Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызваленая Буча: вуліцы заваленыя целамі цывільных жыхароў. «Шакаваная зьверствамі ў гарадах Украіны», — міністар замежных спраў Брытаніі


Адна з вуліц Бучы пасьля баёў
Адна з вуліц Бучы пасьля баёў

Мэр Бучы Кіеўскай вобласьці паведаміў пра сотні мірных жыхароў, якія загінулі пасьля вызваленьня горада ад расейскіх вайскоўцаў. Пра гэта ён сказаў у камэнтары для AFP.

Як паведаміў Анатоль Федарук, вуліцы Бучы літаральна «заваленыя трупамі», 280 жыхароў ужо пахавалі ў брацкіх магілах. Паведамляецца, што ўсе загінулыя былі ў цывільным, некаторыя ляжалі на ходніках, некаторыя знаходзіліся каля аўтамабіля або ровара. Многія целы праляжалі не адзін дзень, некаторыя, імаверна, некалькі тыдняў.

У многіх цывільных завязаныя рукі за сьпінай, у іх не было зброі. Журналісты France Press і Reuters на адной з вуліц Бучы ўбачылі каля 20 целаў людзей у цывільным. У некаторіх забітых белыя павязкі на руках. У размове з Reuters мясцовыя жыхары пацьвердзілі, што падчас акупацыі расейскімі войскамі яны былі вымушаныя насіць такія павязкі пастаянна.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Целы забітых на вуліцах Бучы
Целы забітых на вуліцах Бучы
Жанчына плача каля свайго дому
Жанчына плача каля свайго дому

Фатограф Міхаіл Палінчак апублікаваў у фэйсбуку фота, на якім пад покрывам целы людзей. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што фатаграфіі зробленыя ў Кіеўскай вобласьці, канкрэтнага населенага пункта ён не называе.

«Загінулыя мірныя жыхары на ўзбочыне ў 20 км ад Кіева, Кіеўская вобласьць, Украіна, 2 красавіка 2022 году. Адзін мужчына і 2-3 мёртвыя голыя жанчыны пад коўдрай, усіх разам спрабавалі спаліць на ўзбочыне», — напісаў фатограф.

Напярэдадні ўкраінскія войскі вызвалілі ўсю Кіеўскую вобласьць, у тым ліку Бучу, Гастомель і Ірпень, якія зазналі найбольшых абстрэлаў і сталі сьведкамі марадэрстваў і расстрэлаў цывільных жыхароў.

Міністэрства абароны Расеі назвала хлусьнёй інфармацыю ўкраінцаў. «Целы на відэа нібыта адмыслова расклалі дзеля стварэньня больш драматычнай карцінкі», такім быў камэнтар расейцаў. Тое, што здымкі масавых забойстваў зьявіліся ўва многіх сусьветных выданьняў, расейскае ведамства назвала «сплянаванай акцыяй».

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Вуліцы Бучы пасьля вызваленьня. Многія целы забітых праляжалі тут шмат дзён
Вуліцы Бучы пасьля вызваленьня. Многія целы забітых праляжалі тут шмат дзён
Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс. Націсьніце, калі ўпэўненыя, што хочаце яго пабачыць.
Вуліцы Бучы пасьля вызваленьня. Многія целы забітых праляжалі тут шмат дзён

Рэакцыя Вялікай Брытаніі

Міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас заявіла, што агаломшаная тым, што адбываецца ва Ўкраіне.

«Я шакаваная зьверствамі ў Бучы і іншых гарадах Украіны. Паведамленьні пра напады расейскіх войскаў на ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў выклікаюць агіду. Вялікая Брытанія супрацоўнічае з іншымі, каб сабраць доказы і падтрымаць расьсьледаваньне ваенных злачынстваў Міжнародным крымінальным судом. Вінаватых прыцягнуць да адказнасьці».

Украінскія СМІ 13 сакавіка паведамілі, што ў Бучы зьявіліся брацкія магілы. Пра пахаваньне 67 мірных жыхароў тады пісаў дырэктар Ірпеньскага гарадзкога цэнтру першаснай мэдычнай дапамогі Андрэй Ляўкоўскі.

Па словах мэра Анатоля Федарука, парэшткі людзей па-ранейшаму ляжаць на вуліцах, бо сапэры ў горадзе яшчэ ня скончылі сваю працу, прыбраць трупы можна толькі «праз тры-чатыры дні», паколькі яны могуць быць замінаваныя расейцамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG