Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвінаваціў Расею ва ўчыненьні генацыду

Брацкая магіла ў Бучы, 2 красавіка 2022 году
Брацкая магіла ў Бучы, 2 красавіка 2022 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвінаваціў Расею ва ўчыненьні генацыду і спробе зьнішчыць «увесь народ» Украіны праз дзень пасьля выяўленьня масавых пахаваньняў цывільных жыхароў у Бучы — прыгарадзе Кіева, меркавана забітых расейскімі вайскоўцамі

Агенцтва «Франс прэс» цытуе яго словы, сказаныя ў эфіры амэрыканскага тэлеканалу CBS.

«Гэта генацыд. Ліквідацыя ўсёй нацыі і народу. Мы грамадзяне Ўкраіны. У нас больш за 100 нацыянальнасьцяў. Гаворка ідзе пра зьнішчэньне ўсіх гэтых нацыянальнасьцяў», — сказаў Зяленскі.

«Мы грамадзяне Ўкраіны і не жадаем падпарадкоўвацца палітыцы Расейскай Фэдэрацыі. Вось чаму нас зьнішчаюць», — сказаў Зяленскі ў эфіры CBS.

«Гэта катаваньне ўсяго народу», — дадаў ён.

У той жа час Зяленскі падкрэсьліў, што ў яго не было іншага выбару, акрамя як адкласьці свае асабістыя пачуцьці гневу і агіды і працягваць мірны дыялёг з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

«Цяжка сказаць, як пасьля ўсяго зробленага мы можам весьці якія-небудзь перамовы з Расеяй. Гэта на асабістым узроўні, але як прэзыдэнт я павінен гэта рабіць», — сказаў ён.

Аднак любыя перамовы будуць залежаць ад спыненьня агню.

«Я нават не магу сустрэцца, калі ідуць абстрэлы. Таму спачатку спыненьне агню. Потым мы можам сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі», — сказаў Зяленскі.

«У той момант, калі прыйдзе канец вайне, і пасьля таго, як мы разам абмяркуем гарантыі бясьпекі і нэўтральны пазаблокавы статус, але пры захаваньні нашага сувэрэнітэту — моцная армія», — сказаў прэзыдэнт.

У нядзелю дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Вашынгтон працягне падтрымліваць Украіну, але не прапанаваў гарантыяў бясьпекі.

Зяленскі сказаў, што яго краіна ўдзячная за падтрымку ЗША, але што да гарантыяў, то «мы іх яшчэ ні ад каго не атрымлівалі».

Ён сказаў, што ня можа зразумець, як прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у забойствах цывільнага насельніцтва.

«Я ня ведаю, які закон і які тэрмін зьняволеньня будзе адэкватны для гэтага. Як бацька дваіх дзяцей і як прэзыдэнт, я лічу, што гэтыя людзі, калі іх саджаць за краты, гэта занадта мала для таго, што яны зрабілі» — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Зяленскі таксама заклікаў да поўнага вываду расейскіх войскаў з Украіны «да сваіх межаў, якія існавалі прынамсі да 24 лютага».

«Гэта прымусіла б нас пачаць абмяркоўваць іншыя пытаньні пра дэакупацыю, пра тое, як мы будзем жыць пасьля гэтага», — дадаў ён.

​
XS
SM
MD
LG