Зяленскі: «Расея дэпартуе тысячы ўкраінцаў, як гэта рабілі нацысты ў акупаваных краінах»

Уладзімір Зяленскі, Кіеў, 29 сакавіка 2022 г.
Уладзімір Зяленскі, Кіеў, 29 сакавіка 2022 г.

«Расея мусіць адказаць за ваенныя злачынствы», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў звароце да парлямэнту Нідэрляндаў.

Уладзімір Зяленскі заклікаў Нідэрлянды і іх парлямэнт дапамагчы прыцягнуць Расею да адказнасьці за ваенныя злачынствы супраць Украіны і яе грамадзян.

«Тысячы ўкраінскіх дзяцей, дзясяткі тысяч дарослых прымусова перавезеныя на тэрыторыю акупанта. Пра лёс большасьці зь іх, мы, на жаль, нічога ня ведаем. Як іх забраць? Ці аддасьць Расея ўвогуле гэтых людзей? Для нас гэта страшэнныя пытаньні», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім выступе перад парлямэнтам Нідэрляндаў у фармаце відэасувязі.

Украінскі прэзыдэнт дадаў, што Расея «проста дэпартуе ўкраінцаў, як гэта рабілі нацысты ў акупаваных краінах». Уладзімір Зяленскі заклікаў Нідэрлянды дапамагчы прымусіць Расею да спыненьня вайны ва Ўкраіне.

«Я заклікаю вас паўплываць на міжнародныя інстытуцыі. Злачынствы расейскіх акупантаў павінны атрымаць пакараньне. Дэпартацыя, масавыя забойствы, зьнішчэньне цывільнай інфраструктуры, бамбаваньне лякарняў... Усё гэта мусіць атрымаць адказ ад дэмакратычнай супольнасьці», — падкрэсьліў ён.

Паводле ААН, у Расею нібыта ўцяклі ад вайны 271 254 грамадзян Украіны, а ў Беларусь — 9 875 украінцаў. Улады Ўкраіны заявілі аб шматлікіх фактах прымусовага вывазу ўкраінцаў на тэрыторыю Расеі і Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG