Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен: «На кожны расейскі танк Украіна будзе мець больш за 10 нашых ПТРК»

Энтані Блінкен
Энтані Блінкен

Паводле словаў дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена, здымкі забітых мірных жыхароў у горадзе Буча пасьля сыходу расейскіх войскаў, гэта — «удар пад дых».

Пра гэта піша Голас Амэрыкі.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЗША падкрэсьліў, што асобы, вінаватыя ў ваенных злачынствах, павінны быць прыцягнуты да адказнасьці.

Камэнтары Блінкена прагучалі на наступны дзень пасьля таго, як украінскія войскі ўвайшлі ў горад Буча, разьмешчаны паблізу Кіева, і, як паведамілі афіцыйныя асобы і відавочцы, выявілі целы прыблізна 300 мірных жыхароў, забітых расейскімі вайскоўцамі. Дзяржсакратар агучыў сваю пазыцыю ў нядзельным інтэрвію тэлеканалу CNN.

«Мы ня можам не разглядаць гэтыя выявы інакш як (свайго роду) удар пад дых», — сказаў Блінкен. Ён адзначыў, што, як заявіла адміністрацыя Байдэна, яна лічыць, што расейскія войскі зрабілі (ва Ўкраіне) ваенныя злачынствы і Белы дом дапамагае зьбіраць наяўныя сьведчаньні гэтых злачынстваў.

«Неабходна прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, — сказаў Блінкен. — І я думаю, што самае галоўнае — тое, што мы ня можам быць абыякавымі да таго, што адбылося... Гэта — рэальнасьць, гэта адбываецца кожны дзень, пакуль працягваюцца расейскія зьверствы ў адносінах да Ўкраіны».

Блінкен ня стаў адказваць на пытаньне, ці лічаць Злучаныя Штаты, што расейскія войскі зрабілі акт генацыду.

«Мы будзем старанна шукаць і дакумэнтаваць усё, што мы бачым. Зьбяром [факты] разам, каб гэта ўбачылі адпаведныя ўстановы і арганізацыі, у тым ліку Дзярждэпартамэнт», — сказаў ён.

У лік згаданых устаноў уваходзяць украінскія праваахоўныя органы і Міжнародны крымінальны суд, які расьсьледуе магчымыя ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавецтва ва Украіне.

Блінкен адмовіўся пацьвердзіць паведамленьні аб тым, што ЗША садзейнічаюць перадачы танкаў савецкай эпохі ўкраінскім сілам ад усходнеэўрапейскіх саюзьнікаў. Аднак ён сказаў, што члены альянсу NATO працягваюць пастаўляць зброю «па ўсіх напрамках».

«Ва Ўкраіне ёсьць ці хутка будзе больш за 10 ПТРК (процітанкавых ракетных комплексаў) на кожны расейскі танк», — сказаў ён.

Блінкен прыме ўдзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO 5-7 красавіка ў Брус’лі. Як заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс, падчас сустрэчы будзе абмяркоўвацца падтрымка альянсам Украіны.

Саюзнікі таксама разгледзяць «сумесныя намаганьні па прыцягненьню да адказнасьці прэзыдэнта РФ Пуціна і садзеяньні найхутчэйшаму спыненьню яго бессэнсоўнай і разбуральнай вайны супраць Украіны», — заявіў Прайс.

Паводле яго слоў, дзяржсакратар ЗША прыме ўдзел у сустрэчы міністраў замежных спраў G7 для дадатковых кансультацый.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG