Многія целы праляжалі не адзін дзень, некаторыя, імаверна, некалькі тыдняў. З вызваленага гораду журналісты паказваюць наступствы расейскай акупацыі.
Мэр Бучы Анатоль Федарук паведаміў пра сотні мірных жыхароў, якія загінулі пасьля вызваленьня горада ад расейскіх вайскоўцаў. У многіх цывільных завязаныя рукі за сьпінай, у іх не было зброі. У некаторых забітых — белыя павязкі на руках. У размове з Reuters мясцовыя жыхары пацьвердзілі, што падчас акупацыі расейскімі войскамі яны былі вымушаныя насіць такія павязкі пастаянна.
Фатограф Міхаіл Палінчак апублікаваў у фэйсбуку фота, на якім пад покрывам целы людзей. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што фатаграфіі зробленыя ў Кіеўскай вобласьці, канкрэтнага населенага пункта ён не называе.
«Загінулыя мірныя жыхары на ўзбочыне ў 20 км ад Кіева, Кіеўская вобласьць, Украіна, 2 красавіка 2022 году. Адзін мужчына і 2-3 мёртвыя голыя жанчыны пад коўдрай, усіх разам спрабавалі спаліць на ўзбочыне», — напісаў фатограф.
Міністэрства абароны Расеі назвала хлусьнёй інфармацыю ўкраінцаў. «Целы на відэа нібыта адмыслова расклалі дзеля стварэньня больш драматычнай карцінкі», такім быў камэнтар расейцаў. Тое, што здымкі масавых забойстваў зьявіліся ў многіх сусьветных выданьнях, расейскае ведамства назвала «сплянаванай акцыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленая Буча: вуліцы заваленыя целамі цывільных жыхароў. «Шакаваная зьверствамі ў гарадах Украіны», — міністар замежных спраў БрытанііПрэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвінаваціў Расею ва ўчыненьні генацыду
Зяленскі абвінаваціў Расею ва ўчыненьні генацыду і спробе зьнішчыць «увесь народ» Украіны праз дзень пасьля выяўленьня масавых пахаваньняў цывільных жыхароў у Бучы — прыгарадзе Кіева, меркавана забітых расейскімі вайскоўцамі. Агенцтва «Франс прэс» цытуе яго словы, сказаныя ў эфіры амэрыканскага тэлеканалу CBS.
«Гэта генацыд. Ліквідацыя ўсёй нацыі і народа. Мы грамадзяне Ўкраіны. У нас больш за 100 нацыянальнасьцяў. Гаворка ідзе пра зьнішчэньне ўсіх гэтых нацыянальнасьцяў», — сказаў Зяленскі.
«Мы грамадзяне Ўкраіны і не жадаем падпарадкоўвацца палітыцы Расейскай Фэдэрацыі. Вось чаму нас зьнішчаюць», — сказаў Зяленскі ў эфіры CBS.
«Гэта катаваньне ўсяго народу», — дадаў ён.
Дзяржаўны сакратар ЗША Блінкен: «На кожны расейскі танк Украіна будзе мець больш за 10 нашых ПТРК»
Паводле дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена, здымкі забітых мірных жыхароў у горадзе Буча пасьля сыходу расейскіх войскаў — «удар пад дых».
«Неабходна прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, — сказаў Блінкен. — І я думаю, што самае галоўнае — тое, што мы ня можам быць абыякавымі да таго, што адбылося... Гэта — рэальнасьць, гэта адбываецца кожны дзень, пакуль працягваюцца расейскія зьверствы ў адносінах да Ўкраіны».
«Мы будзем старанна шукаць і дакумэнтаваць усё, што мы бачым. Зьбяром [факты] разам, каб гэта ўбачылі адпаведныя ўстановы і арганізацыі, у тым ліку Дзярждэпартамэнт», — сказаў ён.
Блінкен адмовіўся пацьвердзіць паведамленьні аб тым, што ЗША спрыяюць перадачы танкаў савецкай эпохі ўкраінскім сілам ад усходнеэўрапейскіх саюзьнікаў. Аднак ён сказаў, што члены альянсу NATO працягваюць пастаўляць зброю «па ўсіх напрамках».
«Ва Ўкраіне ёсьць ці хутка будзе больш за 10 ПТРК (процітанкавых ракетных комплексаў) на кожны расейскі танк», — сказаў ён.
Блінкен прыме ўдзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO 5-7 красавіка ў Брус’лі. Як заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс, падчас сустрэчы будзе абмяркоўвацца падтрымка альянсам Украіны.
Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала: «Халодная рэальнасьць ваенных злачынстваў Пуціна»
Кіраўніца Эўрапейскага парлямэнту Рабэрта Мэтсала таксама пракамэнтавала сьведчаньні аб ваенных злачынствах расейскай арміі ў гарадах Кіеўскай вобласьці, якія былі вызваленыя ад расійскай акупацыі.
Паводле Мэтсалы, яна «ўражаная» дзеяньнямі расейскіх вайскоўцаў у Бучы і іншых дэакупаваных рэгіёнах.
«Гэта халодная рэальнасьць ваенных злачынстваў Пуціна. Сьвет павінен ведаць, што адбываецца. Павінны быць уведзеныя больш жорсткія санкцыі. Злачынцы і іх камандзіры павінныя быць прыцягнутыя да адказнасьці», — заявіла кіраўніца Эўрапарлямэнту.
Дзьмітро Кулеба: дзеяньні расейцаў могуць быць кваліфікаваныя як генацыд
Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба ў камэнтары The Guardian заявіў, што Расея па сваіх злачынствах нават горшая за так званую Ісламскую дзяржаву.
«Мы разумеем, што яны забівалі мірных жыхароў, адступаючы, застаючыся там, застаючыся ў гэтым горадзе Буча, а таксама ў іншых гарадах і вёсках ключавых рэгіёнаў, але таксама адступаючы ад іх са злосьці і проста таму, што хацелі забіць. Ніякіх важкіх прычын для іх няма. Яны не былі партызанамі, не былі людзьмі, якія ім супрацьстаялі. Расея горш за Ісламскую дзяржаву, гэта дакладна», — сказаў шэф украінскага МЗС.
Ён мяркуе, што злачынствы расейскіх вайскоўцаў супраць грамадзян Украіны могуць быць перакваліфікаваныя ў генацыд.
«Зыходзячы з сабраных доказаў, яшчэ трэба высьветліць, ці будуць гэтыя злачынствы кваліфікаваныя як генацыд, але я хацеў бы даць зразумець, што з пачатку агрэсіі мы чулі ад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, што ён адмаўляе ўкраінцам у праве на тоеснасьць і ў праве мець уласную дзяржаву. Таму ў канцы збору ўсіх доказаў я не выключаю магчымасьці, што іх дзеяньні будуць прызнаныя генацыдам», — падкрэсьліў міністар замежных спраў Украіны.
Украінскі міністар патрабуе ўзмацніць санкцыі супраць Расеі, а менавіта:
- Эмбарга на нафту, газ, вугаль;
- Закрыць усе парты для расейскіх суднаў і тавараў;
- Адключыць усе расейскія банкі ад SWIFT.
Сьвятлана Ціханоўская: рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь саўдзельніцай у гэтых ваенных злачынствах
Беларускі апазыцыйны палітык Сьвятлана Ціханоўская выказалася пра тое, што людзі ўбачылі ў Бучы пасьля адыходу адтуль расейскіх войскаў.
«Я гляджу на жахлівыя фотаздымкі і відэа з Ірпяня і Бучы і не магу зразумець, як такое магчыма ў XXI стагодзьдзі. Не магу зразумець такую бесчалавечнасьць. Расейскія салдаты расстрэльвалі мірных жыхароў са зьвязанымі рукамі і проста пакідалі іх ляжаць на дарозе. А рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь саўдзельніцай у гэтых ваенных злачынствах. Многія з забітых на вуліцах украінскіх гарадоў — забітыя расейскімі войскамі з тэрыторыі Беларусі і са згоды Лукашэнкі.
Пад заваламі Мікалаеўскай абласной адміністрацыі знайшлі цела Тацяны Дзяменьнікавай, якая працавала ў эканамічным дэпартамэнце Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і ачольвала Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў „Голас Радзiмы“. Яе цела апазналі сваякі. Тацяна Дзяменьнікава любіла Беларусь і рабіла ўсё, каб разьвіваць сяброўства паміж украінцамі і беларусамі.
Нам хацелася верыць, што жахаў ІІ усясьветнай нам і нашым дзецям ужо не давядзецца перажыць, але вайна прыйшла — і проста заставацца ў баку немагчыма. Нашая агульная задача — скончыць гэты жах і сабраць усе доказы ваенных злачынстваў, каб яны не засталіся беспакаранымі».
Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль назваў падзеі ў Бучы «разьнёй»
Мішэль напісаў у Твітэры на ангельскай і ўкраінскай мовах, што яго шакавалі кадры «зьверстваў, учыненых расейскім войскам у вызваленай Кіеўскай вобласьці».
Ён паставіў у сваім твіце хэштэг #BuchaMassacre — «масакра ў Буче». Мішэль запэўніў, што Эўразьвяз дапамагае Ўкраіне і няўрадавым арганізацыям сабраць неабходныя доказы для пазоваў у міжнародных судах.
«На падыходзе далейшыя санкцыі і падтрымка ЭЗ», — адзначыў старшыня Эўрапейскай Рады.
Вялікая Брытанія ўзмацняе санкцыі і вайсковую падтрымку Ўкраіны пасьля Бучы
Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што «агідныя напады на мірных жыхароў» у Бучы і Ірпяні пад Кіевам зьяўляюцца доказам таго, што Расея рабіла ваенныя злачынствы ва Ўкраіне.
