Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катавалі, гвалтавалі, расстрэльвалі. Траціну з 10 тысяч ваенных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне зарэгістравалі на Кіеўшчыне


Цела ахвяры расейскіх войскаў у Бучы пад Кіевам, 2 красавіка 2022
Цела ахвяры расейскіх войскаў у Бучы пад Кіевам, 2 красавіка 2022

Праваахоўныя органы Ўкраіны расьсьледуюць амаль 10 тысяч спраў, заведзеных па фактах злачынстваў Расеі супраць Украіны. Зь іх  амаль 6,5 тысячы спраў датычаць ваенных злачынстваў.

Свабода сабрала ключавыя факты, як Украіна і міжнародная супольнасьць расьсьледуюць ваенныя злачынствы Расеі.

У якіх фарматах расьсьледуюць злачынствы Расеі

Украіна зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці па дапамогу ў фіксацыі і расьсьледаваньні злачынстваў расейскіх вайскоўцаў. Першай адгукнулася Францыя, якая прыслала сваіх экспэртаў.

У межах агенцтва Эўразьвязу «Эўраюст» Польшча, Літва і Ўкраіна стварылі супольную сьледчую групу. Неўзабаве да яе далучацца адмыслоўцы Міжнароднага крымінальнага суду, экспэрты і сьледчыя якога ўжо наведалі Бучу, дзе праводзіцца эксгумацыя масавых пахаваньняў ахвяр расейскіх вайскоўцаў.

«Тут на кожным кроку жахлівыя доказы зьверстваў арміі Расеі на тэрыторыі Ўкраіны, і мы аб’ядноўваем намаганьні з офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суду, каб расьсьледаваць кожнае ваеннае злачынства на нашай зямлі», — заявіла генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава пасьля наведваньня Бучы.

Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава у Бучы, 13 красавіка
Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава у Бучы, 13 красавіка

Доказы зьбіраюць на месцах і онлайн

Асобна расьсьледаваньні вядуць і праваахоўныя органы Ўкраіны, каб асудзіць расейскія злачынствы і паводле нацыянальнага заканадаўства. Гэта будзе дадатковымі доказамі, якія цяпер зьбіраюць на месцах у пацярпелых населеных пунктах і онлайн.

Вядомая ўкраінская аплікацыя «Дія», створаная ў мірны час для аказаньня дзяржаўных адміністрацыйных паслуг, цяпер пашырае сваю дзейнасьць і ва ўмовах вайны. Цяпер у ёй працуе асобны чат-бот «єВорог», празь які грамадзяне могуць даслаць лічбавыя доказы злачынстваў, а таксама фатаздымкі і відэазапісы, паводле якіх можна ідэнтыфікаваць расейскіх вайскоўцаў, датычных да злачынстваў.

З ужо атрыманых ад грамадзян матэрыялаў удалося ідэнтыфікаваць першых пяць расейскіх салдатаў, датычных да злачынстваў у Бучы, Гастомелі і Ірпяні.

Найбольш злачынстваў на Кіеўшчыне

У Кіеўскай вобласьці пацьвердзілі ўжо 800 ахвяр злачынстваў, якія ўчынілі расейскія вайскоўцы цягам месяца акупацыі Бучы, Ворзеля, Гастомеля, Макарава, Барадзянкі і іншых паселішчаў рэгіёну.

«Ужо больш за 3 тысячы зарэгістравалі крымінальных злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых акупантамі на тэрыторыі Кіеўшчыны. Гэта толькі ў трох раёнах — Бучанскім, Вышгарадзкім і Браварскім. Да цяперашняга часу мы знаходзім страшэнныя знаходкі, гэта пахаваныя і схаваныя целы людзей, якіх катавалі, гвалтавалі, расстрэльвалі і якіх забілі ў часе мінамётных або артылерыйскіх абстрэлаў», — паведаміў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Кіеўскай вобласьці Андрэй Нябытаў 14 красавіка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен і высокі прадстаўнік ЭЗ па замежных справах Жазэп Бурэль падчас паездкі ў горад Буча, дзе расейскія вайскоўцы забілі вялікую колькасьць цывільных грамадзянскіх людзей. Буча, Кіеўская вобласьць, 8 красавіка 2022 году
Кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен і высокі прадстаўнік ЭЗ па замежных справах Жазэп Бурэль падчас паездкі ў горад Буча, дзе расейскія вайскоўцы забілі вялікую колькасьць цывільных грамадзянскіх людзей. Буча, Кіеўская вобласьць, 8 красавіка 2022 году

Паводле яго, усе целы агледзелі сьледчыя і накіравалі на правядзеньне судова-мэдычнай экспэртызы для вызначэньня прычыны сьмерці.

У Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны ўдакладнілі, што па фактах парушэньня законаў і звычаяў вайны (гэта артыкул Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, які адпавядае артыкулу міжнароднага гуманітарнага права. — РС) ужо зарэгістравалі амаль 6,5 тысячы крымінальных спраў.

Аналягічныя злачынствы фіксуюць таксама ў Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях Ўкраіны. Усе доказы абяцаюць перадаць у Міжнародны крымінальны суд, Эўрапейскі суд правоў чалавека і ў суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG