Мэр Бучы Анатоль Федарук у эфіры ўкраінскага тэлебачаньня таксама сказаў, што асабліва цяжкія злачынствы — гэта групавыя згвалтаваньні і забойствы дзяцей. Яны, паводле слоў Федарука, былі як у Бучы, так і ў Ворзелі (Кіеўская вобласьць).
«Мы ў Бучы падлічылі, што кожны пяты з тых, хто застаўся ў горадзе пад акупантамі, загінуў. І я асабіста, як і тысячы маіх суграмадзян, адчуваю нянавісьць да тых, хто катаваў і забіваў мірных жыхароў, — заявіў Федарук — Асабліва цяжкія злачынствы — гэта групавыя згвалтаваньні і забойствы дзяцей. Яны таксама былі і ў Бучы, і ў Ворзелі».
Да вайны ў Бучы жылі каля 36 тысяч чалавек. Раней Федарук казаў, што ў акупацыі заставалася каля 4000 чалавек. У нядзелю начальнік паліцыі Кіеўскай вобласьці паведаміў, што на эксгумацыю было адпраўлена больш за 420 цел загінулых, але агульная колькасьць загінулых вышэйшая.
Пасьля вызваленьня гораду Буча, што пад Кіевам, 2 красавіка фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах, пошук загінулых працягваецца. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
Расейскія ўлады працягваюць сьцьвярджаць, што ні да якіх масавых забойстваў расейскія вайскоўцы ня маюць дачыненьня, а шматлікія фота і відэасьведчаньні называюць пастаноўкай.