Таксама Джонсан заявіў, што Вялікая Брытанія ў адказ узмоцніць санкцыі і ваенную дапамогу, піша агенцтва Reuters.
«Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб замарыць голадам ваенную машыну Пуціна», — сказаў Джонсан у заяве ў нядзелю, 3 сакавіка. — Мы таксама пашырым наш пакет гуманітарнай дапамогі тым, хто мае патрэбу на месцах».
Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен упэўненая, што адказныя за разьню ў Бучы будуць пакараныя
«Узрушаная паведамленьнямі аб неверагодных жахах у раёнах, якія пакідае Расея. Неабходна тэрмінова правесьці незалежнае расьсьледаваньне», — напісала ў нядзелю у Твітэры старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Яна выказала ўпэўненасьць, што вінаватыя ў гэтых злачынствах будуць прыцягнуты да адказнасьці.
Дзяржаўны сакратар ЗША Блінкен заявіў, што ад здымкаў забітых ва ўкраінскай Бучы людзей займае дых
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, паводле агенцтва Reuters, заявіў, што выявы вялікай колькасьці загіблых украінцаў у горадзе Буча пасьля сыходу расейскіх войскаў былі «ударам пад дых». Гэтую заяву Блінкен зрабіў у эфіры тэлеканалу CNN ў нядзелю, 3 красавіка.
МЗС Брытаніі: шакаваныя зьверствамі расейцаў у Бучы
Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас заявіла, што агаломшаная тым, што адбываецца ва Ўкраіне.
«Я шакаваная зьверствамі ў Бучы і іншых гарадах Украіны. Паведамленьні пра напады расейскіх войскаў на ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў выклікаюць агіду. Вялікая Брытанія супрацоўнічае з іншымі, каб сабраць доказы і падтрымаць расьсьледаваньне ваенных злачынстваў Міжнародным крымінальным судом. Вінаватых прыцягнуць да адказнасьці».
Анналена Бэрбак: мы ўзмоцнім санкцыі супраць Расеі
Міністарка замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак асудзіла дзеяньні расейскіх вайскоўцаў у Бучы. Яна падкрэсьліла, што вінаватыя ў ваенных злачынствах павінны быць пакараныя.
«Фоткі з Бучы невыносныя. Нястрымны гвалт Пуціна зьнішчае нявінныя сем’і і ня ведае межаў. Вінаватыя ў гэтых ваенных злачынствах павінны быць прыцягнуты да адказнасьці. Мы ўзмоцнім санкцыі супраць Расеі і яшчэ больш падтрымаем Украіну ў яе абароне», — напісала Бэрбак.
Міністар абароны Нямеччыны заявіла, што Эўразьвяз павінен абмеркаваць поўную забарону на імпарт расейскага газу
Паводле міністаркі Крысьцін Лямбрэхт, гэта павінна стаць рэакцыяй на зьверствы расейскіх вайскоўцаў у Бучы — прыгарадзе Кіева.
«Павінная быць рэакцыя. Такія злачынствы не павінныя заставацца без адказу», — цытуе Reuters заяву Лямбрэхт грамадзкаму тэлеканалу ARD.
Літва, Латвія і Эстонія ўжо прынялі рашэньне адмовіцца ад імпарту расейскага газу.
Старшыня Эўрапейскай рады: Эўразьвяз дапамагае зьбіраць доказы злачынстваў
Шарль Мішэль заявіў, што шакаваны паведамленьнямі аб зьверствах Расеі ў Кіеўскай вобласьці, і падкрэсьліў, што Расею чакаюць новыя санкцыі.
«Я ўзрушаны ўражлівымі выявамі зьверстваў расейскай арміі на вызваленай Кіеўшчыне. ЭЗ дапамагае Ўкраіне і НДА зьбіраць неабходныя доказы для перасьледу ў міжнародных судах. Далейшыя санкцыі і падтрымка Эўразьвязу ўжо на падыходзе».
Міністэрства абароны Расеі абвергла абвінавачаньні Ўкраіны ў нападах на мірных жыхароў
У ведамстве заявілі, што кадры і фатаграфіі, на якіх бачныя трупы ў Бучы, былі «чарговай правакацыяй» Кіева. Пазьней ТАСС працытавала заяву ваеннага ведамства Расеі наконт Бучы:
«За час знаходжаньня гэтага населенага пункту пад кантролем расейскіх узброеных сіл ніводзін мясцовы жыхар не пацярпеў ад якіх-небудзь гвалтоўных дзеяньняў».
Таксама ў расейскім міністэрстве абароны заявілі, што ўвесь час, пакуль горад знаходзіўся пад кантролем расейскіх узброеных сіл, паўднёвыя ўскраіны гораду, у тым ліку жылыя кварталы, нібыта кругласутачна абстрэльваліся ўкраінскімі войскамі з буйнакалібэрнай артылерыі, танкаў і рэактыўных сыстэм залпавага агню.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.