Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Машыну зь дзецьмі расейцы проста расстралялі». Як беларусы выбіраліся з Бучы, дзе «проста пекла»


Эвакуацыя з прымесьця Кіева, 9 сакавіка 2022
Эвакуацыя з прымесьця Кіева, 9 сакавіка 2022

Гераіня публікацыі Радыё Свабода Карына Пацёмкіна змагла эвакуавацца з Бучы разам яшчэ з адным беларускім палітуцекачом Ігарам.

Беларусы, якія ўцяклі ад рэпрэсій на Радзіме, трапілі пад жахі вайны ва ўкраінскай Бучы, дзе зь першага дня ідуць баі. Там няма электрычнасьці, вады, ацяпленьня, ежы. «Там дзеці, калі ім не дапамогуць, проста памруць у падвалах!» — кажа беларуска Карына.

Яна і беларус Ігар расказалі Свабодзе пра тое, як выбраліся з занятай расейцамі Бучы.

«Тэрытарыяльная абарона развозіла хворым інсулін, а па іх стралялі снайпэры»

Абстрэлы Бучы і зь неба, і зь зямлі пачаліся ад першага дня вайны. Расейцы разбамбілі інфраструктуру гораду. У людзей не было сьвятла, мабільнай сувязі. Беларуска Карына пайшла ў мясцовую Раду і працавала там у кол-цэнтры, прымала заяўкі на дапамогу.

«Заявак было шмат. Людзям патрэбная была вада, лекі, палалі дамы... Дапамагчы было надзвычай складана. Тэрытарыяльная абарона развозіла інсулін — а па іх стралялі снайпэры. Людзі прасілі кантакты наконт гуманітарнай дапамогі. Але дарогі ў Бучу цяпер няма, як і ў Гастомель і Ворзэль. Там усё вельмі жорстка. Бо зь першага дня няма ані вады, ані сьвятла. Цяпер і ацяпленьня. Дзеці сядзяць па падвалах, яны там проста памруць без вады і ежы», — кажа дзяўчына.

«Як выжывуць бязь ежы і вады блізьняты, якім толькі па 3 месяцы?»

Карына расказвае пра мясцовага жыхара, які вырашыў вывезьці жанчыну і пяць дзяцей. Але іх аўтамабіль расстралялі.

«Усю машыну ён абклеіў надпісамі „Дзеці“ і паехаў. Спынілі расейцы, загадалі паварочваць назад. Ён павярнуў, паехаў — а яны пачалі страляць па аўто! Жанчыну цяжка параніла. Дзеці плакалі. Няма мабільнай сувязі, людзі бегалі, шукалі ёй лекара. Людзі адтуль цяпер проста ня могуць выбрацца, няма як. У нашай суседкі дзеці — блізьняты. Ім па тры месяцы ўсяго. А ў кватэры няма ані сьвятла, ані ацяпленьня. Газу таксама няма. Учора суседзі плянавалі прыдумаць у двары якую-небудзь печку з цаглін, каб хоць вады нагрэць», — кажа Карына.

«Расейцы хочуць пакінуць там выпаленую зямлю»

Раніцай 8 сакавіка яны зь Ігарам вырашылі прабірацца на Ірпень, каб адтуль эвакуавацца.

«Мы туды ледзьве дабраліся, ішлі ярам, зьверху была страляніна. Пра тое, як нас ледзьве не расстралялі — Ігар раскажа. Дабраліся да таго вядомага разьбітага мосту ля Ірпеня. Ішлі па шашы. Па ўсёй шашы — кінутыя аўто. Некаторыя спаленыя — відаць, па іх быў удар. Іншыя кінутыя, бо мост жа ўзарваны. Каля мосту дапамагаюць украінскія вайскоўцы, ратавальнікі, валянтэры. Жахліва бачыць, як пад мостам, праз раку, па кладках пераносяць ляжачых, паралізаваных, хворых на насілках, малых дзяцей. Але, паўтаруся, найбольш трагічная сытуацыя ў тых, хто ня можа выбрацца з Бучы, Гастомеля, Ворзэля. Там няма падвозу прадуктаў, лекаў. Там проста пекла. Расейцы дзейнічаюць жорстка. Яны хочуць пакінуць выпаленую зямлю, каб была проста зямля і попел на ёй. Яны не глядзяць — цывільныя гэта людзі, дзеці.Тыя, каго не заб’юць, проста памруць з голаду!» — перажывае дзяўчына.

Яна бачыла дзеяньні расейцаў у Бучы праз камэры назіраньня. «Яны разьбівалі шапікі, выносілі адтуль піва, марадэрылі, балявалі, стралялі ў мірных людзей. Толькі і чуваць было — то таго забілі, то таго», — кажа Карына.

Беларуска сьцьвярджае, што ня зьедзе цяпер з Украіны. «Няма такога, што „гэта не мая вайна“. Вайна ня можа быць вашай ці нашай. Тое, што я ўбачыла за гэтыя дні, — гэта фашызм, звычайны фашызм», — дадала дзяўчына.

«Да ракетаў і „Градаў“ прызвычайваесься»

Беларуса Ігара вайна таксама застала ў Бучы. Горад зь першага дня пад абстрэламі.

«Былі моцныя абстрэлы. Але да ракетаў і гулу прызвычайваесься. Страшна, калі баі ідуць на вуліцы. Яны лупяць, не глядзяць куды. Там і расейцы, і чачэнцы. Мы з суседзямі дзяліліся ежай, неяк выжывалі. Адчынілася крама АТБ, сказалі — бярыце хто што хоча. Пакуль мы дабраліся, нам засталося там няшмат. Ляжала гнілая гародніна, было шмат салодкага і алькаголь», — кажа Ігар.

Расейскія вайскоўцы спынілі іх падчас эвакуацыі з Бучы, калі яны з Карынай ішлі ярам.

«"Стой, страляць буду!" — чуем. Падышлі расейцы, пачалі пытацца — хто мы і што ў сумках. На выгляд ім 18–20 гадоў. Адзін нацэліў на нас аўтамат. Праверылі сумкі і параілі, каб мы чым-небудзь белым сябе абазначылі. У Карыны была белая сукенка. Мы яе нажніцамі разрэзалі на кавалкі. Пайшлі, але маглі яны і ў сьпіну стрэліць. Потым кавалкі той сукенкі раздавалі людзям, якіх сустракалі. Калі дабраліся да Ірпяня — людзі былі ў шоку, што нам удалося выбрацца з Бучы», — кажа беларус.

Ён узгадвае выпадак, калі расейцы расстралялі машыну зь дзецьмі — «Гэта ж якой трэба быць скацінай, каб так рабіць!»

Па дарозе Ігар бачыў, што засталося ад вёскі Раманаўкі.

«Яе накрыла агнём зь мінамётаў. Там куча зьнішчаных дамоў, усё згарэлае. Ішлі паўзь лес — сосны стаяць чорныя да паловы.... Што там было, можна толькі здагадвацца. А што цяпер у Бучы? Проста гуманітарная катастрофа», — кажа Ігар.

Украінскія ўлады паведамляюць, што 9 сакавіка будзе арганізаваная эвакуацыя Бучы, Гастомеля, Ворзэля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG