясьціць усіх забітых тут. У раду прыходзілі людзі, казалі, што ведаюць месцы магіл, паказваюць іх. Потым зрабілі адмысловы telegram-канал, каб людзі маглі апазнаць сваіх блізкіх. Мы таксама „сядзелі“ на тым канале, потым тэлефанавалі сваякам забітых, каб паведаміць, што ў якім моргу іхны блізкі чалавек. Псыхалягічна цяжка глядзець здымкі трупаў. Але мне здаецца, мой арганізм загартаваўся. Бо калі які трэш, то я максымальна сабраная», — апавядае Карына.

Буча пасьля акупацыі, 3 красавіка 2022

Некаторыя бучанцы называлі яе «Дзяўчынка з парога». Бо яна стаяла на парозе рады і каардынавала працу. Часта Карыне даводзілася крычаць.

«Сарвала сабе голас. Бо людзі ў такім стане, што ня могуць адэкватна нешта рабіць ці рэагаваць. Напрыклад, запісвалі людзей на дапамогу ад Чырвонага Крыжа. Я клічу падысьці людзей, якія маюць нумаркі да сотні, чалавек мае 87 нумар, але ён не падыходзіць праз такую сваю разгубленасьць. Часам я жартавала, каб падняць людзям настрой. Адна жанчына сказала: „Навошта вы з нас сьмеяцеся?“. Я патлумачыла, што ў мяне два варыянты выбару — сьмяяцца ці плакаць. Калі я буду стаяць на парозе і плакаць, вы будзеце плакаць разам са мной. Мне кожнага зь іх шкада, у мяне сэрца разрываецца», — кажа беларуска.

Буча пасьля акупацыі

Яна кажа, што цяпер для валянтэрскай працы тут трэба быць псыхолягам, адэкватным, здаровым і працаздольным чалавекам.

«Дапамога бывае рознай. Прыйшоў дзядок, ён ня мае акуляраў, бо старыя пабіліся. Я папрасіла знаёмага ў Кіеве знайсьці дзядулю акуляры. Але ў старога няма тэлефона. Дапамагла яму атрымаць sim-карту, ён абяцаў знайсьці тэлефонны апарат. Я проста стараюся дапамагаць, як і чым магу», — кажа беларуска.

Цяпер яна езьдзіць у суседні Ворзэль, каб там дапамагаць, арганізоўваць і каардынаваць працу.

«Таму што ў Бучы ў мяне атрымалася — атрымаецца і ў Ворзэлі. Людзі некаторыя на мяне крыўдзяцца, бо я крычу на іх. Але я кажу: „Вы можаце думаць пра мяне і гаварыць, што вам хочацца, але будзе так, як я скажу“. Я проста хачу, каб яны як хутчэй атрымалі дапамогу!» — расказвае пра сваю працу Карына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

CNN: зьявілася новае відэа з Бучы, якое пацьвярджае, што трупы на вуліцах гораду былі пры расейскай арміі

«Расстраляць мяне зь беларускім пашпартам можа толькі СБУ!»

Яна прызнаецца, што мела праблемы празь беларускі пашпарт. У Львове дзяўчына адстаяла чаргу ў адзін рэстаран, каб пачуць: «Расейцаў і беларусаў не абслугоўваем».

«Было крыўдна, бо я якраз валянтэрыла ў Львове, а не прахалоджвалася», — кажа Карына.

У Бучы яна натрапіла на байца тэрытарыяльнай абароны, які пагражаў яе расстраляць за беларускі пашпарт.

«На блёкпасту ён выцягнуў мяне з аўтамабіля і наставіў аўтамат, бо ў мяне сіні пашпарт. Але я яму сказала, што мяне як уладальніцу беларускага пашпарта мае права расстраляць толькі СБУ — пасьля допыту. Таму сказала, каб выклікалі СБУ. Па выніку яго забрала СБУ, у кайданках. Але, апроч гэтых выпадкаў, адкрытага нэгатыву ў свой бок за тое, што я беларуска, я не адчуваю», — кажа Карына.

У Бучы і цяпер няма стабільнай мабільнай сувязі, цяпла, электрычнасьці, але Карына кажа, што яна «ўдзячная за кожную хвіліну: хоць яны і цяжкія, але бясцэнныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мэр Бучы: «Расейскія вайскоўцы забілі кожнага пятага жыхара, які застаўся ў горадзе падчас акупацыі»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.